У Саюзнай дзяржаве ўжо зроблена нямала, але неабходна працаваць далей і рабіць больш. Якім будзе гэты шлях у будучыню, абмеркавалі падчас пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай Дзяржавы ў Мінску. Пасяджэнне праходзіла пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі, старшыні ВДС Аляксандра Лукашэнкі.
Удзел у пасяджэнні прынялі Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін, спікеры палат парламентаў Валянціна Мацвіенка, Наталля Качанава і Ігар Сергяенка, якія ўваходзяць у склад Вышэйшага дзяржсавета.
Адкрываючы пасяджэнне ў пашыраным складзе, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што пасяджэнне праходзіць напярэдадні знакавай даты — 8 снежня адзначаецца 25-годдзе з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «Сёння можна ўпэўнена канстатаваць, што ў 1999 годзе наш разлік апынуўся дакладным: толькі ў саюзнай „двойцы“ мы найбольш поўна змаглі рэалізаваць увесь назапашаны вопыт і патэнцыял на прынцыпах узаемнага даверу і партнёрства, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
— Двухбаковыя адносіны, якія склаліся, дэманструюць магутную сілу ўзаемнага прыцягнення, якая грунтуецца на агульных мове і навукова-тэхнічнай школе, падобных ментальнасці і культурных традыцыях, нашай агульнай гісторыі. Створаны ўнікальны сусветны вопыт: „дзве краіны — дзве эканомікі — адна эканамічная прастора“. Гэты досвед правераны часам і даказаў сваю грунтоўнасць».
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску захаваны базавыя галіны эканомікі, не парушана фінансавая сістэма, беспрацоўе знаходзіцца на мінімальных значэннях, даходы і зберажэнні грамадзян упэўнена растуць. «Мы не проста вытрымалі. Мы сталі мацнейшымі», — канстатаваў беларускі лідар. У пацверджанне ён прывёў некалькі лічбаў эканамічнай статыстыкі. У параўнанні з 1999 годам значна вырас аб’ём ВУП нашых краін: у Беларусі і ў Расіі — прыкладна ў 2,5 раза. Беларуска-расійскі тавараабарот таксама паступова павялічваецца. У мінулым годзе ён дасягнуў амаль 55 млрд. долараў. А ў гэтым пры ўмове захавання бягучых тэмпаў росту краіны прыкладна на 60 млрд. долараў.
«Але неабходна задаць сабе пытанне: ці мы прадугледзелі і зрабілі, каб такі прагрэс быў пастаянным і не падвяргаўся ваганням?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, для таго, каб спраўляцца з усімі новымі выклікамі, патрэбная скаардынаваная і адказная работа ўрадаў, усіх сектараў эканомікі. «Бо ў сілу асаблівасцяў бягучай сітуацыі нам даводзіцца вырашаць прынцыпова новыя задачы», — растлумачыў Прэзідэнт.
Больш падрабязна на пытаннях аператыўнага рэагавання спыніліся члены ўрадаў у сваіх дакладах. Аднак беларускі лідар са свайго боку пазначыў некалькі стратэгічных напрамкаў далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы.
«Перш за ўсё неабходна прыбраць баласт праблем, вакол якіх мы топчамся ўжо не першы год. Такія праблемы ёсць. Учора на пасяджэнні ў Маскве Уладзімір Уладзіміравіч сказаў: не трэба саромецца казаць тое, чаго недапрацавалі. Людзі зразумеюць,» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Задачай нумар адзін кіраўнік беларускай дзяржавы назваў рэалізацыю адзінай эканамічнай палітыкі і забеспячэнне роўнасці правоў грамадзян на саюзнай прасторы. «Нам пакуль не ўдалося выйсці на той узровень самадастатковасці і незалежнасці нашага аб’яднання, пры якім мы маглі б ажыццяўляць доўгатэрміновае планаванне свайго развіцця і былі б абаронены ад знешняй кан’юнктуры і розных выклікаў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Інструменты вырашэння гэтай задачы зразумелыя: скаардынаваная прамысловая палітыка, агульныя падыходы да забеспячэння харчовай бяспекі, адзіны энергетычны рынак, планамернае дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту і рацыянальнае імпартазамяшчэнне. Важна таксама ўстараніць астатнія перашкоды ў двухбаковым гандлі».
Прэзідэнт падкрэсліў, што бакі ўжо прыступілі да рэалізацыі сумесных праектаў у такіх галінах, як мікраэлектроніка, станкабудаванне, авіябудаванне, суднабудаванне. «Але пакуль рухаемся не зусім хутка. На сёння рэалізуецца толькі 27 імпартазамяшчальных праектаў. Для аб’яднанага рынку Беларусі і Расіі, аб’ём якога ацэньваецца ў 2 трлн. долараў па сукупным ВУП, гэтая лічба павінна быць, я думаю, у сотні разоў больш», — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Па яго словах, выгаду ад такіх праектаў атрымаюць як у Беларусі, так і ў Расіі. «У абедзвюх краінах дзякуючы нашай кааперацыі ствараюцца новыя працоўныя месцы, з’яўляецца новая інавацыйная прадукцыя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што падчас пасяджэння ВДС зроблены яшчэ адзін важны крок у саюзным будаўніцтве — падпісанне Дагавора аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі. «Для функцыянавання раўнапраўнага і справядлівага эканамічнага асяроддзя мы разлічваем на больш хуткі запуск аб’яднаных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Работа па гэтых накірунках у нас разгорнута», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка назваў яшчэ адну задачу для саюзнага будаўніцтва: «Якія б мэты мы ні ставілі, будуючы Саюзную дзяржаву, яе асноўная мэтавая аўдыторыя — нашы грамадзяне. Тыя, хто верыць у нас, давярае нам і разлічвае на ўважлівае рэагаванне на іх патрэбы і запатрабаванні. Таму асаблівая тэма — забеспячэнне роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі». Па словах беларускага лідара, за мінулую чвэрць стагоддзя шмат што вырашана ў пытаннях міграцыі, сацыяльна-працоўных адносін, аховы здароўя. Ён прывёў канкрэтныя прыклады. Напрыклад, адсутнічаюць абмежаванні на перамяшчэнне па тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Забяспечаны роўныя правы ў сферах працоўнай дзейнасці, прызнання працоўнага стажу і аховы працы. Урэгуляваны пытанні пенсійнага забеспячэння і сацстрахавання. Усім грамадзянам аказваецца хуткая і неадкладная медыцынская дапамога. «Нашыя спецыялісты падлічылі, што толькі ў 2023 годзе ў Беларусі атрымалі медыцынскую дапамогу каля 60 тысяч грамадзян Расійскай Федэрацыі. Аказваецца падтрымка сем’ям з дзецьмі і асобным катэгорыям насельніцтва. — працягнуў беларускі лідар. — А што нас асабліва радуе, — на любыя святочныя дні і ў святы і ўвогуле Беларусь — самая прыцягальная краіна для турыстычных паездак людзей такой гіганцкай краіны як Расія».
Разам з тым, Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. «Кожны чалавек павінен на справе, без абмежаванняў адчуць усе перавагі нашага Саюза», — перакананы ён.
Другое. Транспарт і лагістыка. Па словах Аляксандра Лукашэнкі той факт, што беларускія экспартныя грузы пайшлі праз расійскія порты, прынесла ўзаемную выгаду. «З аднаго боку, гэта вырашыла нашу задачу па арганізацыі лагістыкі экспарту. З другога — дало істотны дадатак да прыбытку расійскіх кампаній, — сказаў ён. Але, звярнуў увагу беларускі лідар, незадзейнічаных рэзерваў пакуль вельмi шмат. На чарзе — рэалізацыя праекта па Паўночным марскім шляху. «Мы ўжо паспрабавалі транспартаваць грузы па гэтым шляху, атрымліваецца добра», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што расійскія партнёры працуюць над пілотным праектам па стварэнні высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Санкт-Пецярбург. «Разлічваем на яго працяг па маршруце Масква — Мінск. Ваша заява, Уладзімір Уладзіміравіч, аб тым, што будзе такая магістраль з Масквы праз Мінск да Брэста, натхніла беларусаў, бо вельмі шмат людзей ездзіць з Мінска ў Маскву», — падкрэсліў беларускі лідар.
Трэцяе. Ваенна-палітычная бяспека. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, само жыццё прымушае нас звяртаць асаблівую ўвагу на абараназдольнасць нашых дзяржаў. Ён зрабіў акцэнт на тым, што з падпісаннем Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы і міждзяржаўнага Дагавора аб гарантыях бяспекі мы выходзім на беспрэцэдэнтны ўзровень стратэгічнага саюзніцтва і каардынацыі дзеянняў у ваеннай сферы. «Гэта дазволіць не дапусціць парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі і Расіі, захаваць суверэнітэт і незалежнасць, а галоўнае — сфарміраваць гарантыі мірнага жыцця для нашых грамадзян. — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Толькі, Уладзімір Уладзіміравіч, наш намер падпісаць гэты дагавор занадта ўзбудзіў нашых „партнёраў“ на Захадзе. Але гэта мабыць, нядрэнна, яны гэта заўважылі».
Чацвёртае. Планаванне і пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў. Па словах кіраўніка дзяржавы, не сакрэт, што кожны год расійскі рынак працы прыцягвае значную колькасць беларусаў, што азначае недахоп працоўных рук у нас. І ў Расіі ёсць падобная праблема. «Нам патрэбна ўзгодненая палітыка ў гэтай галіне і дзейсныя прававыя механізмы, якія ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў», — заявіў Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка назваў важным, што ў парадку дня прысутнічае асаблівая, святая тэма. «У маі 2025 года беларусы і расіяне разам з іншымі народамі былога СССР, усімі, хто раздзяляе нашы каштоўнасці, адзначаць 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта найважнейшая памятная дата для нашых людзей, звязаных агульнай гісторыяй, блізкіх духоўна і культурна. Гэтак жа, як і нашы продкі 80 гадоў таму, 9 мая мы разам на Краснай плошчы успомнім ахвяр той страшнай вайны і адзначым важную гадавіну гістарычнай перамогі савецкага народа над фашызмам», — сказаў ён.
Парадак дня Пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Прэзідэнт назваў як заўсёды насычаным. Ён падкрэсліў, што ў ім канкрэтныя пытанні, якія хвалююць жыхароў нашых краін, якія даюць магчымасць палепшыць умовы функцыянавання эканомік і ўмацаваць бяспеку Беларусі і Расіі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў галоўным тое, што расійска-беларускія адносіны саюзніцтва, стратэгічнага партнёрства выбудоўваюцца на непахісных прынцыпах сяброўства і добрасуседства, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. «Інтэграцыя на справе прыносіць карысць грамадзянам нашых краін, садзейнічае павышэнню якасці іх жыцця і дабрабыту. Усё гэта пераканаўча сведчыць аб правільнасці абранага намі стратэгічнага курса на ўсеабдымнае супрацоўніцтва і фарміраванне адзінай эканамічнай, гуманітарнай, абароннай прасторы Расіі і Рэспублікі Беларусь», — сказаў ён.
Уладзімір Пуцін заўважыў, што паспяхова рэалізуюцца рашэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета па асноўных накірунках узаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве на 2024-2026 гады. Размова ідзе пра масштабныя праекты і мерапрыемствы ў ключавых сферах: прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, культуры, інфармацыйнай палітыцы, навуцы, адукацыі.
«З аддачай працуюць наднацыянальны падатковы камітэт і міждзяржаўны мытны цэнтр. Мы доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Усё ішло няпроста. Вывяралі пазіцыю адзін аднаго да дробязяў. Але ў цэлым і з расійскага боку, і з боку нашых сяброў у Беларусі знойдзены ўсе развязкі, рашэнні. І ўпэўнены, што калегі з абедзвюх краін задаволены тым, як працуюць гэтыя механізмы», — адзначыў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што падыходы абедзвюх краін да актуальных глабальных і рэгіянальных праблем супадаюць ці ў многім блізкія. Ён звярнуў увагу, што краіны плённа супрацоўнічаюць у абароннай сферы, нядаўна была абноўлена Ваенная дактрына Саюзнай бяспекі, на зацвярджэнне ВДС вынесена Канцэпцыя Нацыянальнай бяспекі. «Нашу асаблівую заклапочанасць, натуральна, выклікае становішча спраў у Еўрапейскім рэгіёне. У прыватнасці, ва Украіне. Краіны Захаду наўмысна абвастраюць напружанасць. Менавіта яны давялі да сённяшняй трагедыі і працягваюць абвастраць сітуацыю. Падобная безадказная палітыка падштурхоўвае мір на мяжу глабальнага канфлікту. Мы ведаем пазіцыю Беларусі, пазіцыю Прэзідэнта Беларусі, накіраваную на мірнае ўрэгуляванне гэтага крызісу.
Мы абмяркоўваем увесь час гэтыя пытанні», — адзначыў Уладзімір Пуцін. Ён падкрэсліў, што дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы дасць магчымасць надзейна абараніць Расію і Беларусь, створыць умовы для далейшага мірнага і ўстойлівага развіцця нашых дзяржаў. Прэзідэнт Расіі расказаў, што дагавор вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу Расіі і Беларусі, цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторый і знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы. Прычым з задзейнічаннем усіх наяўных сіл і сродкаў. Па яго словах, маецца на ўвазе і расійская тактычная ядзерная зброя, размешчаная ў Беларусі.
«Магчымасць яе выкарыстання ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненнем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з прымяненнем звычайнай зброі, але якая стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці, дакладна зафіксавана ў зацверджаным 19 лістапада ўказе аб асновах дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў галіне ядзернага стрымлівання. Гэтыя пытанні мы пастаянна ўзгадняем з кіраўніцтвам, Прэзідэнтам Беларусі», — адзначыў Уладзімір Пуцін.
Асаблівую ўвагу члены Вышэйшага дзяржаўнага савета ўдзялілі ходу выканання Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады. Падчас пасяджэння быў разгледжаны Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. У цэнтры ўвагі і тэмы, скіраваныя ў будучыню Саюзанай Дзяржавы, важныя не толькі для палітыкі і эканомікі, але і для жыцця народаў Беларусі і Расіі. У прыватнасці, фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі. Дакумент закліканы знізіць да мінімуму страты ў энергасетках, збалансаваць тарыфы, забяспечыць узаемны ператок электраэнергіі, узмацніць энергетычную бяспеку Беларусі, Расіі і СД у цэлым.
На пасяджэнні прынята рэзалюцыя аб стварэнні камфортных тарыфаў для карыстання паслугамі сувязі і перадачы даных на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (адмене роўмінгу). Новыя тарыфы набудуць моц на тэрыторыі дзвюх дзяржаў з 1 сакавіка 2025 года. У парадку дня пасяджэння Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы таксама пытанні, якія датычацца абароны правоў спажыўцоў, процідзеяння незаконнаму імпарту тавараў на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Членамі дзяржсавета зацверджаны план мерапрыемстваў па святкаванні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Па выніках пасяджэння Прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі шэраг міждзяржаўных дагавораў, сярод якіх дагавор аб фарміраванні аб’яднанага рынка электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы і дагавор «Аб гарантыях бяспекі Саюзнай дзяржавы». У Палацы Незалежнасці адбылася і цырымонія спецыяльнага гашэння паштовых блокаў да 25-годдзя з дня падпісання Дагавора аб Саюзнай дзяржаве. Падчас урачыстых цырымоній лідары абмеркавалі яшчэ адно найважнейшае пытанне.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, лепш узняць яго адкрыта, чым потым сустракаць розныя канспіралагічныя падыходы да гэтай праблемы. Ён звярнуўся да расійскага калегі з просьбай размясціць на тэрыторыі Беларусі ракетны комплекс «Арэшнік». «Нас вельмі непакоіць сітуацыя ў Заходняй Еўропе і асабліва на нашых межах, асабліва з боку Польшчы і Літвы — суседніх дзяржаў. Мы ацэньваем гэта як небяспеку яшчэ большую, чым з боку ваюючай Украіны», — сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што зусім побач з беларускай граніцай размяшчаюцца войскі не толькі палякаў і літоўцаў, але туды сцягваюцца ўзброеныя сілы НАТА з іншых дзяржаў. «Сітуацыя вельмі напружаная. Польшча траціць вялізныя рэсурсы на ўзбраенні сваёй арміі. Але калі яны жадаюць жыць з намі ў міры, як яны заяўляюць, навошта тады марнаваць мільярды долараў на ўзбраенне? Словам, гэта нас вельмі насцярожвае», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што такое развіццё падзей можа пагражаць і бяспецы Саюзнай дзяржавы.
Паводле слоў беларускага лідара, нядаўні паспяховы запуск ракет «Арэшніка» зрабіў эфект на былых партнёраў, а цяперашніх праціўнікаў. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што размяшчэнне новых сістэм на тэрыторыі Беларусі супакоіла б некаторыя розумы, якія ўжо гатовы ваяваць супраць Беларусі, а таксама і Расіі. «У нас ёсць, і я гэта не жартам сказаў, пэўныя месцы, дзе мы можам размясціць гэту зброю. З адной толькі ўмовай, што цэлі для прымянення гэтай зброі будуць вызначацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён таксама папрасіў, каб расійскія спецыялісты абслугоўвалі гэтую зброю і ажыццяўлялі пускі пад пэўныя мэты. «Вы гэта ўмееце рабіць, вы гэта прадэманстравалі нядаўна. Гэта істотна ўзмацніла б абарону нашага саюза і, перш за ўсё, беларускай тэрыторыі», — сказаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што беларусам часта папракаюць размяшчэнне ў сябе тактычнай ядзернай зброі. «Гэта не ядзерная зброя, — заўважыў беларускі лідар пра „Арэшнік“. Але вельмі эфектыўнае і супастаўнае пры пэўных умовах з нанясеннем шкоды як ядзерная зброя, але без усякай заразы і без усялякіх удараў, якія прывялі б да заражэння тэрыторыі і аб’ектаў, па якіх наносіцца ўдар. Гэта была б добрая падтрымка не толькі маёй просьбы, але і беларускага народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін назваў паседжанне Вышэйшага дзяржсавета паспяховым і плённым мерапрыемствам. Ён заўважыў, што на прасторы Саюзнай дзяржавы яшчэ ёсць пытанні, над якімі трэба папрацаваць у сферы эканомікі. «На сёння практычна ўсе пытанні, якія выклікалі спрэчкі і неабходнасць узгаднення, узгоднены. Зразумела, ёсць яшчэ над чым працаваць, і мы будзем гэта рабіць. Упэўнены, мы дасягнем добрых вынікаў, таму што з двух бакоў ёсць гатоўнасць і жаданне далей канструктыўна працаваць», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Паводле слоў Уладзіміра Пуціна, Дагавор аб гарантыях бяспекі Саюзнай дзяржавы мае фундаментальнае значэнне, паколькі ён вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнню абароны Беларусі і Расіі з прымяненнем усіх сіл і сродкаў. «Менавіта таму мы пайшлі на тое, каб задаволіць запыты Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Беларусі ў размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Па яго словах, такая найноўшая сістэма, як «Арэшнік», не мае аналагаў у свеце. Яна ў выпадку групавога прымянення супастаўная з ужываннем ядзернай зброі, але зброяй масавага знішчэння не з’яўляецца.
«Па-першае, у адрозненне ад зброі масавага знішчэння, гэта высокадакладная зброя, яна б’е не па плошчах і дабіваецца выніку не за кошт сваёй моцы, а за кошт дакладнасці. Па-другое, у выпадку групавога прымянення аднаго, двух, трох комплексаў па сіле ўдару яна з’яўляецца такой жа як ядзерная, але не заражае мясцовасць, не мае ніякіх радыяцыйных наступстваў, бо не мае ядзернага кампанента ў баявой частцы ракет», — растлумачыў Прэзідэнт Расіі.
Што да магчымасці размяшчэння такой грознай зброі як «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі, то Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што гэта магчыма. Ён расказаў, што гэта стане магчымым арыентыровачна ў другой палове 2025 года па меры нарошчвання серыйнага выпуску комплексаў у Расіі і па меры паступлення ракетных сістэм на ўзбраенне. Таксама, паводле слоў Прэзідэнта Расіі, важна, каб спецыялісты вырашылі шэраг тэхнічных пытанняў. У прыватнасці, вызначэнне мінімальнай далёкасці з улікам прыярытэтаў забеспячэння бяспекі Рэспублікі Беларусь «Думаю, што такія магчымасці ёсць, з улікам таго, што на гэта спатрэбяцца мінімальныя выдаткі. Маю на ўвазе, што ў Беларусі засталіся пэўныя інфраструктурныя магчымасці яшчэ з часоў Савецкага Саюза», — падкрэсліў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. Ён таксама заявіў, што вызначэнне аб’ектаў паражэння на тэрыторыі верагоднага праціўніка будзе прымаць ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі.
«Я скарыстаўся нашым сяброўствам у тым плане, што калі хочаце ад Пуціна чагосьці атрымаць, дабіцеся, каб ён публічна нешта паабяцаў», — пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
Валерыя СЦЯЦКО.
Фота БелТА.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.