Галоўная каштоўнасць для кожнага — гэта час. Галоўная каштоўнасць краіны — час перамог яе народа, людзей, здольных зрабіць тое, што раней здавалася немагчымым. Людзей, якія сваёй штодзённай працай развіваюць і праслаўляюць сваю краіну, захоўваючы памяць пра яе гісторыю і ствараючы новыя старонкі. Усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў шоў «Час нашых перамог», якое з размахам прайшло ў «Мінск-Арэне».
Арганізатары не пабаяліся аб’яднаць спорт, мастацтва, інавацыі, гісторыю і будучыню Беларусі. Эксперымент атрымаўся паспяховым. Першымі яго ўбачылі найлепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі з усёй краіны, шматлікія госці — усяго каля сямі тысяч чалавек. Сярод гледачоў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы часта паўтарае, што ў нашай краіне жывуць таленавітыя людзі, здольныя на ўсё. І шоў «Час нашых перамог» стаў бліскучым таму прыкладам.
Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант у размове з журналістамі нагадала, што ў Беларусі ўжо праводзіліся гала-шоў па відах спорту. Але ад такой практыкі ненадоўга адышлі. «Апошнім часам такіх мерапрыемстваў не праводзілася. Адным з натхніцеляў гэтага шоў у Беларусі стала алімпійская чэмпіёнка Аліна Кабаева, якая прывезла ў сакавіку гэтага года да нас сваё шоў, і якое, паводле шматлікіх водгукаў, вельмі спадабалася гледачам», — сказала Наталля Эйсмант. Па яе словах, тая гісторыя падштурхнула да ідэі адрадзіць правядзенне спартыўных шоў. «Мы бачым, што ў нас вельмі вялікая колькасць маштабных мерапрыемстваў праходзіць у краіне. Гэта падарунак беларусам, нашым людзям. Трэба ж і адпачываць умець, не толькі працаваць. Гэта была ідэя Прэзідэнта цалкам. Задумка Прэзідэнта і даручэнне, скажам так. І пытанне, якое прагучала ў адрас усіх нас: чаму б нашым спартсменам таксама не паказаць нашай краіне, нашым людзям, нашай моладзі ў першую чаргу, на што яны здольныя», — падкрэсліла Наталля Эйсмант. Па яе словах, менавіта па гэтай прычыне і быў абраны масавы і забаўляльны фармат шоў. Прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы звярнула ўвагу, што гэта першы падобны праект для моладзі, і своеасаблівы падарунак Прэзідэнта маладым беларусам. Беларускі лідар быў у курсе падрыхтоўкі да шоў. «Калі першапачаткова гэта шоў задумвалася больш з ухілам у мастацкую гімнастыку, то адна з асноўных карэкціровак, якую ўнёс кіраўнік дзяржавы, заключалася ў тым, што яно павінна прадстаўляць максімальную колькасць відовішчных відаў спорту. У нас шмат розных яркіх спартсменаў», — расказала Наталля Эйсмант.
Праект «Час нашых перамог» стаў сапраўдным прарывам. Аб’яднанне спорту і мастацтва, падмацаванае смелымі тэхнічнымі, светлавымі і музычнымі рашэннямі пацвердзіла, што беларусы здольныя на многае. «Гэта сапраўды ўнікальны праект, вельмі маштабны, з вялікай колькасцю наватарскіх ідэй. Рэжысёр Алена Лобач зрабіла вялікую працу, з чым яе можна толькі павіншаваць. „Час нашых перамог“ — гэта сімвал яднання ўсіх дзеля вялікай справы. Наша краіна славіцца таленавітымі спартсменамі. І іх выступленні — гэта нешта неверагодна прыгожае. У праграму ўключаны найпрыгажэйшыя нумары ад людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але бязмежным жаданнем тварыць. Я думаю, што тыя, хто атрымаў шанец патрапіць у гэту залу, набылі незабыўныя ўражанні. А тым, хто не здолеў, рэкамендую паглядзець тэлевізійную версію на тэлеканале АНТ. Я працую 20 год на канцэртах, але я сама такое бачу ўпершыню і атрымліваю задавальненне ад гэтага праекта», — падзялілася сваімі ўражаннямі канцэртны дырэктар шоў «Час нашых перамог» Алеся Кузняцова.
Арганізатары не выключаюць магчымасці паказаць гэта шоў і ў рэгіёнах. Краіна павінна ведаць свае таленты, натхняцца імі і ганарыцца.
Канцэпцыя шоў уключыла ў сябе 12 блокаў, кожны з якіх адлюстроўвае тое, без чаго не можа жыць ні адзін чалавек. Усё пачынаецца з мары. З мары маленькай дзяўчынкі стаць чэмпіёнкай свету па мастацкай гімнастыцы ці вялікай спявачкай. З мары маладога чалавека стварыць нешта такое, што ніхто да яго не рабіў. Мара — гэта заўсёды пра палёт. Напэўна, паветраныя гімнасты, якія вечарам суботы ляталі пад зводамі «Мінск-арэны» калісьці пра гэта марылі. І іх мара здзейснілася.
Для таго, каб летуценні сталі рэальнасцю, неабходна натхненне. Нумар «Каляровыя сны», у якім аб’ядналіся эстетычная гімнастыка і сінхроннае плаванне, паказаў, якім бязмежным можа быць натхненне. «Да фармату шоў адаптаваліся хутка, таму што праграму паказваем эстэтычную, не такую, як на міжнародных стартах, з-за гэтага было некалькі прасцей. Шоў — грандыёзнае. Кожны нумар — гэта феерыя, і мы спадзяёмся, што гледачы гэта ацанілі. Гэта наш першы досвед удзелу ў такім шоў. Было незабыўна», — падзялілася сваімі ўражаннямі член каманды па сінхронным плаванні Вера Буцэль.
Але ці магчыма натхняцца і натхняць без кахання і любові? Асабліва, калі размова ідзе пра музыку. Упрыгожаннем шоў сталі музычныя нумары знакамітых артыстаў — саліста Вялікага тэатра Беларусі Тараса Прысяжнюка і Заслужанай артысткі Беларусі Жанет. Пяшчотны і трапяткі нумар гледачам шоў падарылі знакамітая расійская артыстка Паліна Гагарына і члены нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы.
«Я ўклала ўсю душу ў выступленне і атрымала вялікае задавальненне. Па-мойму, нумар атрымаўся выдатным. Было вельмі хвалююча, вялікая колькасць людзей на трыбунах, у тым ліку мае знаёмыя і блізкія. Аб’яднанне спорту і мастацтва — выдатны фармат, такое шоў аб’ядноўвае розных людзей», — адзначыла Настасся Салас.
Натхненне, каханне дапамагаюць ствараць. Сёння найлепшы час ствараць тое, што будзе цікава і карысна сучаснікам. Так, беларускія батутысты і акрабаты стварылі на «Мінск-арэне» ўнікальны нумар, які, можна не сумнявацца, запомніцца і выканаўцам, і артыстам.
Ствараць штосьці незабыўнае і грандыёзнае можна толькі, калі побач сябры. У блоку «Час сябраваць» свае таленты паказалі сябры Беларусі — артысты з Расійскай Федэрацыі і акрабаты з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Госці з кітайскай правінцыі Ганьсу прывезлі ў Мінск зусім свежы нумар. Як расказала харэограф-пастаноўшчык ансамбля па акрабатычным мастацтве, іх ансамбль удзельнічае ў розных шоў, але яны не былі такімі маштабнымі, як беларускае. Таму спецыяльна для яго — прэм’ера нумара. За некалькі гадзін да шоў з замежнымі артыстамі сустрэлася прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. Яна адзначыла, што беларускія спартсмены правялі гэты вечар не адны, а ў кампаніі з найлепшымі сябрамі. «Вашы краіны — Расія і Кітайская Народная Рэспубліка — нашы стратэгічныя партнёры. Мы заўсёды разам, і ў добрыя, і ў крыху больш складаныя часы. Сённяшняе шоу — самае прамое таму пацвярджэнне. Таму яшчэ раз ад імя Прэзідэнта — сардэчна запрашаем у нашу краіну! Я вельмі спадзяюся, што вам тут падабаецца. Разумею, што вы тут працуеце, вам не да экскурсій, не да забаў. Тым не менш спадзяюся, што вам хоць крыху ўдалося ўбачыць нашу краіну», — сказала яна. Наталля Эйсмант запрасіла гасцей прыязджаць у Беларусь не толькі дзеля шоў, а проста для таго, каб пазнаёміцца з нашай краінай. Прэсс-сакратар кіраўніка дзяржавы дадала, што замежныя госці ўпрыгожылі шоў «Час нашых перамог» сваім нацыянальным каларытам. «Гэта самае галоўнае. Вы прадстаўляеце свае краіны ў самым лепшым выглядзе. І вы проста ўпрыгожванне нашага шоў. Мы вам вельмі ўдзячныя», — адзначыла яна.
Калі ёсць натхненне, каханне і побач надзейныя сябры — час дзейнічаць для таго, каб памнажаць усё лепшае і добрае. Але, ствараючы задзел на будучыню, нельга забываць пра тое, што было раней, пра тых, дзякуючы каму сёння ёсць магчымасці дзейнічаць на карысць краіны. Час памятаць продкаў і іх подзвіг надыходзіць не толькі ў гадавіны, але і падчас святаў. Арганізатары шоў пра гэта не забылі.
Памятаючы мінулае, неабходна цаніць сённяшняе. Цаніць усё, што мы маем. І не проста цаніць, а ганарыцца тым, што ў нас ёсць, ганарыцца таленавітымі людзьмі, якія ёсць у кожным пакаленні. Пра гэта нагадалі першая ў Беларусі аліміпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач і яе вучаніца, бронзавы прызёр алімпіяды Аліна Гарнасько.
Сёння час ганарыцца людзьмі, беларусамі, якія ўвайшлі ў гісторыю. Напрыклад, такімі людзьмі як Іван Літвіновіч, першы ў гісторыі двухразовы алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце. Эмацыйны і неардынарны нумар гледачам шоў прадэманстравалі лідары нацыянальнай зборнай па скачках на батуце Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская. «Незвычайны досвед. Я першы раз выступаю ў падобных праектах. Але гэта вельмі цікава. Я думаю, гэта будзе асабліва цікава моладзі, бо гэта прыцягвае ўвагу да нашага спорту, раскрывае яго з прыгожага эстэтычнага боку. Спадзяюся, пасля шоў у скачкоў на батуце стане большп прыхільнікаў. — падзялілася ўражаннямі Віялета Бардзілоўская. — Я вельмі хвалявалася, не так, як на Алімпійскіх гульнях, але тым не менш, хвалявання было нямала».
Стаць першым, адкрыць новыя гарызонты немагчыма, не рызыкуючы. Час рызыкаваць — гэта значыць адкрыць у сабе новыя здольнасці і магчымасці. І спартсмены ведаюць пра гэта як ніхто іншы. Але для таго, каб рызыка апраўдалася, трэба быць разам з сябрамі, роднымі, аднадумцамі. І калі ўсе будуць разам, абавязкова надыдзе час нашых перамог!
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.