Вы тут

Чаму кнігі з аўтографамі ўяўляюць цікавасць у прыхільнікаў чытання?


Ва ўсе часы кнігі з аўтографамі ўяўлялі найбольшую цікавасць для прыхільнікаў чытання. Той факт, што аўтар трымаў гэтае выданне ў сваіх руках і пакінуў уласнаручны подпіс, робіць экзэмпляр унікальным, выключным. Для ўладальніка аўтографа гэта памяць пра сустрэчу з пісьменнікам, напамін пра атрыманыя ўражанні і эмоцыі, што на доўгі час сагравае сэрца кнігалюба.


Віктар Арцём’еў, жнівень 2024 г. Фота Нэлі Зігулі

Віктар Арцём’еў — пісьменнік, краязнаўца, літаратуразнаўца, біёграф Аляксея Пысіна, сабраў багатую калекцыю кніг з аўтографамі і на 98-м годзе жыцця прыняў няпростае для сябе рашэнне перадаць яе ў фонд Магілёўскай абласной бібліятэкі, дзе сам калісьці працаваў загадчыкам метадычнага аддзела. Віктар Іванавіч загадзя паклапаціўся, каб захаваліся ўнікальныя кнігі з дароўнымі надпісамі вядомых расійскіх і беларускіх пісьменнікаў, крытыкаў і мовазнаўцаў і служылі на карысць чытачам, на папулярызацыю ведаў, айчыннай кнігі і роднага слова. 

Унікальную бібліятэку, у якой налічваецца каля трохсот выданняў, Віктар Арцём’еў збіраў усё жыццё. Спачатку гэта былі адзінкавыя выданні, якія ён набываў падчас сустрэч з пісьменнікамі. Адной з першых кніг з аўтографам у бібліятэцы В. Арцём’ева стала кніга літоўскага пісьменніка А. Венцлава «Избранное», дзе той у 1958 годзе пакінуў надпіс: «Тов. Артемьеву на добрую память. А. Венцлов. Могилев».

У 1958 годзе, калі Віктар Іванавіч працаваў інспектарам па бібліятэках Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры, ён прыехаў да віцебскіх бібліятэкараў абменьвацца вопытам. Зайшоў у абласную бібліятэку, дзе якраз ішла сустрэча з Іванам Шамякіным. На той час Шамякін працаваў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, быў ужо вядомым аўтарам. 

Арцём’еву падабалася творчасць Шамякіна, а першы ж прачытаны раман «Глыбокая плынь» уразіў яго так, што ён стаў пільна сачыць за выхадам новых кніг празаіка. 

А тут такая ўдача! Арцём’еў купіў дзве кніжкі апавяданняў і стаў у даўжэнную чаргу па аўтограф: па-першае, папрасіў падпісаць кнігу чытачам Магілёўскай абласной бібліятэкі, а потым сабе. Іван Пятровіч падпісаў кнігу чытачам Магілёва з абяцаннем прыехаць на сустрэчу з імі, а асабіста Віктару Іванавічу напісаў: «Арцем’еву В. I. — бібліятэкару ад пісьменніка, з удзячнасцю за прапаганду маіх кніг і з найлепшымі пажаданнямі. Іван Шамякін. Віцебск. 24.10.59». Слова сваё пісьменнік стрымаў і наведаў Магілёў чатыры ці пяць разоў, і кожны раз В. Арцём’еў сустракаўся з ім і браў новы аўтограф.

У 1977 годзе Віктар Арцём’еў па сумяшчальніцтве стаў працаваць у Магілёве карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР і запрогся ў гэты гуж амаль на дзесяць гадоў. За гэты час у Магілёве пабывала больш за сто празаікаў, паэтаў, крытыкаў, з многімі з іх завязалася шчырае сяброўства і ліставанне. 

Адным з сяброў Арцём’ева стаў вядомы беларускі пісьменнік, ураджэнец Касцюковіцкага раёна Леанід Левановіч. Сярод выданняў з аўтографамі, перададзеных у фонд Магілёўскай абласной бібліятэкі, ёсць кніга Леаніда Левановіча з пісьмом да Віктара Арцём’ева, якое той выпадкова пакінуў паміж старонак: «Дарагі Віктар Іванавіч! Дасылаю Вам „Палыновы вецер“. Як бачыце, крызіс сціснуў кнігу — яна танчэйшая, але не таннейшая за іншыя. Тэкст рамана трохі падціснулі: спужаліся, што пішу пра каханне. А які ж гэта раман, калі ў ім няма кахання? Хто яго будзе чытаць? 02.12.2009».

З дазволу Віктара Іванавіча, вядома ж, раман «Палыновы вецер» пра палітычныя падзеі 1980–1990-х гадоў, якія аказаліся лёсавызначальнымі для многіх савецкіх людзей, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пра каханне ў радыяцыйнай зоне будзе захоўвацца ў фондзе абласной бібліятэкі разам з пісьмом Леаніда Левановіча.

Вельмі паважаным чалавекам і любімым пісьменнікам для Арцём’ева быў Янка Брыль. Ён шкадаваў, што ім толькі аднойчы давялося сустрэцца, і шчыра дзякаваў лёсу, што некалькі гадоў ішло сяброўскае ліставанне. Янка Брыль пісаў: «...Хачу... шчыра падзякаваць за прыхільныя адносіны да мяне, да маёй працы ў роднай літаратуры.

Хораша бачыцца Ваша дружба з выдатным паэтам і чалавекам Аляксеем Пысіным, Вашы адносіны да яго светлай памяці.

...Дзякую за „Урокі Аляксея Пысіна“.

Прачытаў з цікавасцю, успамінаючы і яго, і другіх нашых з ім сяброў, а таксама добра думаючы пра Вашу шчырую адданасць дружбе з гэтым цудоўным чалавекам і літаратарам.

Віктар Філімонавіч (Карамазаў), які быў у мяне ўчора з Вашым падарункам, цікава, хораша расказваў пра Вашу з ім сустрэчу».

Неаднаразова В. Арцём’еў ладзіў сустрэчы народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава з магілёўскімі чытачамі. Не вельмі гаваркі, асабліва на адцягненыя тэмы, Чыгрынаў вельмі ашчадна раздаваў аўтографы, але Арцём’еву падпісаў некалькі кніг. На кнізе «Плач перапёлкі» пакінуў такі надпіс: «Дарагому Віктару Іванавічу на добрую памяць. Іван Чыгрынаў. 25.11.80 г. г. Магілёў».

Віктар Іванавіч сябраваў з вядомым паэтам і журналістам Аляксеем Пысіным больш за чвэрць стагоддзя. Нават стаў летапісцам, даследчыкам і шчырым папулярызатарам яго творчасці. На добры ўспамін аб сяброўстве ў бібліятэцы Віктара Арцём’ева засталіся 17 кніг паэта з яго ўласнаручнымі надпісамі. Дарэчы, да аўтографаў сам Пысін адносіўся з пашанай, гаварыў: «Своеасаблівым паролем узаемнай павагі і добрых пажаданняў можна лічыць аўтограф на кнізе». Пасля выхаду ў свет кожнай сваёй кнігі ён абавязкова дарыў экзэмпляр Віктару Іванавічу з аўтографам. Напрыклад, на зборніку «Пойма» пакінуў такі надпіс: «Дарагому Віктару Арцем’еву, майму даўняму сябру, шчыраму і бескарысліваму прапагандысту роднай літаратуры. А. Пысін. 03.01.1974».

Невыпадкова ў калекцыю В. Арцём’ева трапіла кніга калмыцкага пісьменніка Міхаіла Хонінава «Помнишь, земля Смоленская...», на тытульнай старонцы якой аўтар пакінуў надпіс: «Дорогому могилевскому другу Виктору Ивановичу Артемьеву с пожеланиями добра, счастья и больших успехов в его учительском труде. Сердечно, Михаил Хонинов. 30.09.1978. г. Могилев».

Міхаіл Хонінаў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вядомы ў Беларусі партызанскі камандзір Міша Чорны, які мужна змагаўся з ворагам на Клічаўшчыне, у Слаўгарадскім і Быхаўскім раёнах і за галаву якога немцы давалі 10 тысяч марак. Тут у яго з’явілася беларуская маці, якая выхадзіла яго пасля цяжкага ранення. Беларусь Хонінаў называў сваёй другой радзімай, якую апеў у паэзіі і прозе.

З Аляксеем Пысіным, які таксама прайшоў цяжкімі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны ад самага пачатку і да канца, Міхаіла Хонінава звязвала салдацкае адзінства, крэўнае сяброўства і гэтыя словы, сказаныя на адным дыханні: «И коль наступит смерти час. // Последней станет эта стычка, // Две матери запомнят нас: // мать-Беларусь и мать-калмычка».

Міхаіл Хонінаў прыязджаў у Беларусь, наведваў мясціны, дзе змагаўся з ворагам (за асабістую мужнасць двойчы быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але не атрымаў яго: калмыкі ў 1943 годзе былі рэпрэсіраваны і гвалтоўна вывезены за Урал. Пасля Вялікай Перамогі Міхаіл Хонінаў разам са сваім народам 15 гадоў жыў у высылцы і толькі ў канцы 50-х вярнуўся на этнічную радзіму). Ён неаднаразова сустракаўся з Аляксеем Пысіным, суправаджаў яго ў паездках.

У 1982 годзе беларускі пісьменнік Віктар Шымук быў у Магілёве, сустракаўся з на той час выкладчыкам Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума В. І. Арцём’евым і па-сапраўднаму быў уражаны яго калекцыяй кніг і рукапісным альбомам «Слова пра кнігу», куды свае думкі ўпісалі вядомыя пісьменнікі Беларусі: М. Чарняўскі, А. Дзеружынскі, П. Шасцерыкоў, У. Гніламедаў А. Кобец-Філімонава, М. Герчык, Я. Янішчыц, В. Карамазаў і многія іншыя. Шчырыя, хвалюючыя словы пакінуў Артур Вольскі: «Кніга — першая, моцная, нязменная на ўсё жыццё любоў мая. Колькі памятаю сябе — яшчэ з дашкольнага ўзросту — кніга заўсёды побач, як лепшы сябар. І сам пішу. Каб у людзей было як мага больш такіх сяброў».

Віктар Шымук пакінуў такі надпіс: «Кніга — гэта радасць, // Кніга — гэта сум. // Праз жыццё я ў сэрцы // Кнігу пранясу».

Канстанцін Сіманаў стаў сведкам мужнасці і небывалага гераізму абаронцаў Магілёва ў ліпені 1941 года і расказаў аб гэтым у артыкуле «Горячий день», які быў надрукаваны ў газеце «Известия». Удзел у бітве на Буйніцкім полі Сіманаў лічыў самай галоўнай падзеяй у сваім жыцці. Пасля вайны ён не раз прыязджаў у Магілёў і завяшчаў пасля смерці развеяць свой прах менавіта ў гэтых мясцінах.

У гонар Канстанціна Сіманава з 1980 года ў Магілёве праводзяцца штогадовыя Сіманаўскія чытанні, на якія прыязджалі вядомыя пісьменнікі СССР: А. Вазнясенскі, Р. Раждзественскі, Б. Ахмадуліна, а таксама сын К. Сіманава Аляксей. 21 студзеня 1990 года ён падпісаў Віктару Іванавічу Арцём’еву кнігу свайго бацькі «Живые и мёртвые» пра абарону Магілёва: «Виктору Ивановичу Артемьеву этот наследственный автограф на книге отца с благодарностью за встречу и за память».

Кніга з аўтографам — гэта памяць. Кожная з іх мае свой лёс, а аўтограф робіць яе ўнікальнай. Кнігі з аўтографамі з бібліятэкі В. І. Арцём’ева не згубяцца ў шматтысячным фондзе Магілёўскай абласной бібліятэкі, а будуць прадстаўлены персанальнай калекцыяй у краязнаўчым аддзеле і тэматычных экспазіцыях Музейнага пакоя гісторыі кнігі і бібліятэкі. Яны захаваюць памяць пра выдатнага пісьменніка і краязнаўца В. Арцём’ева, раскажуць наведвальнікам пра развіццё літаратурнага працэсу на Магілёўшчыне і ў Беларусі, пра лёсы пісьменнікаў, літаратурных твораў і іх герояў.

Галіна ДЗЯТЛАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат