Энцыклапедыя беларускага жыцця. Менавіта так ахарактарызаваў літаратурны твор галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда. Прэм’ера не проста ілюстрыруе паэтычны твор, а мае сваю сцэнічную асаблівасць. У першую чаргу, дзякуючы выкарыстанню жывога плана і цяней.
Упершыню да паэмы беларускага класіка тэатр звярнуўся яшчэ 12 гадоў таму. За гэты час было створана некалькі версій, але ніводная не была ўвасоблена ў жыццё. Сёлета новы варыянт вядомага літаратурнага твора нарэшце атрымаў сцэнічны фармат. З паэмы былі ўзяты ў асноўным дыялогі, якія падмацоўваліся ценявым суправаджэннем.
Па словах Алега Жугжды, менавіта дзякуючы такому тэатральнаму рашэнню, удалося стварыць унікальную атмасферу пачуццяў і эмоцый. «Цені сімвалізуюць мінулае і адлюстроўваюць успаміны галоўнага героя. Рухі акцёраў падмацоўваюць словы дзеючых асобаў на сцэне, і гэта робіць спектакль больш дынамічным», — паясняе сваю задумку рэжысёр пастаноўкі.
Цені з’яўляюцца на палатне на заднім плане сцэны, за плячыма галоўнага героя. Яго ўспаміны невясёлыя, таму і цені шэрыя. Акцёрам за палатном удаецца перадаць настрой героя менавіта і рухам, што патрабавала вельмі карпатлівай працы у працэсе работы над спектаклем.
На думку рэжысёра, тэатральная версія літаратурнага твора — гэта набліжэнне гледача да беларускай культуры, спроба нагадаць сённяшнім беларусам важнасць сапраўдных чалавечых адносін, шчырых пачуццяў і высакародных мэтаў. Сымон, які вандруе па свету са сваёй скрыпкай, чалавек не такі, як усе. Ён па словах, яго бацькоў, быў асаблівы хлопчык, з якім ніхто не дружыў, а толькі здзекаваліся. Таму ўвесь свой душэўны боль ён выказваў праз музыку. Не ўсім яна была зразумела, а толькі тым, у каго душа чыстая і добрая. Гэты вобраз важны для кожнага грамадства, бо выклікае спагадлівасць і цярпімасць. А гэта спрадвечныя тэмы чалавецтва. Нездарма сама паэма не губляе сваёй актуальнасці, хаця была напісана Якубам Коласам амаль сто гадоў таму. Юбілейная дата прыпадае на будучы 2025 год. Дарэчы, аўтар працаваў над паэмай 12 гадоў, столькі ж рыхтавалася і прэм’ера спектакля.
Зараз у рэпертуары тэатра некалькі спектакляў для дарослых. Як расказала яго дырэктар Марыя Шабашова, пастаноўкі па п’есах Шэкспіра, Пушкіна, Лермантава, Купалы, Гогаля, Кавалёва, Гары і іншых аўтараў атрымалі прызнанне не толькі ў гродзенцаў, але і ў замежнікаў. Так, фестывальным лідэрам стаў спектакль «Трагедыя аб Макбеце» Шэкспіра. Пастаноўка сабрала 14 дыпломаў і ўзнагарод на 11 міжнародных фестывалях ад Францыі да Сахаліна.
Вяртаецца ў рэпертуар спектакль для дарослых «Гарбата на дваіх» аўтара і рэжысёра Алега Жугжды. " Пастаноўка была 10 гадоў таму, але мы нічога не спісваем, усе захоўваем і аднаўляем. Поўнасцю з новым складам. У іх ліку «Чароўны пярсцёнак» Шэргіна, у двух версіях — для дзяцей і дарослых«, — расказала дырэктар тэатра..
Сёлета тэатр лялек пабываў на гастролях у шэрагу расійскіх гарадоў —Мурманску, Ніжнім Ноўгарадзе, Волагдзе, Санкт-Пецярбургу. Добра прымаўся спектакль для дарослых па твору Пушкіна «Самотны домік на Васільеўскім». Мяркуецца, што і «Сымон-музыка», які ідзе на беларускай мове, таксама стане фестывальным спектаклем. Трэба сказаць, што і Гродна таксама стаў сталіцай міжнароднага фестываля «Лялькі над Нёманам». Сёлета тэатральнае свята праходзіла тут у чацверты раз.
На будучы год тэатр атрымаў запрашэнні на фестывалі ў Разань, Мурманск, Калінінград і на Сахалін.
На Новы год гледачоў чакаюць святочныя спектаклі. Гэта «Казка аб чароўным гадзінніку», «Шлях да Батлеема», «Марозка», «Беласнежка і сем гномаў» і іншыя.
Дарэчы, новая гісторыя тэатра лялек тут пачалася ў 1940 годзе, калі сюды з гастролямі прыязджаў Цэнтральны тэатр лялек Сяргея Абразцова. Пры яго падтрымцы быў адкрыты Гродзенскі дзяржаўны тэатр лялек пад кіраўніцтвам Уладзіслава Ярэмы. А ў 1980 годзе тэатр атрымаў асобны будынак, які з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры Беларусі. Менавіта тут у другой палове ХVIII стагоддзя пачала сваё выступленне першая ў Беларусі тэатральная трупа гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза.
Маргарыта Ушкевіч
фота абласнога тэатра лялек і з адкрытых крыніц
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.