Вы тут

Месца для ўласнага «Я»


Праект «Неабсяжныя інтэрпрэтацыі», які дапамагае зазірнуць ва ўнутраны свет і прааналізаваць уласныя пачуцці, эмоцыі і ўчынкі, працуе ў мемарыяльным музеі-майстэрні З. І. Азгура. У экспазіцыі — работы чатырох мастачак, дзе галоўны феномен — чалавек. Розныя падыходы і тэхнікі аб’яднаны імкненнем раскрыць патэнцыял чалавечай істоты.


Кацярына Жучэнка «Канструктар асобы», 2022 г.

Выстаўка складаецца толькі з чатырох работ — па адной ад кожнай мастачкі. На першы погляд здаецца, што гэтага не хапае для паўнавартаснага мастацкага праекта. Аднак гэта ж прымушае задумацца: а колькі твораў патрэбна? Такія невялічкія праекты даюць магчымасць цесна пазнаёміцца з кожным аўтарам і яго творам, асэнсаваць свае пачуцці і не прапусціць ніводнай работы.

Праект «Неабсяжныя інтэрпрэтацыі» спалучае мастацтва і псіхалогію. Работы, аб’яднаныя тэмай унутраных псіхалагічных працэсаў, — не проста статычныя аб’екты. Разнастайнасць выкарыстаных падыходаў па-новаму раскрывае для гледача звыклы спосаб бачыць, вывучаць, рэагаваць... Па-рознаму адчуваюцца жывапіс, відэа, аб’екты, словы. Уздзейнічаючы на розныя каналы ўспрымання (зрок, слых, дотык), мастакі запрашаюць палепшыць свой апарат пазнання свету. Аўтары прэзентуюць выстаўку як трэнажор для развіцця навыку генерыравання інтэрпрэтацый.

Інсталяцыя Кацярыны Жучэнка «Канструктар асобы» даследуе сацыяльныя межы. Кожны чалавек трапляе пад уплыў чужых праекцый, пачынаючы з бацькоўскіх спадзяванняў, заканчваючы ролямі, навязанымі грамадствам. Мастачка звяртаецца да свайго вопыту работы краўца і раскрывае тэму праз адзенне. Як вядома, па адзенні сустракаюць, таму швейная галіна — дакладная сфера. Усе этапы працы — прагназаванне модных тэндэнцый, мадэляванне, канструяванне адзення — падпарадкаваны статыстыцы і дакладным табліцам памераў. З аднаго боку, дзякуючы такой тыпізацыі ў нас амаль няма праблем з набыццём адзення, а з іншага — ёсць жа людзі, якія не ўпісваюцца ў вывераныя стандарты.

Работа Кацярыны Жучэнка прымушае задаць сабе такія пытанні: сацыяльныя межы дапамагаюць нам ці перашкаджаюць? ці патрэбна з імі змагацца? І самае галоўнае — хто канструктар маёй асобы? 

У экспазіцыі прадстаўлены міждзяржаўны стандарт тыпавых фігур для жанчын і для мужчын, выкрайкі адзення для людзей з пэўным памерам, манекен — увасабленне стандартаў прыгажосці. Мастачка запрашае гледачоў далучыцца да праекта. З дапамогай мернай стужкі і дзяржаўнага стандарту трэба вызначыць свой памер, а потым услых сказаць: «Ты жанчына/мужчына памеру...» Мастачка прапаноўвае паназіраць за ўласнымі пачуццямі, прааналізаць сваё месца ў існуючых сацыяльных межах.

Наталля Зубкова інсталяцыя «Сузалежнасць», 2022 г.

Наталля Зубкова праз твор «Сузалежнасць» (2022) раскрывае балючыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі, страту сябе і ўнутранага апірышча. Інсталяцыя складаецца з трох частак: «Задавальненне», «Клетка», «Боль», якія адлюстроўваюць стан залежнасці ў пары. Кожная частка апісвае характэрныя рысы пэўнага этапу растварэння аднаго чалавека ў іншым. Этап «Задавальненне» мяккі і ружовы. Людзям камфортна, яны адкрыты, межы сціраюцца. Другі этап «Клетка» напоўнены атмасферай холаду і адзіноцтва. Чалавек адчувае ўнутраную пустэчу, але не можа знайсці выйсце. «Боль» мастачка паказала як чорнае ядро, якое згарэла ў полымі балючага кахання.

Праект выкананы ў змешанай тэхніцы. Кожны аб’ект дапоўнены жывапісным творам-станам, якія дапамагаюць паглыбіцца ў створаную мастачкай атмасферу.

Вершы Ганны Казлоўскай надаюць выстаўцы лірычны настрой. Творца запрашае акунуцца ў свет кахання і надзеі, суму і роспачы. Стыль Ганны Казлоўскай прыцягвае ўвагу яркім паэтычным словам, незвычайным рытмам, які адгукаецца дзесьці ў глыбіні сэрца.

А всё равно верится,

Что многое изменится.

Портал из уродства

В страну любви открыт,

И там царит совсем другой колорит.

Завяршае выстаўку відэа-арт «Рэпрэзентацыі» куратара праекта Надзеі Хмыль. Калі чалавек знаходзіцца ў моцных эмацыянальных станах, яму часам цяжка распазнаць падзеі, што траўміруюць яго. Першая рэакцыя на такія знешнія абставіны — адмаўленне. І нават калі мы ўсвядомілі ўсё рацыянальна, у нас можа адсутнічаць прыняцце перамен. Мастачка паказвае складаныя псіхалагічныя працэсы праз свет фізічных рэчаў. Відэастужка з простымі візуальнымі дзеяннямі дазваляе гледачу з дапамогай бяспечных вобразаў даследаваць балючы змест. 

Разам з выстаўкай праходзяць арт-практыкі, экскурсіі, сустрэчы з творцамі. Праект можна наведаць да 14 снежня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.