Вы тут

Якія меры прымаюцца, каб павысіць прэстыж сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў?


Работа па прыцягненні маладых спецыялістаў у АПК Беларусі на самай справе вядзецца без перапынку. На сустрэчы ў Полацку з працаўнікамі вёскі кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Сяло павінна ісці ў нагу з часам. Нам трэба вярнуць у вёску моладзь і далучыць яе да вырашэння інавацыйных задач, ствараць умовы для гэтага і даваць магчымасць праявіць сябе».

Працэсы мадэрнізацыі, укаранення прынцыпова новых тэхналагічных спосабаў вытворчасці, якія адбываюцца сёння ў сельскай гаспадарцы, і сапраўды патрабуюць кадраў, якія здольныя рэалізаваць маштабныя пераўтварэнні. Па словах спецыялістаў Мінсельгасхарча, сённяшняя сістэма падрыхтоўкі кадраў для прадпрыемстваў аграрнага комплексу (нагадаем, у краіне спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй рыхтуюць чатыры аграрныя ВНУ, з сярэдняй спецыяльнай — 37 каледжаў, кадры рабочых прафесій рыхтуюць 64 прафесійна-тэхнічныя каледжы) цалкам адпавядае ўсім сучасным патрабаванням і дазваляе штогод накіроўваць у АПК краіны каля шасці тысяч спецыялістаў. На месцах для павышэння прэстыжу працы і матывацыі пражывання для іх ужо шмат зроблена і шмат што робіцца. Але, згадзіцеся, нямала залежыць і ад моладзі...


Фота: БелТА

Стымул для маладых

Як у Пінскім раёне клапоцяцца пра замацаванне кадраў

Гэтаму пытанню, асабліва ў сферы сельскай гаспадаркі, на Піншчыне надаюць вялікую ўвагу. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы маюць свае праграмы матэрыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў і маладых працаўнікоў, гэтыя нормы замацоўваюць у калектыўных дагаворах. Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама дбае пра маральную падтрымку. Для моладзі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, пра іх поспехі, іх усвядомлены выбар расказваюць у адмысловай рубрыцы раённага тэлеграм-канала.

Матэрыяльная падтрымка

Як расказала карэспандэнту газеты супрацоўніца ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пінскага райвыканкама Юлія Ліннік, у гэтым годзе на работу ў сельгаспрадпрыемствы раёна прыйшло 12 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, 49 выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў аграрнага профілю і 49 маладых працаўнікоў рабочых спецыяльнасцяў.

— Мы вельмі зацікаўленыя ў замацаванні маладых кадраў, — гаворыць Юлія Анатольеўна. — У шэрагу гаспадарак асабліва адчуваецца недахоп спецыялістаў ветэрынарна-заатэхнічнага профілю. Дык вось некаторыя з сельгаспрадпрыемстваў замацавалі ў калектыўных дагаворах норму, калі пры заключэнні кантракту на пяць гадоў маладому спецыялісту выплачваецца дапамога ў памеры 200 базавых велічынь, пры наступным кантракце — ужо 300 базавых. Ёсць і іншыя формы заахвочвання. Кожная гаспадарка зыходзіць са сваіх магчымасцяў і патрэб.

А вось з жыллём стараюцца дапамагаць усім маладым працаўнікам. І яшчэ адзін нюанс падкрэсліла Юлія Ліннік: у выйгрышы застаюцца тыя, хто аддае перавагу паступленню па мэтавым наборы. Вядома, адпрацаваць пасля заканчэння ВНУ даводзіцца пяць гадоў, але выпускнік гарантавана трапіць у свой раён. «Мы маем прыклады зваротаў бацькоў, якія хацелі б пераразмеркаваць сына ці дачку, што атрымалі накіраванне вельмі далёка ад дому, часам не ў лепшую гаспадарку. Але часцей за ўсё дапамагчы не можам. Таму ёсць сэнс адразу прадумваць і ўзважваць магчымасці перспектыў працаўладкавання», — заўважыла Юлія Ліннік.

Яны ў вёсцы, і не шкадуюць

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый Бушык расказаў аб практыцы заахвочвання ў тэлеграм-канале:

— Ужо другі год у сваім «Тэлеграме» мы вядзем праект «Асобы сельскай Піншчыны». Стараемся паказаць найлепшых, прыводзім іх невялікія маналогі аб тым, як ім жывецца і працуецца ў вёсцы. Гэта служыць стымулам для іншых.

Напрыклад, Раман Вакуліч, галоўны энергетык ААТ «Ставокскае», гаворыць так: 

«Я гарадскі жыхар, па размеркаванні трапіў у сельгаспрадпрыемства. Работа мне падабаецца. Праўда, спачатку было цяжка. Калі выходзіш з ВНУ, твае веды ў асноўным тэарэтычныя, а практыка, жыццё — гэта крыху іншае. Дапамагалі старэйшыя таварышы, інфармацыю чэрпаў з інтэрнэту. Не саромеўся прасіць парады і ў вопытных электрыкаў гаспадаркі.

Паступова ўсё выраўнялася, адладзілася, набыў вопыт і практычныя веды. І вырашыў застацца ў вёсцы пасля адпрацоўкі. У нас добры калектыў, кіраўніцтва гаспадаркі клапоціцца аб маладых кадрах. Калі твае намаганні не застаюцца незаўважанымі, гэта матывуе».

Мікалай Кірэчка працуе аграномам з 22 ліпеня гэтага года ў ААТ «Ставокскае». Скончыў факультэт абароны раслін і каранціну Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Аграномія». Вучыўся па мэтавым накіраванні Пінскага раёна і прыехаў працаваць у «Ставокскае», паколькі да гэтага пабываў тут на практыцы. Ён сказаў так: 

«Мне пашанцавала на першым этапе ў тым, што маім настаўнікам стаў галоўны аграном гаспадаркі Рыгор Пяшко, спецыяліст, вядомы не толькі ў сваім раёне, але і за яго межамі — яго можна лічыць акадэмікам ад практыкі. Галоўны аграном умее ўсё растлумачыць простай мовай, шчодра дзеліцца сваімі ведамі».

Дарэчы, сёлета ў «Ставокскае» прыйшлі працаваць дзевяць маладых спецыялістаў. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Новік назваў іх цалкам перспектыўнымі і выказаў спадзяванне, што большасць з іх застануцца пасля абавязковай адпрацоўкі.

Ужо амаль тры гады начальнікам вытворчага ўчастка ААТ «Пачапава» працуе малады спецыяліст Станіслаў Байда

Хлопец — ураджэнец Пінкавічаў, спецыяльнасць агранома атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. У гаспадарку трапіў па размеркаванні. Ён кажа:

«У калектыве прынялі добра. Спачатку шмат дапамагаў галоўны аграном Аляксей Каляда. Калі хочаш дабіцца поспеху, трэба ўвесь час папаўняць багаж ведаў, чытаць спецыяльную літаратуру, сачыць за навінкамі ў сваёй галіне».

Эканаміст ААТ «Плешчыцы» Наталля Маўсіянчык расказала, чаму вырашыла звязаць лёс з сельскай гаспадаркай: 

«Нарадзілася і вырасла ў Плешчыцах. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы. Рашыла прадоўжыць іх справу. Пасля заканчэння Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа вярнулася на малую радзіму, прыйшла працаваць у гаспадарку. Планую вучыцца далей, маю жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю па сваім профілі. І дакладна ведаю, што хачу працаваць у аграрнай галіне».

Трактарыст-машыніст ААТ «Плешчыцы» Андрэй Германовіч працуе ў гаспадарцы некалькі гадоў. Вучыўся па мэтавым накіраванні, вярнуўся дадому, дзе працуе трактарыстам і яго бацька. Вясной Андрэй паказаў сябе з найлепшага боку на сяўбе траў. Нядаўна атрымаў новы трактар і сеялку. 

«Лічу, што на новай тэхніцы можна паказваць прынцыпова новы ўзровень работы. Прыемна бачыць вынікі сваёй працы, калі зелянеюць усходы, калі ўбіраецца пасеянае табой. Нікуды са сваёй вёскі не паеду», — запэўніў Андрэй.

— Гэта ўсяго некалькі прыкладаў з нашай рубрыкі, — расказаў Юрый Бушык. — І не толькі маладых такім чынам заахвочваем. Нядаўна расказалі пра ўшанаванне 80-гадовага Лявонція Андрыевіча з вёскі Хворасна. Хораша павіншавалі з юбілеем былога механізатара, кавалера ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, шэрагу медалёў. Гэта адначасова прыклад для маладых і дэманстрацыя нашых адносін да людзей працы. Пра іх памятаем, імі ганарымся.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала Пінскага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.