Вы тут

Тэлеканалы падрыхтавалі спецыяльныя эфіры да юбілея Алісы Фрэйндліх


Можна смела сцвярджаць, што гэту актрысу ведаюць усе. У яе фільмаграфіі — кінапрацы «Службовы раман», «Сталкер», «Саламяны капялюшык», «Жорсткі раманс», «Жаночая логіка» і многія іншыя. У кожнай артыстка па-асабліваму запамінальная і абаяльная. І сёлета народная артыстка СССР Аліса Фрэйндліх адзначыць сваё 90-годдзе. Вядома, у святочны дзень 8 снежня не абыдзецца без сустрэч з любімай артысткай на тэлеэкране.


Фота з адкрытых крыніц

Так, на «Беларусь 3» гледачоў чакае паказ мастацкай кінастужкі «Жорсткі раманс» рэжысёра Эльдара Разанава, якая, дарэчы, убачыла свет сорак гадоў таму, у 1984-м. Двухсерыйны фільм, які лічыцца адной з найлепшых экранізацый п’есы Аляксандра Астроўскага «Беспасажніца», цікава глядзець і праз гады. Бо кожны раз можаш знаходзіць у ім новыя сэнсы, адценні пачуццяў герояў і ўсведамляць, што сапраўдная класіка заўсёды па-за часам.

Натурныя здымкі кінастужкі праходзілі ў асноўным у Кастраме. Аператарам стаў Вадзім Алісаў, з якім Эльдар Разанаў раней ужо працаваў над фільмам «Вакзал для дваіх». Сама дзея разгортваецца ў правінцыйным горадзе Брахімаве. Як успамінаў пасля рэжысёр, прататыпам гэтага горада мог бы быць Яраслаўль ці Ніжні Ноўгарад. І ў пачатку цітраў мы бачым Волжскую набярэжную ў Яраслаўлі. І серыі маюць храналагічныя адрозненні: у першай мы назіраем падзеі на працягу года, а ў другой — кульмінацыю і развязку. Ролю збяднелай дваранкі Харыты Ігнацьеўны Агудалавай якраз і ўвасабляе на экране Аліса Фрэйндліх... Сам фільм пасля выхаду быў неадназначна сустрэты супольнасцю крытыкаў. Напрыклад, адным з аб’ектаў для нападак стала акцёрская ігра пачынаючай актрысы Ларысы Гузеевай, якая, на думку рэцэнзентаў, згубілася на фоне Міхалкова і Фрэйндліх. А негатыўная ацэнка кінастужкі на тэлебачанні ў 1984 годзе Зіновія Герта паставіла кропку ў сяброўстве апошняга з Разанавым. Праўда, былі і тыя, хто не згаджаўся з крытыкамі карціны. У прыватнасці, у газеце «Савецкая культура» Андрэй Чэгадаеў звярнуў увагу на тое, што звычайна абмяркоўваецца ў рэцэнзіях рэжысёрскае прачытанне літаратурнай асновы, прычым не на карысць самога рэжысёра: «Цудоўны, на мой погляд, фільм — фільм, які незвычайна тонка і глыбока раскрывае вобразную і ідэйную будову цудоўнага твора драматурга. Няма іншага фільма, на мой погляд, больш блізкага да Астроўскага, а крытыкі, якія, паводле іх меркавання, валодаюць абсалютнай ісцінай, раз’юшана накінуліся на карціну без найменшых на тое падстаў». І такое неадназначнае ўспрыманне экранізацыі класікі — як мінімум таксама адна з прычын для яе прагляду сёння. Не прапусціце кінасеанс на сацыякультурным тэлеканале.

У эфіры тэлеканала «Расія-Культура» ў нядзелю пакажуць фільм Яўгена Хрынюка «Ганна і камандор», зняты паўстагоддзя таму ў 1974 годзе. Паводле сюжэта, гераіня Алісы Фрэйндліх распавядае драматургу пра свайго мужа (Васіль Ланавой), які быў вучоным і загінуў. Мы назіраем у кадры гісторыю кахання, сямейнага жыцця, дзе ёсць месца светлым пачуццям, стратам і знаходкам. Нахлынулыя ўспаміны дапамагаюць Ганне зразумець, што «гісторыя кахання працягваецца, пакуль з дваіх закаханых хоць бы адзін жывы...» Кранальную кінагісторыю глядзіце ў дзённым эфіры.

А ўвечары прыхільнікаў творчасці артысткі чакае паказ дакументальнага фільма «Людзі і страсці Алісы Фрэйндліх». «Чым даўжэй чалавек захоўвае ў сабе дзяцінства, тым даўжэй беражэ дадзены Богам дар», — лічыць актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Аліса Фрэйндліх. У кадры тэлегледачоў чакае аповед пра яе няпростае блакаднае дзяцінства, пра бязмежны дар Вялікай Актрысы, пра сям’ю, каханне, блізкіх людзей, родныя мясціны, а таксама пра рэлігію, яе рэжысёраў жыцця, пра страты і знаходкі, увасобленыя і пакуль яшчэ не сыграныя ролі і, вядома, пра простае жаночае шчасце.

Адразу пасля гэтага можна будзе ўбачыць артыстку на экране ў спектаклі Тэатра імя Ленсавета «Утаймаванне свавольнай» па аднайменнай камедыі Шэкспіра. А значыць, нас ізноў чакае класічны сюжэт, вір пачуццяў і выдатная ігра любімых акцёраў.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Зберагчы дадзенае звыш дараванне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат