У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстаўка твораў з фонду НЦСМ «Цёплыя адносіны». Эмацыянальныя і насычаныя работы беларускіх і расійскіх мастакоў грэюць у халодныя зімовыя будні лепей за кубачак кавы. Асноўная тэма — цеплыня паміж людзьмі, узаемаадносіны з сабой, з іншымі, з усім светам.
Выстаўка «Цёплыя адносіны» — гэта спроба на эмацыянальным і візуальным узроўні раскрыць патрэбу чалавека ў сацыяльным узаемадзеянні, камунікацыі і яркіх эмоцыях. Работы Леаніда Шчамялёва, Алега Скавародкі, Алега Ладзісава, Мікалая Бушчыка, Ігара Кашкурэвіча і іншых жывапісцаў, скульптараў, графікаў становяцца зыходным пунктам для ўнутранага дыялогу і пошуку адказаў на цэлы шэраг пытанняў. Якія пачуцці ствараюць атмасферу камфорту, бяспекі і задавальнення? Як эмацыянальная цеплыня можа выяўляцца ў сяброўскіх, рамантычных, прафесійных і бытавых зносінах? Што стварае гэтую эмацыянальную цеплыню?
У экспазіцыі работы, якія раскрываюць галоўныя матывы цёплых адносін паміж людзьмі, чалавекам і братамі нашымі меншымі, чалавекам і прадметным светам. Фрагменты быцця, выхапленыя з кантэксту, прыадкрываюць для гледачоў таямніцы ўяўлення ці дакументальнае сведчанне жыцця.
Выстаўка займае толькі дзве залы, але гэта ніяк не ўплывае на раскрыццё абранай тэмы. Разнастайнасць стыляў, жанраў і тэхнік аб’яднана агульным настроем і яркай колеравай палітрай. Большую частку складаюць жывапісныя работы беларусіх і расійскіх мастакоў, створаныя за апошнія 40 гадоў. Віктар Альшэўскі («Дзівосная ноч на Каляды ў парку», 2008), Мікалай Казлоў (серыя «Старыя цацкі», 1990), Алесь Суша («Вячэра (Дзяды)», 1995), Людміла Тардоф-Кальмаева («Казкі на палічцы», 2010) у сваіх творах звяртаюцца да казачных матываў, чараўніцтва і таямнічасці. Усе аўтары па-рознаму ўяўляюць «цуд», таму глядач знойдзе для сябе той самы сюжэт, што надоўга застанецца ў думках. Некаторыя героі — даўно знаёмыя персанажы народных казак і сусветнай літаратуры, з іншымі наведвальнікі сустрэнуцца ўпершыню. Мастакі працуюць у змешанай тэхніцы, з-за чаго творы здаюцца яшчэ больш загадкавымі.
Бытавыя сцэны можна ўбачыць у выканані Леаніда Шчамялёва («Сяброўкі», 1987), Сяргея Рымашэўскага («Пад сталом (Двое ў горадзе)», 2010), Дзмітрыя Сурыновіча («Дзяўчынка з пеўнікам», 2016), Барыса Первунінскага («Урокі майстэрства», 1988), Нінэль Шчаснай («Вірлавокае бясонне», 1987). Спакойны настрой твораў вяртае ў дзяцінства, дзе ўтульная атмасфера хатняй гутаркі ахоўвала ад зімовай сцюжы. На першым плане — людзі, іх узаемаадносіны, пачуцці. Можна ўбачыць і сябровак, звязаных на доўгія гады адзіным лёсам, і маленькіх братоў, якія пад звычайным сталом пабудавалі свой свет, і вясёлых аднакласніц, якія разам спрабуюць плесці з саломы, і самотнага сталага мужчыну, які ў бялюткай завеі бачыць вобраз жанчыны. Такая ж адзінокая гераіня блукае па вечаровых вулачках горада на карціне Вікторыі Каваленчыкавай «Адзінота» (1999). Зламаныя лініі адлюстроўваюць унутраны стан жанчыны, а жоўта-карычневыя адценні надаюць твору настальгічны настрой.
Не абмінулі ўвагай мастакі і адносіны паміж чалавекам і жывёлай. Гэта паказана праз скульптуры Аляксандра Фінскага («Дзяўчынка з коткай», 1997), Андрэя Асташова («Лодка сяброў», 2007), Ірыны Каваленка («Кот», 2001) і інш. Сяброўства з братамі нашымі меншымі стала важнай часткай жыцця чалавека. За стагоддзі існавання людзі выбудавалі цесныя адносіны з пушыстымі кампаньёнамі.
Сапраўдным увасабленнем тэмы экспазіцыі можна лічыць твор Ларысы Захаравай «Без назвы» (2002). Невялічкая скульптуры чалавека, у якога замест сэрца адчыненыя дзверы, сімвалізуе адкрытасць і гармонію ў душы. Па стылістыцы статуя нагадвае знакамітыя фігуры Буды. Што ж, магчыма, гэта сучасны сімвал, які для многіх стане новым духоўным настаўнікам.
Выстаўка «Цёплыя адносіны» працуе да 16 лютага 2025 года.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.