Вы тут

Тры складнікі Саюзнай дзяржавы: гісторыя, інавацыі, інвестыцыі


Чвэрць стагоддзя Беларусь і Расія плячо ў плячо, або, як гаворыць наш Прэзідэнт, спіна да спіны, будуем і абараняем нашу Саюзную дзяржаву. Час скарацечны. Пасля распаду некалі вялізнай вялікай краіны — Савецкага Саюза — усе рэспублікі аказаліся рэальна не гатовыя да самастойнага жыцця, таму што ў Саюзе была планавая эканоміка, выбудаваныя, як мы цяпер кажам, прамысловыя і гандлёвыя лагістычныя ланцужкі, а галоўнае — сістэма абароны краіны.


Фота: БелТА

Беларусь, як і ўсе 15 рэспублік, стаяла на парозе выбару свайго шляху развіцця. Не будзем хітраваць — далёка не адразу гэты шлях быў знойдзены. Пасля выбараў першага Прэзідэнта Беларусь літаральна пачала выходзіць, калі мякка сказаць, са стану дысбалансу. Малады, амбіцыйны кіраўнік маладой суверэннай дзяржавы Беларусь — наш Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — ужо не проста ведаў, ён верыў у поспех развіцця сваёй краіны. Але малады лідар разумеў і тое, што ў адзіночку дасягнуць поспеху і выніку куды больш складана, чым тады, калі ў цябе ёсць надзейны партнёр. І такім партнёрам, вядома ж, з’яўляецца Расійская Федэрацыя.

Стагоддзямі сфарміраваная сувязь брацкіх народаў Беларусі і Расіі — трывалы падмурак ва ўзаемаадносінах. Таму наш Прэзідэнт не марудзіў, а дзейнічаў прадумана і рашуча. Першай прыступкай у інтэграцыйным працэсе стаў Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве. Дарэчы, пытанне па інтэграцыі стаяла на Рэферэндуме 1995 года: «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?» — пераважная большасць беларусаў падтрымала.

Наступная прыступка больш высокая — 2 красавіка 1996 года падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, праз год, роўна ў гэты ж дзень, 2 красавіка, у Маскве прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. Вы толькі ўявіце сабе хуткасць рашэння такіх глабальных, найважнейшых пытанняў, а гэта толькі дзякуючы настойлівай, выверанай пазіцыі нашага лідара, у якога неверагоднае стратэгічнае бачанне!

У канцы 1998 года Беларусь і Расія падпісалі Дэкларацыю аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі. Нарэшце 8 снежня 1999 года ў Маскве быў падпісаны сапраўды гістарычны дакумент — Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Калі мы проста, як кажуць, у назыўным парадку закранем хоья бы некалькі кірункаў інтэграцыйных працэсаў, то будзем прыемна здзіўлены. 28 саюзных праграм ахапілі практычна ўсе галіны эканомікі, а гэта — стварэнне і забеспячэнне роўных умоў для людзей і прадпрыемстваў, адзіных рынкаў нафты і газу і гарманізацыя заканадаўства як падатковага, так і мытнага. Мы выйшлі на адзнаку амаль 50 мільярдаў долараў тавараабароту за мінулы год.

У гэтым юбілейным годзе прымала Беларусь 11-ы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў старажытным Полацку, маладым Наваполацку і ветлівым Віцебску. Было падпісана каля 600 пагадненняў. Кожны Форум — гэта цэлая гісторыя, паколькі мае пэўную накіраванасць. Гэта і прамысловая палітыка, і сельская гаспадарка, і сферы высокіх тэхналогій, інавацый, інфармацыйнай супольнасці, культурнай і гуманітарнай прасторы. Няма кірунку, куды б ні «заглянулі» інтэграцыйныя працэсы з інавацыйнымі праектамі.

«Нас не пакінуць у спакоі» — неаднаразова гаварыў наш Прэзідэнт, і ён абсалютна праў, паколькі санкцыйны ціск калектыўнага Захаду расце як снежны ком. Але мы не проста не зламаліся і нават не прагнуліся, а, наадварот, разам, як Саюзная дзяржава, толькі ўмацоўваем свае інтэграцыйныя сувязі. Тэхналагічны суверэнітэт павінен быць забяспечаны і для Беларусі, і для Расіі, звяртае ўвагу наш лідар. У каласальна кароткія тэрміны мы знаходзім спосабы не проста супрацьстаяць санкцыям, а рухацца наперад і сёння ўжо працаваць на эканамічна выгадны вынік. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Рост ВУП беларускай і расійскай эканомікі значна перавысіў сярэдні па свеце і склаў 3,6 і 3,9 працэнта адпаведна.

Разам мы супрацьстаім не толькі санкцыям. Дастаткова прыгадаць пандэмію, калі расійская вакцына «Спадарожнік V» выраблялася ўжо ў Беларусі, тым самым была забяспечана магчымасць вакцынацыі нашых грамадзян. Літаральна нядаўна на Парламенцкіх слуханнях, якія былі ініцыяваны і арганізаваны Палатай прадстаўнікоў, з удзелам прадстаўнікоў Расіі, абмяркоўваліся пытанні лічбавага развіцця.

Для любога развіцця патрэбен мір. «Мы можам больш цесна супрацоўнічаць у галіне абароны і бяспекі, выступаць з адзіных пазіцый на міжнароднай арэне», — адзначаў наш Прэзідэнт і меў, як заўсёды, рацыю. Менавіта ваеннае супрацоўніцтва нашых краін — адна з найбольш важных сфер двухбаковага ўзаемадзеяння, асабліва цяпер, ва ўмовах эскалацыі адносін з калектыўным Захадам.

Каб упэўнена глядзець у заўтрашні дзень, мы павінны памятаць сваю гісторыю, тых, дзякуючы каму жывем пад мірным небам. Праграмы Саюзнай дзяржавы даюць выдатную магчымасць рэалізоўваць самыя смелыя патрыятычныя праекты. Дзесяць гадоў таму, у 2014 годзе, за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы ў Светлагорскім раёне на месцы былога балота Брыдскі мох, дзе пачалася пераможная наступальная аперацыя савецкіх войскаў «Баграціён», было пачата будаўніцтва мемарыяльнага комплексу. 

А цяпер з аналагічным фінансаваннем вядзецца рэканструкцыя Брэсцкай крэпасці, якая да 80-годдзя Вялікай Перамогі будзе завершана. І гэта, паверце, толькі крыха таго, што мы можам рабіць дзеля памяці нашых ваяроў, імёны якіх назаўжды будуць жыць у нашых сэрцах.

Усё гэта толькі рысы да трох складнікаў — гісторыі, інавацый, інвестыцый нашай Саюзнай дзяржавы. Нездарма кажуць, што развіццё — гэта не глядзець адзін на аднаго, а ісці разам у адным кірунку. 

І ў Саюзнай дзяржавы вялікі сумесны шлях, свая дарога.

Ірына Даўгала, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і правах чалавека.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.