У гэту суботу, 7 снежня, у «Мінск-Арэне» пройдзе маштабнае спартыўна-забаўляльнае шоу «Час нашых перамог», паведамляе БелТА.
Назва выбрана невыпадкова і пераклікаецца з канцэпцыяй шоу. Паводле задумы арганізатараў, яна дзеліцца на 12 тэматычных блокаў — па аналогіі з цыферблатам: «Час марыць», «Час любіць», «Час ствараць», «Час сябраваць». Заключным блокам стане «Час нашых перамог».
Кожная глава ўключае некалькі нумароў. Гасцей «Мінск-Арэны» чакаюць выступленні чэмпіёнкі свету і Еўропы, бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў у Токіа, заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь Аліны Гарнасько, двухразовага Алімпійскага чэмпіёна, майстра спорту міжнароднага класа Івана Літвіновіча, сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Парыжы, майстра спорту міжнароднага класа Віялеты Бардзілоўскай, а таксама многіх іншых знакамітых спартсменаў.
Музычныя нумары прадставяць Настасся Краўчанка, Мікіта Бялько, Арцём Скароль, Валерыя Бернатовіч і іншыя маладыя беларускія артысты. Акрамя таго, выступленні спартсменаў будуць суправаджацца кампазіцыямі ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
У спартыўна-забаўляльным шоу ўдзельнічаюць беларускія спартсмены і артысты, а таксама госці з Расіі і Кітая. Чакаюцца выступленні спартсменаў дзвюх гімнастычных школ Расіі — Аліны Кабаевай і Ірыны Вінер, а таксама ансамбля з кітайскай правінцыі Ганьсу, які дэманструе акрабатычнае майстэрства.
Гэта першы праект такога маштабу. Арганізатары называюць яго часткова эксперыментальным. Менавіта таму на яго нельга было набыць білеты. На спартыўна-забаўляльнае шоу запрасілі ў асноўным студэнцкую і рабочую моладзь. Але арганізатары не выключаюць: калі ўсё атрымаецца так, як задумваецца, «Час нашых перамог» атрымае прадаўжэнне і яго змогуць убачыць больш беларусаў.
У праграме будзе месца для выступлення маладых людзей з абмежаванымі здольнасцямі. Прызёры кубкаў свету па спартыўных танцах на калясках, шматразовыя чэмпіёны Рэспублікі Беларусь з радасцю і вялікім энтузіязмам прынялі запрашэнне арганізатараў далучыцца да маштабнага шоу. Яны выступяць у час блока «Час цаніць».
Адным з пранізлівых блокаў арганізатары называюць «Час памятаць». Ён прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і будучаму 80-гадоваму юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Фота БелТА і sb.by.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.