Таццяны ды Вольгі мараць пра шчасце і чакаюць кахання — як і два стагоддзі таму. Вось толькі ў летуценных прыгажунь і рамантычных разумніц цяпер іншыя магчымасці для знаёмства, і гэта не толькі дыскатэкі ды клубы — па аналогіі з балямі пушкінскіх часоў, дзе заводзілі знаёмствы, фліртавалі, прыглядаліся да патэнцыйных нявест ды жаніхоў. Што ж, час ідзе, мінаюць эпохі, а чалавек усё так жа можа трапіць у вір эмоцый ці ў палон пачуццяў, яму зразумелыя паняцці гонару і годнасці, ён востра перажывае боль ад страты кахання, бо жаданне быць шчаслівым ніхто не адмяняў. Таму да оперы «Яўгеній Анегін» у Вялікім тэатры Беларусі не згасае цікавасць. Напрыканцы лістапада публіцы прадставілі новае ўвасабленне твора на беларускай сцэне — ужо восьмае, калі весці адлік ажно з 1933 года. І гэта ўжо другі «...Анегін» у Вялікім у ХХІ стагоддзі.
Але ў параўнанні з папярэднім спектакль іншы. За кошт чаго? Тут жа знаёмыя кожнаму са школы героі Пушкіна, гэта музыка Чайкоўскага са знакамітымі арыямі і дуэтамі. З лістом-прызнаннем Таццяны, з трагічнай гібеллю Ленскага, з разуменнем Анегіна, як ён памыліўся ў жыцці, з сямейнай вернасцю і высновай Грэміна: «Любви все возрасты покорны...» І аніякіх радыкальных ці незвычайных трактовак, пры тым што яны вядомыя ў драматычных і музычных тэатрах, бо магчымыя «прачытанні» Пушкіна сучаснікамі (хоць бы з пункту гледжання таго, як дзяўчына-правінцыялка закахалася ў свецкага льва — наогул цяпер папулярны меладраматычны сюжэт). Не, тут усё згодна з аўтарскай задумай. Аднак ёсць «але».
Калі Чайкоўскі ствараў оперу, то разумеў, што шмат што ў ёй будзе абумоўлена асаблівасцю паэтычнага рамана Пушкіна, у якім многа лірызму, але мала рухомасці, дзеяння, неабходнага для сцэны, каб трымаць увагу гледача. І вось той самы лірызм стаў ці не галоўнай адметнасцю гэтай оперы, з-за чаго да яе звяртаюцца даволі часта ў розных тэатрах свету. А дзеянне ў ёй — ужо справа майстэрства пастановачнай групы. Наш новы «...Анегін», паводле версіі галоўнага рэжысёра тэатра Ганны Маторнай, — якраз прыклад таго, як драму галоўных герояў можна прадставіць на фоне яркіх масавых сцэн, што ствараюць не толькі неабходны каларыт (як у выпадку з сялянскім жыццём), але і даюць уражанне бесперапыннага руху, актыўнага дзеяння ў спектаклі. Пры тым што лірызм і пранікнёнасць спеваў ніхто не адмяняе.
...Дык вось, старэйшая дачка Ларыных — Таццяна, якую ўвасобіла сапрана Алена Золава, — светлавалосая задумлівая дзяўчына з кніжкай. Другая — Вольга, у вобразе якой давялося бачыць меца-сапрана Аксану Волкаву — чорнавалосая прыгажуня, якой вельмі пасуюць кветкі. Калі нехта не ведае, як размяркоўваюцца ў кампазітара гэтыя вобразы па галасах, калі не бачыў папярэднія пастаноўкі тэатра, то адразу і не здагадаецца, хто з іх хто. Тым больш што Вольгу Ларыну згодна са стэрэатыпам часта ўвасаблялі на сцэне ў выглядзе бландзінкі, маўляў, легкадумная гарэза. Цяпер так і не падумаеш: яны ўсё ж сёстры, у адной сям’і раслі і выхоўваліся, хоць і з рознымі характарамі. Але ж у іх у сядзібе час ідзе павольна, у дзяўчат, бадай, адны забавы: то размераныя расповеды матулі (Таццяна Траццяк) ды нянькі, то штосьці пачытаць ці спевы сялян паслухаць. Зразумела, чаму так іх радуюць паважаныя госці. Дзяўчаты прыабадзёрваюцца, калі з’яўляецца закаханы ў Вольгу Уладзімір Ленскі (вобраз паэта ўвасобіў тэнар Юрый Гарадзецкі) і знаёміць з суседам Яўгеніем Анегіным (чакана было зноў убачыць народнага артыста Беларусі Уладзіміра Громава — яго барытон, пастава і аблічча абсалютна арганічна кладуцца на гэту ролю). Інтрыга вядомая: знаёмства, ліст зачараванай Таццяны (а гэта вельмі пранікнёныя спевы), холад каханага ў адказ, флірт з Вольгай, рэўнасць Ленскага, знакаміты шчымлівы дуэт былых сяброў, пагібельны стрэл...
Усё як прапісана аўтарамі (кампазітарам Пятром Чайкоўскім і Канстанцінам Шылоўскім, які дапамог стварыць лібрэта паводле паэмы Пушкіна). А вось антураж, у якім разгортваецца драматычная гісторыя, здольны здзівіць нават тых, хто ўпэўнены, што добра ведае гэту оперу. Герояў жа ў ёй нямнога. А паглядзіш на сялян Ларыных ці гасцей у іх на балі — дык шмат людзей, і ўсе не проста так, а пры справах. Перад намі старасвецкая сядзіба раскрываецца з розных ракурсаў: вось рамантычная прырода з відам на будынак, а вось палац знутры з карціннай галерэяй. У гэтых сценах «пір гарой», сталы ломяцца ад розных страў — усё вельмі натуралістычна, за што дзякуй бутафорам. Гаспадары «пры парадзе», госці запаўняюць прастору, ілюструючы душэўную святочную атмасферу: артысты хору насамрэч выконваюць на сцэне шмат задач, акрамя спеваў (у гэтым сэнсе хор Вялікага тэатра Беларусі даволі гнуткі, пластычны, гатовы да працы ў незвычайных умовах, як адзначыла хормайстар Ніна Ламановіч). Але і для артыстаў балета знайшлася справа ў гэтай оперы. Яны дапамагаюць больш яскрава ўвасобіць ужо санкт-пецярбургскі баль.
Пышны (з прывязкай да эпохі паэта). І стыльны, з пэўнай ступенню ўмоўнасці адначасова (на што павінны звярнуць увагу менавіта сучасныя гледачы). Цягам усяго спектаклю ўражвае фантазія мастака-пастаноўшчыка Любові Сідзельнікавай і мастака па касцюмах Таццяны Лісавенка — толькі іх працы нясуць не толькі эстэтычнае задавальненне, як у першым аддзяленні. У прыватнасці, на касцюмах паненак не проста кветкавыя ўзоры, а модны прынт 1825 года, узяты з часопіса, згодна з моднай тэндэнцыяй таго часу. Але чым далей, тым больш разумееш: касцюмы тут нясуць канцэптуальную нагрузку і закладваюць сэнсавы акцэнт.
...Мы, гледачы, людзі з ХХІ стагоддзя, апынуліся на пецярбургскім балі-маскарадзе, у шыкоўным палацы, — праўда, такі мог быць у любой сталіцы тагачаснай Еўропы. І нават у нашы дні ладзяцца балі, якія сталі традыцыяй у жыцці эліты, і там нават можа гучаць музыка Чайкоўскага... Да Пецярбурга часоў Пушкіна звяртаюць адметныя графічныя выявы на сукенках паненак і элементы на строях кавалераў: гэта віды Неўскага праспекта. Прыгожа і эфектна, нават калі не ведаеш, што на тканіны перанесены рэальныя гравюры ХІХ стагоддзя. Дамы і кавалеры адзетыя ў адным стылі, але існуюць нібыта па-за часам. На балі-маскарадзе так адразу і не зразумееш, дзе хто. Таццяна ў чырвоным, яна ўжо яркая жанчына, жонка паважанага героя. Але ў танцы круцяцца і іншыя паненкі ў чырвоным — быццам усе яны «таццяны», якіх мог напаткаць падобны лёс: сустрэча са сваім «анегіным», які разбіў сэрца, замужжа без кахання і неабходнасць рабіць выбар. Напэўна, не ўсе маглі рабіць яго згодна з мараллю (нездарма ж Анегін, з’явіўшыся ў жыцці Таццяны зноў, на нешта прэтэндуе), ці не таму танцы на балі-маскарадзе недзе на мяжы фрывольнасці (балетмайстар-пастаноўшчык Ігар Колб)?.. Дырыжор-пастаноўшчык Арцём Макараў падкрэсліў, што гэта опера з танцавальнымі нумарамі, некаторыя былі ўзятыя для выканання, пры тым што іх часта скасоўваюць. Але ў гэтай пастаноўцы з канцэптуальным балем яны маюць пэўнае значэнне. Сапраўды, закруціўшыся ў такіх танцах, Таццяна не губляе галавы і не губляе сябе.
Так, яна пакутуе: артыстка мітусіцца па сцэне, вырываецца з абдымкаў Анегіна, таму што за дзвярыма праглядваецца цень князя Грэміна (яго партыю выконваў Андрэй Валенцій). «Счастье было так возможно...» — чуе Анегін, але застаецца ў самоце: сам да яе прыйшоў цягам таго выбару, які рабіў на розных этапах жыцця. Паглядзі цяпер на сябе, герой...
«...Анегін» сёння — актуальная гісторыя. Моладзь павінна прачытаць гэта ў першую чаргу. Няма ў нашым жыцці нічога больш важнага, чым каханне, чым сяброўства. Няма нічога больш страшнага, чым здрада, чым раўнадушша, — падкрэсліла рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная. — Мне здаецца, гэта праявы сучаснага грамадства: раўнадушша аднаго чалавека ў дачыненні да іншага. Няздольнасць адчуваць па-сапраўднаму, шчыра. Людзі баяцца сваіх пачуццяў. Ад страху і адбываюцца сумныя падзеі ў нашым жыцці, таму што страх знішчае чалавечую душу. «...Анегін» не пра тое, як нейкі мужчына не прызнаўся ў каханні нейкай жанчыне. Гэта пра тое, што павінен рабіць чалавек, каб быў шчаслівы іншы чалавек".
Шчасце для аматараў оперы — новыя пастаноўкі. І нават калі твор добра вядомы, то іншая падача, эфектныя вобразы — ужо цікава. А яшчэ цікавасць будзе ў тым, каб паслухаць розныя выканальніцкія саставы: кожны выканаўца партыі Таццяны ці Вольгі, Анегіна ці Ленскага ды іншых персанажаў надае асаблівую фарбу свайму вобразу ды оперы наогул. А тым больш, сярод салістаў ёсць маладыя артысты. Стваральнікі параілі паслухаць усіх — гэта могуць быць зусім розныя спектаклі, нягледзячы на зададзены стыль.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Фота Вялікага тэатру Беларусі.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.