Паліцыя Рэспублікі Карэя пачала расследаванне ў дачыненні да прэзідэнта краіны Юн Сок Ёля. Пра гэта заявіў дырэктар Нацыянальнага ўпраўлення расследаванняў У Чжон Су, паведаміла ТАСС. Следчыя дзеянні ў адносінах да кіраўніка дзяржавы распачаты з-за яго рашэння ўвесці ў краіне ваеннае становішча. Адзначаецца, што Юн Сок Ёля падазраюць у арганізацыі мяцяжу. «Мы ўважліва правядзём расследаванне ў адпаведнасці з законам і працэдурай», — заявіў У Чжон Су. Ён адзначыў, што сітуацыя мае «беспрэцэдэнтны характар», у сувязі з чым справа даручана аддзелу, які адказвае за бяспеку. Што ж адбываецца ў Паўднёвай Карэі?
Позна ўвечары 3 снежня прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль выступіў з экстранным зваротам. Ён аб’явіў аб увядзенні ваеннага становішча (упершыню з 1979 года) і назваў яго неабходнай мерай для абароны канстытуцыйнага парадку ад «камуністычных сіл» і пагроз, якія зыходзяць ад КНДР. Юн Сок Ёль згадаў і «антыдзяржаўныя элементы», якія, паводле яго слоў, неабходна «выкараніць». Сваё рашэнне аб увядзенні ваеннага становішча ён матываваў тым, што апазіцыя, якая складае большасць у парламенце, паралізуе работу выканаўчай улады шляхам спроб аб’яўлення імпічменту яе прадстаўнікам, у тым ліку ключавым фігурам ва ўрадзе. «Нацыянальны сход стаў прыстанішчам злачынцаў, якія паралізуюць работу заканадаўчай і адміністрацыйнай сістэм і спрабуюць зрынуць свабодную дэмакратычную сістэму, устанавіўшы парламенцкую дыктатуру», — сказаў Юн Сок Ёль. Ён таксама спаслаўся на адмову апазіцыі прыняць прапанову Кабінета міністраў па бюджэце.
Тэлеканал CNN паведамліў, што абвяшчэнне аб увядзенні ваеннага становішча выклікала шок па ўсёй краіне. Адказным за рэалізацыю надзвычайнага ўказа быў прызначаны начальнік штаба Сухапутных войскаў генерал Пак Ан Су. Ён растлумачыў дэталі: згодна з дакументам, забаранялася ўся палітычная дзейнасць (у тым ліку работа парламента), любыя мітынгі і забастоўкі. СМІ, згодна з тэкстам указа, на час дзеяння ваеннага становішча пераходзілі пад кантроль ваенных, забаранялася «распаўсюджванне фэйкавых навін, маніпуляцыя грамадскай думкай і лжывая прапаганда».
Пры гэтым паўднёвакарэйскія медыя працягвалі прамую трансляцыю з вуліц і з будынка парламента. На першых кадрах пасля ўвядзення ваеннага становішча вуліцы сталіцы выглядалі пустымі. Але неўзабаве пасля экстраннага выступлення Юн Сок Ёля каля цэнтральнага ўвахода ў Нацыянальны сход пачаў збірацца натоўп. Як паведаміла «Бі-бі-сі», пратэстоўцы скандзіравалі «Не ваеннаму становішчу», «Звергнем дыктатуру» і «Адчыніце вароты». Паміж паліцыяй, якая ахоўвала ўваход у парламент, і пратэстоўцамі час ад часу ўзнікалі сутычкі. Таксама натоўп спрабаваў не пусціць у будынак групу вайсковага спецназа. Вайскоўцы ўсё ж увайшлі ўнутр, аднак пасля галасавання пакінулі будынак.
Ваеннае становішча пратрымалася ўсяго некалькі гадзін. Дэпутатам удалося сабрацца ў зале Нацыянальнага сходу і прагаласаваць за адмену прэзідэнцкага ўказа — для гэтага па законе патрэбна простая большасць. Ваенныя, дарэчы, заявілі, што будуць выконваць загады камандавання, пакуль не адменяць ваеннае становішча. Але да раніцы прэзідэнт усё ж адмяніў свой указ, пасля чаго дэпутаты ўзнялі пытанне ўжо аб яго адстаўцы — добраахвотнай або шляхам імпічменту. Пакінуў сваю пасаду міністр абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хён. Ён падаў кіраўніку дзяржавы прашэнне аб адстаўцы, узяў на сябе адказнасць за ўвядзенне ваеннага становішча і прынёс прабачэнні суграмадзянам. Прэзідэнт прыняў адстаўку кіраўніка ваеннага ведамства.
У 2022 годзе Юн Сок Ёль з мінімальным адрывам ад свайго саперніка выйграў прэзідэнцкія выбары. Ён прадстаўляе кансерватыўную партыю «Грамадзянская сіла», а на выбары ішоў з антыкарупцыйнай праграмай. У свой час ён праславіўся выкрыццём высокапастаўленых чыноўнікаў — спачатку як грамадскі дзеяч і незалежны юрыст, потым як пракурор, пасля як генеральны пракурор. Менавіта ён дабіўся абвінаваўчых прысудаў у дачыненні да былых прэзідэнтаў краіны Лі Мён Бака (15 гадоў турмы за карупцыю) і Пак Кын Хе (20 гадоў за хабар і злоўжыванне ўладай, пасля памілаваная).
Яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі Юн Сок Ёль аказаўся фігурантам некалькіх гучных скандалаў. Ён абвінаваціў феміністак у агульнанацыянальных праблемах з нараджальнасцю. Яго самога абвінавачвалі ў палітычна матываваным пераследаванні апанентаў і спробе паўплываць на парламенцкія выбары, а таксама ў выкарыстанні... шаманскіх практык падчас дэбатаў. Нарэшце, Юн Сок Ёлю прыйшлося прасіць прабачэння за зробленыя раней заявы, у якіх ён ухваляў дзейнасць Чон Ду Хвана — ультраправага прэзідэнта Паўднёвай Карэі (1980–1988), які ўстанавіў у краіне ваенную дыктатуру. Нягледзячы на гэта, яго падтрымала і партыя «Сіла народа», і яе кансерватыўна настроеныя выбаршчыкі. «Тыя, хто галасаваў за Юна, верылі, што новы ўрад пад кіраўніцтвам Юна, будзе прытрымлівацца такіх каштоўнасцяў, як прынцыповасць, празрыстасць і эфектыўнасць», — патлумачыў «Бі-бі-сі» Дон С. Лі, дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання ва Універсітэце Сонгюнгван. Акрамя таго, кансерватыўным выбаршчыкам была блізкая «каршаковая пазіцыя» новага прэзідэнта ў дачыненні да Паўночнай Карэі.
Юн Сок Ёль стаў прэзідэнтам краіны з даволі невысокім рэйтынгам, але за два гады яго праўлення гэтыя паказчыкі дасягнулі крытычнай адзнакі. Сярод прэтэнзій да прэзідэнта Юна аказаліся і карупцыйныя, якія загубілі палітычную кар’еру многіх яго папярэднікаў. Самым гучным скандалам стала справа аб сумачцы Dіor жонкі прэзідэнта. Яна з’явілася на публіцы з гэтым аксесуарам, а на пытанне аб паходжанні сумачкі адказала, што гэта падарунак. Пры гэтым па законе чыноўнікам забаронена прымаць ад каго б там ні было дарагія падарункі.
Прэзідэнту прыйшлося прынесці публічныя прабачэнні, але гэтага было недастаткова: апаненты Юн Сок Ёля абвінавачвалі прэзідэнта ў тым, што той перашкаджае спробам правесці расследаванне ў дачыненні да яго жонкі. У парламенце нават паспрабавалі аб’явіць імпічмент членам кабінета міністраў, у першую чаргу кіраўніку дзяржаўнага аўдытарскага агенцтва, пасля таго як там не сталі праводзіць расследаванне ў дачыненні да першай лэдзі.
У Карэі фактычна дзейнічае двухпартыйная сістэма: у Нацыянальным сходзе прадстаўлены і драбнейшыя партыі, але іх уплыў мінімальны. Умоўна правая партыя, якая прытрымліваецца кансерватыўных установак, — гэта «Грамадзянская сіла», у якую Юн Сок Ёль уступіў незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Умоўна левая — Дэмакратычная партыя, якая выступае ў тым ліку за вырашэнне праблем з КНДР дыпламатычным шляхам.
У красавіку Дэмпартыя нанесла адчувальнае паражэнне «Грамадзянскай сіле» на парламенцкіх выбарах. Яна атрымала больш за 170 месцаў у Нацыянальным сходзе, а ў сукупнасці апазіцыйныя партыі занялі ў парламенце 192 крэслы. Пры гэтым у краіне ўрад меншасці — прэм’ер-міністра прызначае прэзідэнт, і яны фарміруюць кабінет міністраў.
У апошнія месяцы Юн Сок Ёль апынуўся ў незайздросным становішчы: апазіцыя (гэта значыць парламенцкая большасць) прымае законапраекты і спрабуе аб’явіць імпічмент розным міністрам, а прэзідэнт карыстаецца сваім правам вета. І робіць ён гэта, як адзначае дырэктар Інстытута карэйскіх даследаванняў Універсітэта Джорджа Вашынгтона Селеста Арынгтан, «з беспрэцэдэнтнай частатой». Да канца года сітуацыя стала патавай: прэзідэнт змагаецца з парламентам, а той не можа пераадолець вета без неабходных дзвюх трацін галасоў.
Лідар партыі «Грамадзянская сіла» Хан Дон Хун назваў абвяшчэнне прэзідэнтам ваеннага становішча памылкай і прынёс прабачэнні за дзеянні Юн Сок Ёля. Варта адзначыць, што супраць ваеннага становішча выступіў і мэр Сеула Аб Се Хун. Ён запатрабаваў адмяніць надзвычайныя меры і паабяцаў зрабіць усё магчымае для абароны гараджан.
На наступны дзень пасля таго, як рашэнне прэзідэнта аб увядзенні ваеннага становішча ў краіне было заблакіравана парламентам, апазіцыйныя дэпутаты ўнеслі законапраект аб імпічменце прэзідэнту Юн Сок Ёлю. Калі праект будзе прыняты парламентам, паўнамоцтвы і абавязкі кіраўніка дзяржавы будуць прыпынены і выконваць яго абавязкі трэба будзе прэм’ер-міністру.
Потым канчатковае рашэнне прыме Канстытуцыйны суд Карэі. Калі суд зацвердзіць імпічмент, прэзідэнт будзе адхілены і на працягу 60 дзён павінны адбыцца новыя выбары. Калі суд гэтага не зробіць, то прэзідэнт Юн Сок Ёль зможа застацца на пасадзе. Другі варыянт — добраахвотная адстаўка прэзідэнта. Тады, зноў жа, будуць прызначаны новыя выбары.
«На фоне феерычных падзей у Сеуле пацешна выглядае традыцыйная пастаноўка пытання, што шалапутны, непрадказальны авантурыст кіруе на поўначы Карэйскага паўвострава, а рэспектабельнаму суседу на поўдні даводзіцца з гэтым неяк суіснаваць», — іранізуе ў сваім тэлеграм-канале часопіс «Расія ў глабальнай палітыцы».
Як распавёў gazeta.ru прафесар паўднёвакарэйскага Універсітэта Кунмін Андрэй Ланькоў, цяперашняму прэзідэнту Паўднёвай Карэі засталося нядоўга — яму аб’явяць імпічмент і будуць судзіць: «І верагоднасць таго, што ён абыдзецца сімвалічным судовым пераследам або невялікім тэрмінам, вельмі малая. Ён здзейсніў рэч, якая выклікала абурэнне ва ўсіх. Ён змагаўся з нейкімі прывідамі ў яго ўласнай галаве. У выніку ён стварыў сабе замест уяўных праблем праблемы цалкам рэальныя — і вельмі сур’ёзныя».
На сітуацыю адрэагавала і афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава. У эфіры радыё Sputnіk яна заявіла, што падзеі ў Паўднёвай Карэі паказалі, наколькі гэтая краіна непрадказальная з пункту гледжання стабільнасці. «На мой погляд, шмат хто зразумеў, чаму КНДР так заклапочана сваёй бяспекай. Ды таму што, калі яны бачаць, што за пару гадзін краіна з заяўленай дэмакратыі можа ператварыцца ў абсалютны хаос з танкамі на вуліцах, захопамі парламента, супрацьстаяннем людзей, нейкімі сілавымі прыёмамі, — з такім суседам непрадказальным ці, наадварот, прадказальным з пункту гледжання нестабільнасці варта заняцца пытаннямі сваёй бяспекі», — сказала дыпламат. Па словах Захаравай, абстаноўка на Карэйскім паўвостраве і без таго ўскладнена правакацыйнымі дзеяннямі Злучаных Штатаў Амерыкі і іх саюзнікаў.
Як стала вядома, вынікі апытання грамадскай думкі, апублікаваныя сацыялагічным бюро Realmeter, сведчаць аб тым, што 73,6 працэнта жыхароў Паўднёвай Карэі падтрымліваюць адхіленне прэзідэнта Юн Сок Ёля ад улады з-за сітуацыі з вайсковым становішчам. Аб гэтым паведаміла ТАСС. Тут міжволі згадаецца сусветна вядомы паўднёвакарэйскі серыял «Гульня ў кальмара» з жорсткімі тэстамі на выжыванне. Як трапна адзначыў часопіс "Расія ў глабальнай палітыцы","Юн Сок Ёль можа прэтэндаваць на асаблівую намінацыю Дарвінаўскай прэміі — за самую дурную палітычную смерць".
Захар БУРАК.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.