Яшчэ зусім нядаўна тэмай, якую найбольш абмяркоўвалі, было саперніцтва інтэрнэту і кнігі. Кліпавае мысленне, сацыяльныя сеткі, гульні і экранізацыі — усё гэта выцясняе папяровыя выданні на перыферыю сучасных інтарэсаў, што хвалюе шматлікіх прыхільнікаў чытання. І вось новы, такі ж небясспрэчны кірунак прагрэсу — пісьменнік і штучны інтэлект.
Разумныя машыны навучыліся распазнаваць чалавечы голас, абыгрываць у шахматы знакамімых гросмайстраў, ставіць медыцынскія дыягназы. Сфера іх уплыву пашыраецца так хутка, як нястрымны тайфун захоплівае тэрыторыі. Хваляванне прайшло і ў пісьменніцкіх колах. Новыя магутныя камп’ютары даюць штуршок развіццю нейронных сетак — аднаму з напрамкаў даследаванняў у галіне штучнага інтэлекту, заснаванаму на мадэляванні біялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў чалавечых мазгах. Гэта азначае, што камп’ютары становяцца здольнымі пісаць кнігі, афармляць іх (ужо пабачылі свет такія выданні, як, дарэчы, і напісаныя ў суаўтарстве з пісьменнікамі). Няўжо творца застанецца за бортам цывілізацыі?
Прапануем разважанні на гэты конт нашых экспертаў.
— Сучаснае праграмнае забеспячэнне ШІ па ўзроўні крэатыву неканкурэнтаздольнае з чалавечым інтэлектам. Але нават сучасны ўзровень яго развіцця дае пісьменніку магутны інструмент, з’яўленне якога параўнальна з атрыманнем у свой час доступу літаратараў да персанальных камп’ютараў і інтэрнэту. ШІ дазваляе аўтаматызаваць працэсы пошуку і сістэматызацыі інфармацыі, неабходнай для стварэння літаратурнага твора, а таксама афармлення вокладкі і ілюстрацый.
На сайце СПБ мной размешчаны цыкл артыкулаў аб выкарыстанні нейрасетак Dream, Midjourney — пераважна разлічаных на англамоўных карыстальнікаў і расійскай Яндэкс — Шэдэўрум для генерацыі малюнкаў у мэтах іх выкарыстання для стварэння вокладкі, ілюстрацый і рэкламы. Самы дасканалы механізм і найвышэйшую якасць малюнкаў дае Midjourney. Шэдэўрум найболей камфортны для засваення, бо фактычна выконвае функцыю навучальнай праграмы. Dream багатая на стылі. Выявы, генерыраваныя ШІ, выцясняюць мастакоў-дызайнераў з выдавецка-паліграфічнай дзейнасці.
Выкарыстанне ChatGPT і іншых нейрасетак для генерацыі мастацкіх тэкстаў абмежавана другаснасцю, ШІ ўсяго толькі кампілюе знойдзенае ў інтэрнэце і не здольны стварыць штосьці новае. З умоўна-мастацкіх тэкстаў у найбольшай ступені атрымліваюцца песні на англійскай мове, якія не прэтэндуюць на арыгінальнасць і асэнсаванасць. На словы гэтых песень ШІ піша музыку, злучаючы фрагменты раней вядомых мелодый, генерыруе гук голасу і музычных інструментаў. Атрыманыя саўнд-трэкі складана адрозніць ад напісаных чалавекам. Хітоў сярод іх не сустракаецца. Пры праслухоўванні складваецца ўражанне накшталт «дзесьці я нешта падобнае чуў». Найлепш атрымліваецца так званая «кіслотная музыка». Да мастацтва ўвогуле і тым больш да літаратуры ў прыватнасці такая «песенная творчасць» дачынення не мае.
У сілу большай складанасці і меншай фармалізаванасці рускай і беларускай моў вынікі генерацыі на іх пакідаюць жадаць лепшага. Напрыклад, вось што выдаў ШІ на заданне перадаць «Песню аб буравесніку» М. Горкага ў вершаванай форме. Атрымалася каша, вылучаецца адзінае складнае чатырохрадкоўе:
Унізе на скалах хвалі грымяць,
Струмень па цясніне імкнецца смела,
У пене і гневе сваю сілу дораць,
Камяні рыпяць пад ціскам цела.
Што такое сучасная сапраўдная проза і паэзія? Тое, што немагчыма зблытаць з генерацыяй ШІ. Далей будзе відаць.
— Штучны інтэлект (англ. artificial intelligence; AI) у самым шырокім сэнсе — гэта інтэлект, які дэманструецца машынамі.
Шмат можна разважаць з нагоды таго, ці перасягне ён здольнасці чалавека. Думаю, што па шматлікіх параметрах — безумоўна, але замяніць пісьменніка машынай немагчыма.
Але толькі сапраўднага пісьменніка!
У машыны, у адрозненне ад чалавека, няма душы.
Каб не ўдавацца ў доўгія дыскусіі, прывяду такі прыклад.
У 30-х гадах ХIX стагоддзя, калі з’явілася фатаграфія, былі шматлікія прадказанні, што такая прафесія, як мастак, знікне. Аднак мастацтва жывапісу і фатаграфіі ідуць побач, зусім не замінаючы, наадварот, у чымсьці дапаўняючы адно аднаго. Думаю, гэтак жа будзе і з ШІ.
— У той час, калі я карпею над вобразамі сваіх герояў і шукаю незвычайныя сюжэтныя хады, амаль увесь свет паціху вывуджвае падказкі з нейрасетак і лічыць нармальным такі занятак. Прынамсі, нечаканая размова з дочкамі мяне ў гэтым пераканала. Старэйшая хваліць нейрасеткі за дапамогу з тэкстамі ў журналісцкай рабоце, другая — у вучобе на біяфаку. Далучыўся да іх і пісьменнік — калега, для якога быць з нейрасеткамі на «ты» — звычайная справа.
Гэта пацвярджаюць і расійскія пісьменнікі, якія дэманструюць вопыт сумеснага з машынай творчага супрацоўніцтва. Праўда, я пакуль не вельмі разумею юрыдычны бок гэтага пытання: за кім аўтарства? каму плаціць ганарар?
У Беларусі, на мой погляд, машынныя (чужыя) мазгі ў творчым асяроддзі пакуль не ў вялікай пашане. Хаця трапляліся кнігі, у тым ліку і дзіцячыя, аформленныя нейкім незвычайным чынам. Як быццам яркія і героі выразна намаляваны, але нешта адштурхоўвае: халодныя, занадта глянцавыя.
Для майго «замыленага» ўдзелам у журы розных міжнародных і нацыянальных конкурсаў погляду традыцыйная кніга здаецца пікам чалавечага мыслення. Куды б умяшанне штучнага інтэлекту выглядала дзікунствам, бо так шчыра, красамоўна, арыгінальна выказвае свае пачуцці чалавек. Пераконваюся ў гэтым, бо амаль усё лета і восень чытала кнігі сёлетняга шорт-ліста Нацыянальнай літаратурнай прэміі Расіі «Большая книга», будучы членам экспертнага савета чарговы раз.
Скажу, што атрымала мора эмоцый ад намініраваных на прэмію 15 твораў. Мае думкі раздзяляюць і шматлікія чытачы. Традыцыі рускай літаратуры працягваюцца ў найлепшай класічнай форме, робячы яе здабыткам сусветнай культуры. Не ведаю, якім магутным інтэлектам трэба володаць, каб, як Аляксей Варламаў, напісаць раман «Одсун», або як Глеб Шульпякоў біяграфічны раман «Бацюшкоў не хворы», або як Захар Прылепін — зборнік апавяданняў «Сабакі і іншыя людзі»…
Варта адзначыць і высокі інтэлектуальны ўзровень беларускіх літаратараў. Як прыклад, новы раман Віктара Праўдзіна «Непераможны злом», а таксама «Беларускія рубаі» Ігара Пракаповіча, што нядаўна пабачылі свет.
І ўсё ж, лічу, нейронныя сеткі зменяць жыццё пісьменніка. Сучасныя сталыя аўтары, зразумела, пакінуць творы, напісаныя сваім розумам, душой. Многія, каб стварыць іх, хадзілі ў бібліятэкі ці сябравалі з музай у пісьменніцкіх дамах творчасці.
А вось моладзь увойдзе ў смак стварэння наватвораў, бо яна схоплівае навацыі ва ўсім: у камп’ютарах, телефонах, планшэтах, павышае адукацыю бабуль ды дзядуль, якія жадаюць знайсці ў інтэрнэце часцінку свайго жыцця.
Як вядома, многае з кніжнай фантастыкі з цягам часу стала рэальнасцю. Кожны новы дзень здзіўляе адкрыццямі — адно мудрэйшае за другое. Канешне, такі козыр у руках пісьменніка, як нейрасетка, дасць вялікі, зусім іншы плён кніжнаму свету.
— Творчая супольнасць Гродзеншчыны абмяркоўвае феномен штучнага інтэлекту ўжо на працягу некалькіх гадоў. Напрыклад, на пасяджэннях створанага Гродзенскім абласным аддзяленнем СПБ грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром». На думку грамадскасці, інтэлект, безумоўна, з’яўляецца духоўнай каштоўнасцю, з дапамогай якой дасягаюцца тыя ці іншыя выгоды, у тым ліку і матэрыяльныя. Што тычыцца яго штучнага характару, які стаў вынікам навукова-тэхнічнага прагрэсу, тут няма адназначных меркаванняў. Усе «за» і «супраць» суправаджаюцца пэўнымі «але».
Так, сышоўшы са старонак фантастычных раманаў у нашу рэчаіснасць, гэтая з’ява істотна яе змяніла і працягвае гэта рабіць. Аднак усе радасці і захапленні з гэтай нагоды спалучаны з шэрагам праблем. І вырашаць іх даводзіцца нам, людзям. Мы бачым тэндэнцыі дэгуманізацыі (расчалавечвання). Многія аўтарытэтныя навукоўцы (напрыклад, доктар біялагічных навук, доктар філалагічных навук, акадэмік Таццяна Чарнігаўская) выказваюць сур’ёзную занепакоенасць здольнасцю штучнага інтэлекту да саманавучання. Гэта азначае, што рана ці позна штучны розум выйдзе з-пад кантролю чалавека. А ў гэтым няма для нас нічога добрага. Бо тады ёсць рызыка страты кантролю над ядзерным узбраеннем, над энергарэсурсамі і іншымі аб’ектамі першачарговай важнасці.
На мой погляд, лагічна разглядаць штучны інтэлект у дачыненні да Мэт устойлівага развіцця. Самае важнае — гэта кіравацца інтарэсамі народа. У Беларусі самай галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек. Ён ніколі не павінен саступаць свае пазіцыі. Тут наша краіна, думаю, магла б паказаць станоўчы прыклад усяму свету (як яна зрабіла гэта ў працэсе супрацьстаяння эпідэміі каранавіруса).
Наступленне штучнага інтэлекту таксама носіць глабальны характар. Але нельга забываць пра тое, што вобраз чалавека, матыў чалавечага жыцця з’яўляюцца асноватворнымі гуманістычнымі арыенцірамі. Толькі чалавечая існасць — падмурак для мастацтва, навукі, адукацыі. Так, мы ўжо, пачухваючы патыліцу, назіраем за тым, як нейрасеткі выдаюць творы мастацтва — жывапіс, музыку, літаратурныя тэксты. Пакуль яны яшчэ не замянілі чалавека, працуюць у яго на службе. Але дзе тая фатальная грань, за якой надыходзіць хаос?
Я згодны з грамадскасцю, якая сцвярджае, што штучнае мастацтва пазбаўлена эмпатыі, здольнасці рэфлексаваць, адчуваць, перажываць... Штучнасць дэвальвуе каштоўнасць мастацтва, падрывае яго гуманітарны характар. Мяне больш трывожыць іншае: штучны інтэлект і далейшае ўстойлівае развіццё чалавечага патэнцыялу, штучны інтэлект і бяспека, штучны інтэлект і сацыяльная справядлівасць. Мы не маем права прапусціць гэты момант — канфлікт штучнага і сапраўднага інтэлектаў. Нам не павінны затуманіць свядомасць разнастайныя імгненныя палёгкі. Менавіта сапраўдны інтэлект, самы натуральны чалавечы розум, прадказальны і больш-менш лагічны, павінен быць адзіным носьбітам здаровага сэнсу, залогам мірнага, гарманічнага існавання на планеце. Калі гутарка заходзіць пра жыццё, мір, згоду, нельга дапускаць аніякай штучнасці.
Падрыхтавала Марыя ЛІПЕНЬ
Па запрашэннні Асацыяцыі саюзаў пісьменнікаў і выдаўцоў Расіі першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах прымае ўдзел у Міжнародным літаратурным форуме ў Маскве ў рамках Міжнароднага кірмашу інтэлектуальнай літаратуры non/fictio№ 26.
Міжнародны літаратурны форум — гэта сустрэча аўтарытэтных расійскіх і замежных пісьменнікаў, выдаўцоў і культуртрэгераў. Удзельнічаюць прадстаўнікі 35 краін свету, якія абмяркоўваюць аспекты і задачы агульнакультурнай і прафесійнай дзейнасці, у тым ліку развіццё нацыянальных літаратур і індустрыі перакладаў, літаратурнае жыццё, праблемы літаратурнай адукацыі, дзейнасць пісьменніцкіх аб’яднанняў і становішча пісьменніка ў грамадстве.
У праграме — 16 панэльных дыскусій. Алена Стэльмах удзельнічае ў дыскусіі «У чаканні Гадо: пісьменнік і штучны інтэлект. Пагрозы або магчымасці?».
Марыя ЛІПЕНЬ
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат