Сёлета Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа святкуе сваё 95-годдзе. З гэтай нагоды рэдакцыя газеты «ЛіМ» задала пытанні кандыдату філалагічных навук, дацэнту, дырэктару гэтай навуковай установы Ігару Капылову.
— Ігар Лявонавіч, раскажыце, калі ласка, звычайнаму жыхару нашай краіны, чым займаецца філіял «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі...
— Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа — адна з найстарэйшых навукова-даследчых устаноў нашай краіны. Ён быў створаны 2 лістапада 1929 года рашэннем Прэзідыума Беларускай акадэміі навук на базе мовазнаўчых кафедраў і камісій, што існавалі ў структуры Інстытута беларускай культуры. Закладзеныя падчас фарміравання ўстановы традыцыі і ў наш час беражліва захоўваюцца і гарманічна спалучаюцца з навацыямі, абумоўленымі патрабаваннямі часу. Сёння Інстытут — навуковы цэнтр, у якім праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні беларускай мовы на ўсіх этапах яе развіцця. У структуры Інстытута 6 аддзелаў і 3 сектары, кожнае з падраздзяленняў займаецца сваім навуковым напрамкам.
— З якімі вынікамі ваш калектыў падышоў да юбілею?
— Адным з прыярытэтных напрамкаў з самага пачатку дзейнасці ўстановы застаецца асвятленне гісторыі нацыянальнай мовы. У манаграфіях, падрыхтаваных гісторыкамі мовы ў розныя гады, разгледжаны асаблівасці функцыянавання і развіцця старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы на працягу XIV–XVIII стст., устаноўлены змяненні, якія адбываліся ў ёй, даследавана спецыфіка лексічнага складу, асветлены пытанні ўзаемасувязей з суседнімі мовамі, адлюстраваны роля і функцыі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці нашых продкаў. Такія працы як «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» ў 2 тамах, «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Гістарычная марфалогія беларускай мовы», «Мова беларускай пісьменнасці XIV–XVIII стст.», «Мова выданняў Францыска Скарыны», «Даўнія запазычанні беларускай мовы», «Лексіка старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы XIV — сярэдзіны XVI стст.» заўсёды запатрабаваны ў сістэме вышэйшай адукацыі.
Шмат увагі надаецца даследаванню мовы асобных пісьмовых помнікаў, вывучэнню царкоўнаславянскай мовы на землях старажытнай Беларусі. Пры непасрэдным удзеле нашых вучоных былі апублікаваны «Слуцкае Евангелле», «Жыровіцкае Евангелле», «Полацкае Евангелле».
Падрыхтаваны ўнікальныя гісторыка-лінгвістычныя слоўнікі: «Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы», «Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі», «Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове». Самым значным дасягненнем з’яўляецца «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» ў 37 выпусках. Слоўнік рыхтаваўся на працягу 60 гадоў. Асабліва многа часу заняў збор матэрыялу. На жаль, большасць беларускіх пісьмовых помнікаў знаходзіцца за межамі нашай краіны. Вучоным даводзілася выязджаць у камандзіроўкі, працаваць у архівах, перапісваць матэрыял з друкаваных і рукапісных крыніц, рабіць фотаздымкі. «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» можна па праве лічыць гонарам нашай нацыі. У ім з максімальнай паўнатой адлюстроўвана багацце слоўнага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст. Слоўнік выступае надзейнай крыніцай пазнання мінулага Беларусі: праз слова можна даведацца, як жылі нашы продкі, з кім падтрымлівалі сувязі, якія былі абрады і традыцыі. Ёсць усе падставы лічыць яго праектам стагоддзя беларускай гуманітарыстыкі і адным з яе найважнейшых здабыткаў.
У сістэме духоўна-культурных каштоўнасцей беларускай нацыі традыцыйныя мясцовыя гаворкі займаюць асаблівае месца: яны служаць не толькі асновай літаратурнай мовы, але і адлюстраваннем духоўнай і матэрыяльнай культуры народа. У 1950–1960-я гады шырока разгарнуліся дыялекталагічныя даследаванні. Вучоныя Інстытута выязджалі ў розныя рэгіёны Беларусі ў экспедыцыі, сустракаліся з носьбітамі дыялектнай мовы, запісвалі іх мову. У выніку быў створаны комплекс прац па беларускай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы»; «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак»), за які вучоныя Інстытута былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Лагічным працягам лінгвагеаграфічнай працы дыялектолагаў стала падрыхтоўка і публікацыя «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» у 5 тамах, які ўяўляе сабой унікальную сістэму лінгвістычных карт. На гэтых картах адлюстравана каля 35 тысяч слоў беларускіх народных гаворак. За падрыхтоўку гэтай фундаментальнай працы калектыў выканацаў быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Нядаўна на аснове пяцітомнага выдання была апублікавана комплексная даведачна-інфармацыйная праца «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы», у якой асвятляецца роля аўтараў Атласа, апісваецца гісторыя яго стварэння, тып карт, даецца індэкс слоў.
Вынікам працы акадэмічных вучоных-дыялектолагаў стала стварэнне ўнікальных рэгіянальных і тэматычных слоўнікаў: «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» ў 5 тамах, «Тураўскі слоўнік» у 5 тамах, «Жывёльны свет», «Жывёльны свет: тэматычны слоўнік», «Раслінны свет: тэматычны слоўнік», «Чалавек: тэматычны слоўнік», «Сельская гаспадарка: тэматычны слоўнік», «Плытніцтва: тэматычны слоўнік». Рэгулярна выдаюцца зборнікі і хрэстаматыі, у якіх фіксуецца багацце народнай мовы: «З народнага слоўніка», «Народная лексіка», «Народная словатворчасць», «Жывое народнае слова», «Гавораць чарнобыльцы», «Народныя скарбы», «Дыялектныя тэксты», «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона» і інш.
Прыемна адзначыць, што актыўна ўключылася ў працу моладзь. Маладая даследчыца Ірына Галуза падрыхтавала два ўнікальныя выданні. Так, амаль стагоддзе ў архівах захоўваўся рукапіс «Расейска-беларускага слоўніка» А. В. Ярушэвіча. Перакладны слоўнік рыхтаваўся аўтарам на базе сярэднебеларускіх гаворак, якія сталі асновай беларускай літаратурнай мовы. Слоўнік цікавы і як гістарычны дакумент, бо дазволіць даследчыкам адказаць на шматлікія пытанні, звязаныя са слоўнікавай працай часу станаўлення нацыянальнай лінгвістыкі. Важкім здабыткам нацыянальнага мовазнаўства сталі апублікаваныя І. Галуза ў максімальна поўным аб’ёме архіўныя матэрыялы беларускага мастака, гісторыка, астранома, пісьменніка, этнографа, педагога, краязнаўцы, аднаго з аўтараў матэрыялаў для слоўніка жывой беларускай мовы, Я. Н. Драздовіча («Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы»).
Дзякуючы працы ў архівах Санкт-Пецярбурга, удалося рэалізаваць вельмі цікавы праект «Моўная спадчына беларусаў другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стст. у архівах С.-Пецярбурга: каталагізацыя і лексікалагічнае апісанне». У выніку шырокай грамадскасці будуць даступны матэрыялы, якія больш за стагоддзе ляжалі ў расійскіх архівах: рукапісныя моўныя матэрыялы А. Сержпутоўскага, М. Нікіфароўскага, беларускі слоўнік С. Мядзведскага.
Упершыню ў нацыянальнай дыялектнай тэкстаграфіі падрыхтавана спецыяльнае акадэмічнае выданне тэкстаў тэматычнай накіраванасці «Вайна — трагедыя і памяць. Расказваюць сведкі падзей», у якім пераважную частку запісаў складаюць успаміны сведак трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.
У сучасных умовах глабалізацыі, інтэнсіўнага тэхналагічнага прагрэсу адбываюцца істотныя змены ў грамадстве, сур’ёзна змяняецца традыцыйны лінгвістычны ландшафт, найперш сельскі. У сувязі са старэннем сельскага насельніцтва і міграцыйнымі працэсамі гаворкі ў значнай ступені трансфармаваліся і знаходзяцца на стадыі знікнення. Адпаведна стаіць важная задача — паспець максімальна поўна сабраць, сістэматызаваць і даследаваць дыялектную мову. Акрамя таго, неабходна сістэматызаваць матэрыялы ўсіх іншых дыялектных крыніц, што знойдзе сваё адлюстраванне ў «Зводным слоўніку беларускіх народных гаворак».
Інстытут з’яўляецца навуковым цэнтрам, у якім вядзецца работа па кадыфікацыі норм беларускай літаратурнай мовы ў слоўніках, граматыках, даведніках. Вялікую ролю ў стабілізацыі літаратурных норм беларускай мовы адыграла выданне «Граматыкі беларускай мовы», «Беларускай граматыкі», «Слоўніка беларускай мовы», граматычных слоўнікаў.
У беларускім мовазнаўстве пачалі распрацоўвацца новыя напрамкі — неалогія і неаграфія. Гэта напрамкі, звязаныя з вывучэннем новых слоў, што з’яўляюцца ў мове, і стварэннем адпаведных слоўнікаў. Вучонымі створаны «Слоўнік новых слоў беларускай мовы», «Беларуска-рускі тлумачальны слоўнік новых слоў і новых значэнняў слоў», «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы», у якіх прадстаўлена лексіка, што з’явілася на пачатку ХХІ ст. і актыўна выкарыстоўваецца ў перыядычным друку і тэкстах, змешчаных у інтэрнэце.
Прыярытэтнымі напрамкамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з’яўляюцца супастаўляльныя даследаванні беларускай і рускай моў, накіраваныя на забеспячэнне прынцыпаў сучаснай моўнай і адукацыйнай практыкі ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя. Вынікам такіх даследаванняў сталі манаграфіі «Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Словообразование», «Русский язык в Белоруссии», «Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Морфология», «Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси», першы ў гісторыі лексікаграфічнай практыкі Беларусі «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік».
Асобнай увагі заслугоўвае «Русско-белорусский системный семантический словарь» у 2 тамах, у якім знайшло адлюстраванне супастаўляльнае вывучэнне лексіка-семантычных сістэм блізкароднасных беларускай і рускай моў. Гэта новы тып двухмоўнай лексікаграфічнай працы ў беларускай лінгвістычнай навуцы, якая не мае аналагаў не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах СНД. Выданне з’яўляецца першым айчынным вопытам складання двухмоўнага слоўніка супастаўляльнага тыпу. Навуковы калектыў адзначаны Міждзяржаўнай прэміяй «Зоркі Садружнасці» — галоўнай гуманітарнай прэміяй СНД за 2023 год — у намінацыі «За вялікі ўклад і дасягненні ў галіне навукі і адукацыі».
З мэтай забеспячэння патрэб школьнага навучання і сучаснай моўнай практыкі падрыхтаваны комплекс лексікаграфічных і даведачных выданняў: перакладныя слоўнікі («Современный русско-белорусский словарь для школьников», «Современный русско-белорусский словарь», «Беларуска-рускі слоўнік» і інш.); арфаграфічныя слоўнікі і даведнікі па сучаснай беларускай мове («Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы», даведнік па беларускай арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі «Пішам па-беларуску: даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі. Дапаможнік для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання», «Сучасная беларуская арфаграфія. Правілы. Каментарыі. Слоўнікавыя дадаткі»), разнастайныя слоўнікі і дапаможнікі для пачатковай і сярэдняй школы («Словообразовательный словарь русского языка», «Словообразовательный словарь русского языка для начальной школы», «Марфемны слоўнік беларускай мовы для малодшых школьнікаў», «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы для школьнікаў малодшага ўзросту», «Словарные слова. Занимательный материал: пособие для младших школьников» (у 2 ч.) і інш.). Пералічаныя выданні маюць важнае значэнне ў справе павышэння культуры мовы падрастаючага пакалення, пераадолення лексічных памылак у маўленні школьнікаў-білінгваў, з’яўляюцца сродкам павышэння ведаў аб нацыянальнай мове і характары адрозненняў яе ад блізкароднаснай рускай як другога кампанента дзяржаўнага двухмоўя, якое вызначае сучасную моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь.
Важнай падзеяй у навуковым і культурным жыцці краіны ў свой час з’явіўся выхад у свет першага ў гісторыі беларускай лексікаграфіі «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах — 6 кнігах пад агульнай рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). У слоўніку тлумачыцца значэнне 97935 рэестравых слоў і 7120 тэрміналагічных і фразеалагічных словазлучэнняў. Зараз вядзецца работа над падрыхтоўкай новага фундаментальнага тлумачальнага слоўніка, які дазволіць максімальна поўна адлюстраваць змены, якія адбыліся ў мове на працягу ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў, выявіць лексічныя інавацыі. Арыенціровачны аб’ём новага слоўніка будзе складаць каля 250 тысяч слоў, прыкладана 15 тамоў.
Надзвычай запатрабаваныя ў грамадстве перакладныя слоўнікі «Руска-беларускі слоўнік» (1-е выданне — 1953; 12-е выданне — 2012), «Беларуска-рускі слоўнік» (1-е выданне — 1962; 4-е выданне — 2012).
З 60-х гадоў XX стагоддзя ў Інстытуце мовазнаўства актыўна развіваюцца анамастычныя даследаванні. Створаны комплекс даведнікаў, з якіх можна даведацца пра паходжанне нашых прозвішчаў і назваў населеных пунктаў, напісанне імёнаў на дзвюх дзяржаўных мовах.
Створана База даных Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа — электронная версія ўнікальнага рукапіснага архіва, сабранага навукоўцамі, выкладчыкамі, студэнтамі ў канцы 70-х — 80-х гг. ХХ ст. па ўсёй тэрыторыі Беларусі па спецыяльнай этналінгвістычнай праграме. На сённяшні дзень база ўяўляе сабой масіў дыялектнай, фальклорнай, этнаграфічнай інфармацыі (каля 26,5 тыс. адзінак) з 1610 вёсак усіх рэгіёнаў Беларусі, у якім прадстаўлены ўяўленні, вераванні, звычаі, легенды, міфалагічныя апавяданні і інш.
Развіваецца ў Інстытуце і такі ўнікальны напрамак як кітабістыка. Аб’ект яго даследвання — гэта рукапісная спадчына беларускіх татараў, якая з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай культуры і змяшчае найбагацейшы матэрыял па гісторыі беларускай мовы XVII–XX стст. Вынікам яе вывучэння стала выданне каталогаў «Рукапісы татараў Беларусі канца XVII — пачатку XX стагоддзя з дзяржаўных кнігазбораў краіны» і «Рукапісы татараў Беларусі XVIII — пачатку XXI стагоддзя з дзяржаўных і грамадскіх кнігазбораў краіны»; апублікаваны каталог найбольш каштоўных рукапісаў, што застаюцца ў прыватных кнігазборах Беларусі — «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі»; публікуюцца і даследуюцца асобныя тэксты: «З рукапіснай спадчыны татараў ВКЛ: тэксты і даследаванні», «Пісьмовая спадчына татараў Вялікага княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст».
З’яўленне новых інфармацыйных тэхналогій і камп’ютарызацыя лінгвістычнай працы садзейнічала з’яўленню новых напрамкаў у лінгвістыцы. Яшчэ ў 1966 годзе выйшла першая з серыі манаграфій В. У. Мартынава па агульнамовазнаўчай праблематыцы, прысвечаная ўзаемасувязям лінгвістыкі, семіётыкі і кібернетыкі. У агульным плане гэты напрамак трансфармаваўся ў шырокую праграму штучнага інтэлекту, звязаную з гіпотэзай магчымасці пабудовы так званага «ўніверсальнага семантычнага коду».
Падрыхтавана і выдадзена серыя канкардансаў — лексікаграфічных даведнікаў, створаных шляхам аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, у якіх у алфавітным парадку прыведзены ўсе без выключэння паказальнікі слоў (словаўжыванні) з кантэкстамі («Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя» і «Канкарданс Кандрата Крапівы»).
Актыўна ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі ў навукова-даследчую дзейнасць мовазнаўцаў.
Першым поўным акадэмічным слоўнікам, які фіксуе правілы літаратурнага вымаўлення, стаў «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы». У ім адлюстравана апісанне літаратурнага вымаўлення слоў, што бытуюць у сучаснай беларускай літаратурнай мове. Аўтарамі слоўніка была распрацавана ўнікальная метадалогія канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю. Калектыў аўтараў «Арфаэпічнага слоўніка беларускай мовы» адзначаны прэміяй «Топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.
Упершыню створаны Нацыянальны корпус тэкстаў беларускай мовы аб’ёмам 1 млрд словаўжыванняў, які ўключае тэксты беларускай мовы з XVI стагоддзя па сённяшні дзень (у яго ўваходзіць поўны корпус тэкстаў Бібліі Ф. Скарыны, корпус тэкстаў XIX стагоддзя, корпус тэкстаў ХХ стагоддзя, корпус беларускіх дыялектных тэкстаў і інш.).
У межах працы над корпусам таксама створана Граматычная база беларускай мовы на 266 000 парадыгмаў (самы вялікі слоўнік беларускай мовы на сённяшні дзень, уваходзіць у 30 найбуйнейшых слоўнікаў свету). Мае анлайн- і CD-версіі.
Корпус і граматычная база шырока і эфектыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, у вучэбна-метадычнай рабоце, у навукова-даследчай рабоце, у лексікаграфічнай практыцы, у рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці, пры вывучэнні матэматычных мадэлей мовы і далейшым стварэнні праграм аўтаматычнай апрацоўкі тэксту, у перакладазнаўстве і г. д.
Створана адзіная праграма праверкі беларускай арфаграфіі, якая мае анлайн-версію, а таксама модулі праверкі для розных праграм і аперацыйных сістэм. Выкарыстанне праграмы істотна павялічвае ўзровень пісьменнасці тэкстаў на беларускай мове.
На базе навуковых даследаванняў у галіне фанетыкі, якія праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, створаны фанетычны канвертар, што дазваляе канвертаваць словы і тэксты на беларускай мове ў міжнародную фанетычную транскрыпцыю IPA і транскрыпцыю, прынятую ў сістэме адукацыі Беларусі.
На аснове фанетычнага канвертара, Граматычнай базы беларускай мовы і нейрасетак GlowTTS і HiFiGAN створаны ўнікальны сінтэзатар беларускай мовы. Сінтэзатары маўлення звычайна выкарыстоўваюцца ў інфармацыйна-даведачных і інтэрактыўных сістэмах, для дапамогі сляпым (агучванне інфармацыі на экране), у аб’явах у транспарце, у спадарожнікавых і аўтамабільных навігатарах, у навучальным працэсе і інш.
Для практычных патрэб перакладу створаны некалькі электронных паралельных руска-беларускіх корпусаў тэкстаў (пераклады кодэксаў Рэспублікі Беларусь і корпус перакладаў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, распрацаваны сумесна з Інстытутам рускай мовы імя Вінаградава РАН). Стварэнне падобных карпусоў асабліва важнае ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя ў Рэспубліцы Беларусь.
Упершыню распрацавана і апублікавана анлайн-версія «Кітайска-беларускага і беларуска-кітайскага слоўніка» (20 тыс. слоў). Стварэнне слоўніка мае вялікае практычнае і культурнае значэнне — гэта важны крок у пашырэнні міжкультурных зносін паміж беларускім і кітайскім народамі (пераклады, вывучэнне нацыянальных моў і інш.).
На базе сайта Інстытута створаны даведачны-інфармацыйны партал «Моўная даведка», дзе змяшчаюцца адказы на пытанні чытачоў і праводзяцца анлайн-кансультацыі.
На базе Інстытута працуюць дзве камісіі: «Рэспубліканская тапанімічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і «Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». У гэтых камісіях вядзецца пастаянная работа па стандартызацыі і нармалізацыі ўласных геаграфічных назваў і тэрмінаў.
У Інстытуце праводзіцца вялікая работа ў інтарэсах органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, выдавецтваў, царквы і інш. Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццёўлены пераклад кодэксаў Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь», тэксты якіх былі адобраны экспертным саветам па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову і выстаўлены на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале; перакладзены на беларускую мову змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Па запытах натарыяльных кантор, юрыдычных кансультацый; упраўленняў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, аддзелаў ЗАГСаў, судоў, аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і іншых устаноў і арганізацый рыхтуецца больш за 3 тысячы лінгвістычных заключэнняў у год. У рамках падрыхтоўкі новай рэдакцыі «Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь» зроблены пераклад і рэдагаванне нарысаў да розных раздзелаў. На рэгулярнай аснове ажыццяўляецца пераклад з рускай мовы на беларускую і з беларускай мовы на рускую энцыклапедычных артыкулаў для Цэнтра энцыклапедычных выданняў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.
Інстытут падтрымлівае цесную сувязь з рэгіёнамі. Рэгулярна праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі, на якіх вучоныя-гуманітарыі поруч з прадстаўнікамі мясцовай творчай інтэлігенцыі і школьнікамі выступаюць з дакладамі, прысвечанымі моўным, гістарычным і культурным асаблівасцям раёна.
Супрацоўнікі Інстытута рэгулярна прымаюць удзел у мерапрыемствах, арганізаваных Беларускай праваслаўнай царквой, у працы Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы і Калегіі па рэцэнзаванні і экспертнай ацэнцы пры Выдавецкім савеце БПЦ.
Пры Інстытуце працуе Школа юнага лінгвіста, у задачы якой уваходзіць правядзенне сустрэч, адукацыйных семінараў з настаўнікамі-прадметнікамі, са школьнікамі-пераможцамі абласных алімпіяд па беларускай мове і гісторыі; штогадовых навукова-практычных семінараў для вучняў 9–11 класаў; кансультацыйная і метадычная дапамога, навуковае кансультаванне па складаных праблемах беларускай лінгвістыкі, удзел у гарадскіх порадметных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях.
— Нашым чытачам будзе цікава даведацца пра міжнародныя стасункі ў кірунку лінгвістыкі…
— Адным з вядучых напрамкаў акадэмічнага мовазнаўства з’яўляецца славістыка. У Інстытуце мовазнаўства даследуюцца беларуска-ўсходнеславянскія, сербска-харвацкія, -балгарскія, -славенскія, -чэшскія, -славацкія, -сербалужыцкія і іншыя моўныя сувязі; вядзецца работа па стварэнні перакладных іншаславянска-беларускіх слоўнікаў. Створаны першы ў гісторыі нашай краіны і Кітая «Кітайска-беларускі слоўнік. Беларуска-кітайскі слоўнік», які ўжо знайшоў шырокае выкарыстанне ў КНР.
Вучоныя інстытута прымаюць удзел у рабоце над найбуйнейшым праектам ў гісторыі сусветнай лінгвагеаграфіі — «Агульнаславянскім лінгвістычным атласам», які выконваецца вялікім міжнародным калектывам мовазнаўцаў з 12 славянскіх краін і Германіі, у якой функцыянуюць лужыцкія мовы.
Пры Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, у які ўваходзіць сёння Інстытут мовазнаўства, дзейнічае Беларускі камітэт славістаў, які праводзіць вялікую работу па каардынацыі навуковай дзейнасці ў галіне славістыкі ў НАН Беларусі і наогул у краіне, па наладжванні навуковых сувязей са славістычнымі цэнтрамі іншых краін, у першую чаргу славянскіх. Найбольш важным вынікам дзейнасці Беларускага камітэта славістаў стала падрыхтоўка і правядзенне ў 2013 годзе ў Мінску XV Міжнароднага з’езда славістаў, у якім прынялі ўдзел 523 вучоныя-славісты з 34 краін свету. Такі з’езд праводзіўся ў Беларусі ўпершыню і меў шырокі станоўчы рэзананс як у нашай краіне, так і за мяжой.
— Якія планы на 2025 год?
— 2025 год для нас будзе вельмі напружаны, паколькі ў гэты год завяршаецца пяцігадовая праграма навуковых даследаванняў і фарміруецца новая праграма. Планаў вельмі многа. Завяршаем працу над акадэмічным «Кітайска-беларускім слоўнікам», новай «Беларускай граматыкай», «Слоўнікам мовы XIX стагоддзя», «Анамастычным слоўнікма XIX стагоддзя», «Беларускім фальклорна-этналінгвістычным атласам», корпусам тэкстаў 1918–1941 гадоў. Неабходна актывізаваць работу над апошнімі тамамі «Этымалагічнага слоўніка». Спадзяюся, што будзе апублікаваны даведнік, прысвечаны праблемам фарміравання моўнай кампетэнцыі кіруючых кадраў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму. Па-ранейшаму будзем працаваць над вяртаннем рукапіснай моўнай спадчыны. Маладыя супрацоўнікі плануюць ажыццявіць праект па выкарыстанні штучнага інтэлекту ў стварэнні высокатэхналагічнай праграмы, здольнай распазнаваць старажытныя тэксты і трансфармаваць іх у электронны фармат. Працягнем працу над «Слоўнікам мовы Якуба Коласа» і «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы».
— Ігар Лявонавіч, чаму вы звязалі жыццё з беларускай мовай?
— У дзяцінстве вельмі любіў чытаць беларускія кнігі, у першую чаргу класікаў. Спрабаваў пісаць вершы і байкі. Я з дзяцінства на роднай Пастаўшчыне чуў жывую натуральную беларускую гаворку. Пастаўшчына — адметны рэгіён, які гістарычна адносіўся да Віленшчыны. Акрамя таго, гэта памежная тэрыторыя, у мове жыхароў якой адлюстраваліся вынікі міжмоўнага і міжканфесійнага кантактавання. У пастаўскіх гаворках сустракаецца слова раўгеня (хлебны квас), хітрым называюць энергічнага чалавека, у рэках ловяць вягалаў (налімаў), а ў лесе збіраюць п’яніцы (буякі). І такіх адметных слоў ужо назбіралася на цэлы слоўнік.
— З кім з класікаў беларускай літаратуры пашчасціла сустрэцца і як гэта на вас паўплывала?
— Студэнцкае жыццё на філалагічным факультэце БДУ было надзвычай цікавае і насычанае. Нам арганізоўвалі сустрэчы з народнымі пісьменнікамі Беларусі, самі хадзілі на творчыя вечары класікаў. Таму ўдалося пабачыць і паслухаць Максіма Танка, Івана Шамякіна, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Пімена Панчанку, Янку Брыля, Івана Навуменку.
— Што акрамя навуковай літаратуры чытаеце?
— Люблю перачытваць Янку Купалу і Якуба Коласа. Заўсёды адкрываю нешта новае. Здавалася б, прайшло столькі часу, а думкі, праблемы, узнятыя ў іх творах, застаюцца надзённымі і сёння. Нядаўна перачытаў Аркадзя Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка». Наколькі каларытная, багатая мова. Вельмі люблю чытаць Вячаслава Адамчыка. Адметны, індывідуальны стыль, самабытная мова. Нядаўна з вялікім задавальненнем прачытаў дзве новыя кнігі. Яны не мастацкія, але ўспрымаюцца вельмі лёгка, на адным дыханні. Аўтарства абедзвюх кніг належыць майму калегу, маладому таленавітаму вучонаму Аляксандру Бараноўскаму. У кнізе «Дзмітрый Прышчэпаў. Старонкі жыцця» адлюстраваны малавядомыя факты біяграфіі дзяржаўнага дзеяча Беларусі Д. Ф. Прышчэпава, які ў 1920-я гады зрабіў важкі ўклад у будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі. Сябраваў з Янкам Купалам, з іншымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, сам пісаў мастацкія творы і папуляры¬заваў беларускую мову ў сваіх працах. Другая кніга «Віцебшчына ў дзяржаўнатэрытарыяльным уладкаванні Савецкай Беларусі (1919–1924 гг.)», у якой на аснове архіўных дакументаў паказаны асаблівасці вяртання часткі тэрыторыі Віцебскай губерні ў склад БССР. Асабліва мяне зацікавалі матэрыялы, якія тычацца беларускай мовы і яе ролі ў працэсе захавання тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны.
Фота з асабістага архіва І. Капылова
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.