Ярка, маштабна, незабыўна ў «Мінск-Арэне» прайшло шоў «Час нашых перамог», якое аб’яднала тое, што любяць усе. Першымі яго ўбачылі сем тысяч гледачоў, сярод якіх — найлепшыя студэнты, замежныя госці, кіраўнікі рознага ўзроўню. Паглядзеў шоу і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Арганізатары не пабаяліся аб’яднаць спорт, мастацтва, інавацыі, гісторыю і будучыню Беларусі. Эксперымент атрымаўся цікавым і паспяховым. Кіраўнік дзяржавы часта паўтарае, што ў нашай краіне жывуць таленавітыя людзі, здольныя на ўсё. І шоў «Час нашых перамог» стала бліскучым таму пацвярджэннем.
Свае таленты на працягу дзвюх гадзін дэманстравалі беларускія спартсмены: гімнасты, батутысты, акрабаты, сінхраністкі. Унікальныя нумары прадставілі і знакамітыя беларускія артысты Алена Ланская, Жанет, Тарас Прысяжнюк і маладыя галасы. Трапяткімі і шчымлівымі сталі сумесныя нумары знакамітай расійскай спявачкі Паліны Гагарынай і прымы айчыннай мастацкай гімнастыкі, бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў Аліны Гарнасько.
«Я не раз удзельнічала ў такіх праектах і хачу сказаць, што гэта нялёгка. У мяне было шмат нумараў, я хвалявалася. І я адчула, напэўна, ўсе магчымыя эмоцыі. Будзе вельмі добра, калі мы зробім такое мерапрыемства штогадовым, — падзялілася сваімі ўражаннямі Аліна Гарнасько. — Я бачыла гэтыя сем тысяч гледачоў, бачыла тысячы агеньчыкаў. І я хачу сказаць, што зараз сапраўды час нашых перамог, час рухацца наперад».
Канцэпцыя шоў уключыла ў сябе 12 блокаў, кожны з якіх адлюстроўваў тое, без чаго не можа жыць ні адзін чалавек: мару, натхненне, любоў. Сцэнарысты адлюстравалі важнасць сяброўства, неабходнасць ствараць, памятаць, ганарыцца. І не баяцца рызыкаваць, каб надышоў час нашых перамог.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат