Рэгіянальныя ВНУ правядуць заключны вочны этап універсітэцкіх алімпіяд у канцы лютага. Пра гэта БелТА паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчаў.
«Рэгістрацыя на ўніверсітэцкія алімпіяды цяпер знаходзіцца ў самым разгары. На сайтах ВНУ створаны адпаведныя старонкі, формы, пасля запаўнення якіх абітурыенты лічацца зарэгістраванымі на інтэлектуальнае спаборніцтва. Рэгістрацыя праводзіцца, як і летась, у рэжыме анлайн. Далей пачынаецца непасрэдна праца прыёмных камісій з выпускнікамі, якія плануюць у гэтым навучальным годзе скарыстацца магчымасцю паступлення ў ВНУ без уступных выпрабаванняў на шэраг запатрабаваных спецыяльнасцяў. Уся актуальная інфармацыя размешчана на сайтах устаноў вышэйшай адукацыі, якія праводзяць універсітэцкія алімпіяды. Іх сёлета такая ж колькасць, як і летась — 21 рэгіянальная ВНУ», — расказаў Сяргей Пішчаў.
Адзінай даты заканчэння рэгістрацыі няма, кожная ВНУ самастойна арганізоўвае працэдуру рэгістрацыі, а таксама правядзення папярэдняга этапу алімпіяды. «Вызначальным з’яўляецца заключны этап — вочны. Ён сёлета пройдзе 22 і 23 лютага ў рэгіянальных ВНУ. Для гэтага ўдзельнікам будзе неабходна ў адпаведнасці з раскладам наведаць універсітэт і прайсці заключны этап. На праверку работ традыцыйна сыдзе каля тыдня. Мяркуем, што ў пачатку сакавіка ў ВНУ будуць агучаны вынікі правядзення заключнага этапу алімпіяд, вызначаны пераможцы-уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені, якія будуць рэкамендаваны да залічэння без уступных выпрабаванняў на выбраныя спецыяльнасці. Не змянілася і колькасць месцаў, што выдзяляюцца для паступлення дзяцей па выніках універсітэцкіх алімпіяд, — гэта да 15% ад кантрольных лічбаў прыёму на выбраную спецыяльнасць. Варта памятаць, што ўдзельнічаць у алімпіядах могуць не толькі выпускнікі з рэгіёнаў, такая магчымасць даступная ўсім незалежна ад месца навучання», — праінфармаваў прадстаўнік Мінадукацыі.
Пералік даступных для паступлення па траекторыі ўніверсітэцкіх алімпіяд спецыяльнасцяў вялікі, з ім можна азнаёміцца на сайтах і ў інфармацыйных крыніцах ВНУ. Там жа ўсё яшчэ можна прайсці працэдуру рэгістрацыі на спаборніцтва.
Прэв’ю: БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.