Манумент «Дрэва жыцця» 6 снежня адкрылі ў Брэсце ў памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перадае БелТА.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школьнікі і студэнты. Для ўстаноўкі «Дрэва жыцця» ў Брэсце выбралі сквер на скрыжаванні вуліц Гогаля і Зубачова. Побач знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», які для кожнага беларуса з’яўляецца сімвалам мужнасці і барацьбы за свабоду роднай зямлі ад захопнікаў.
Падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўзняты вялікі пласт інфармацыі аб злачынствах фашыстаў і іх памагатых. Праўда апынулася жудасней гістарычных звестак, якія прыводзіліся раней. Па словах Андрэя Шведа, да гэтай тэмы звярнуліся, каб не дапусціць забыцця і скажэнні гістарычнай праўды. «Маштаб трагедыі, якую перажыла Беларусь, не мае роўных у гісторыі чалавецтва. Больш за 1,1 тыс. дзён доўжылася акупацыя. Кожны дзень тут забівалі ні ў чым не вінаватых людзей. Было знішчана поўнасцю або часткова, па нашых дадзеных на сённяшні дзень, 12 348 населеных пунктаў, праведзена 187 буйных карных аперацый, знішчана больш за 3 млн мірных грамадзян і ваеннапалонных. Намі дапытана больш за 19 тыс.яшчэ жывых сведак тых зверстваў, тых, хто перажыў жахі акупацыі, прайшоў канцлагеры, гета. Яны, як ніхто іншы, ведаюць цану Перамогі», — падкрэсліў генеральны пракурор.
Задача цяперашніх пакаленняў — захаваць гістарычную праўду і перадаць яе нашчадкам. Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры быў праведзены рэспубліканскі конкурс на стварэнне помніка, які б сімвалізаваў генацыд беларускага народа. Такія манументы з’явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. «На Брэстчыне — гэта другі помнік. Першы быў адкрыты ў Гомелі. „Дрэва жыцця“ сімвалізуе не толькі подзвіг продкаў, якія выстаялі, але і права ўсіх нас жыць», — растлумачыў Андрэй Швед.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама акцэнтаваў увагу, што з кожным годам становіцца ўсё менш сведак жахаў Вялікай Айчыннай вайны. «Абавязак кожнага з нас данесці інфармацыю аб тым, што адбывалася на тэрыторыі нашай краіны, каб захаваць памяць, перадаць дзецям, а яны — наступным пакаленням. Так павінна быць», — перакананы Пётр Пархомчык. Ён дадаў, што «Дрэва жыцця» будзе яшчэ адным напамінам для таго, каб не дапусціць паўтарэння тых страшных падзей на нашай зямлі.
Удзельнікі цырымоніі ўшанавалі памяць ахвяр вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да памятнага знака.
У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа следчай групай Генеральнай пракуратуры ўстаноўлена, што на тэрыторыі Брэсцкай вобласці знішчана больш за 870 населеных пунктаў. Ад зверстваў фашыстаў загінулі не менш за 400 тыс.мірных жыхароў. Толькі ў адным Брэсце, дзе ў даваенны перыяд жылі 69 тыс.чалавек, у пяці канцлагерах фашысты замучылі і знішчылі некалькі дзясяткаў тысяч мірнага насельніцтва. У пасляваенны час у горадзе засталося крыху больш за 14 тыс.жыхароў.
Фота: БелТА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.