Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы тыдзень беларускага лідара быў напоўнены разнастайнымі мерапрыемствамі, але лейтматывам кожнага было будучае краіны. Пачаўся тыдзень з кадравых прызначэнняў. Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, паставіў перад імі задачы, вырашэнне якіх неабходна для развіцця краіны. З такім жа акцэнтам прайшла і сустрэча кіраўніка дзяржавы з рабочай групай па дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук. Другая палова тыдня была прысвечана міжнароднаму супрацоўніцтву. У Мінску прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, дзе таксама шмат казалі пра перспектывы.
1. «Сёння можна ўпэўнена канстатаваць, што ў 1999 годзе наш разлік аказаўўся дакладным: толькі ў саюзнай „двойцы“ мы найбольш поўна змаглі рэалізаваць увесь назапашаны вопыт і патэнцыял на прынцыпах узаемнага даверу і партнёрства. Двухбаковыя адносіны, якія склаліся, дэманструюць магутную сілу ўзаемнага прыцягнення, якая грунтуецца на агульных мове і навукова-тэхнічнай школе, падобных ментальнасці і культурных традыцыях, нашай агульнай гісторыі. Створаны ўнікальны сусветны вопыт: „дзве краіны — дзве эканомікі — адна эканамічная прастора“. Гэты досвед правераны часам і даказаў сваю жыццяздольнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета ў Мінску. Свае словы ён пацвердзіў лічбамі: у параўнанні з 1999 годам значна вырас аб’ём ВУП нашых краін: у Беларусі і ў Расіі — прыкладна ў 2,5 раза. Беларуска-расійскі тавараабарот у мінулым годзе дасягнуў амаль 55 млрд. долараў.
2. «Кожны чалавек павінен на справе, без абмежаванняў адчуць усе перавагі нашага Саюза», — заявіў беларускі лідар на пасяджэнні ВДС. Ён пералічыў напрамкі, па якіх трэба больш плённа працаваць, каб дасягнуць такой мэты. Сярод іх — транспарт і лагістыка, планаванне і пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў, забеспячэнне бяспекі на прасторы Саюзнай дзяржавы і іншыя.
3. «З усіх мастацтваў для нас найважнейшым з’яўляецца кіно. І тое, што адбываецца ў нашым кінематографе — проста ганьба. Гэта недапушчальна. Мы скаціліся. Мы горш сталі выглядаць да таго савецкага перыяду, калі мы надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу. Не скажу, што тут мы ў гэтым не зацікаўлены, але чамусьці ўсе хочуць мець грошы, а на выхадзе не хочуць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую. Звярніце на гэта самую сур’ёзную ўвагу», — такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў перад новым міністрам культуры Русланам Чарнецкім. У цэлым для назначэнцаў агульная задача — акрэсліць фронт работы і не раслабляцца, паколькі час няпросты.
4. «Тэма для краіны — архіважная. Я ўжо сказаў: далей без навукі мы развіваць краіну не зможам. Усё, што мы маглі выціснуць інтэнсіўна і экстэнсіўна з таго, што ў нас ёсць у краіне, найперш у эканоміцы, мы ўжо зрабілі. Далей трэба развівацца, абапіраючыся на навуку. Без навукі нікуды», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з рабочай групай па дзейнасці НАН Беларусі. Ён падкрэсліў, што інвестыцыі ў навуку і тэхналогіі сталі ключавой умовай дабрабыту дзяржавы, залогам паступальнага канкурэнтнага развіцця. Па словах кіраўніка дзяржавы, Акадэмія навук не стала драйверам апераджальнага навукова-тэхнічнага развіцця краіны на цяперашнім этапе. Таму на гэты аспект трэба ўдзяліць самую пільную ўвагу.
5. «Можа быць, у нас сапраўды дактары і акадэмікі, кандыдаты зарабляюць не тую заработную плату, трэба ім павялічыць яе ў пяць разоў (не ведаем толькі, дзе грошы знайсці). Мы зыходзілі з таго, што павінен быць вынік. І за вынік ні ў якім разе нельга шкадаваць грошай», — так адказаў Прэзідэнт на прапановы плаціць навукоўцам такую ж зарплату, як і шахцёрам. Разам з тым, беларускі лідар звярнуў увагу, што грошай на навуку не шкада, але найперш павінен быць практычны вынік.
Валерыя СЦЯЦКО
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.