Вы тут

Лукашэнка: Праблемы і складанасці нас толькі ўмацоўваюць, калі мы не стаім на месцы


Саюзная тэматыка зноў у цэнтры ўвагі. Мінулы тыдзень скончыўся абмеркаваннем глабальных задач на саюзнай прасторы, новы тыдзень пачалі з супрацоўніцтва лакальнага, рэгіянальнага. Гэтымі днямі з афіцыйным візітам у Беларусі знаходзіцца дэлегацыя Ніжагародскай вобласці на чале з губернатарам Глебам Нікіціным. Графік візіту насычаны, і ключавое мерапрыемства ў ім — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.


Будзем сябраваць транспартам

Вітаючы гасцей, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адносіны паміж Беларуссю і Ніжагародскай вобласцю маюць вялікую гісторыю, яны развіваліся як пры цяперашнім, так і пры былым кіраўніку рэгіёна. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Ніжагародская вобласць значна рушыла наперад і стала адным з вядучых расійскіх рэгіёнаў. Па яго словах, беларускі бок ганарыцца тым, што мае да гэтага дачыненне. Аднак, зрабіў акцэнт Прэзідэнт, рухацца ёсць куды. «У нас 700 з лішкам мільёнаў долараў тавараабарот. Мы ставілі задачу мільярд. Я думаю, што пры нашым з вамі жыцці мы мільярда ўсё ж такі даб’ёмся. Нягледзячы на тыя праблемы і складанасці, якія сёння існуюць і, як аказалася, нас толькі ўмацоўваюць, калі мы не стаім на месцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што беларусы і ніжагародцы плённа супрацоўнічаюць у вытворчасці электратранспарту і пасажырскага транспарту.

Беларускі лідар прапанаваў наладзіць супрацоўніцтва ў суднабудаўнічым кірунку. «Справа нават не ў тым, што мы не марская дзяржава. Мы можам сур’ёзна дапамагаць у будаўніцтве рачных суднаў. Вы нямала, па-мойму, будуеце. Мы гатовы ўдзельнічаць сваімі прадпрыемствамі прамысловасці», — адзначыў ён.

Трэба ствараць беларускі гандлёвы дом

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок гатовы супрацоўнічаць у сельскай гаспадарцы. «Вы ведаеце нашы магчымасці. Гэта не толькі пастаўкі і продаж сельскагаспадарчай тэхнікі. Мы з гэтага пачыналі калісьці. Мы гатовы сумесна з вамі працаваць па вытворчасці, рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Гатовы пастаўляць неабходную прадукцыю на ваш рынак. У сваю чаргу, гатовы купляць у вас неабходныя для нас прадукты», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт прапанаваў стварыць у Ніжагародскай вобласці гандлёвы дом з беларускай прадукцыяй: «Я думаю, што нам трэба ствараць гандлёвы дом не толькі па продажы прадуктаў харчавання. Трэба ствараць гандлёвы дом, дзе мы будзем прадаваць і прамысловыя тавары для людзей, тавары народнага спажывання і адзенне, і абутак, і халадзільнікі, і маразільнікі, і тэлевізары — усё, што неабходна для Ніжагародскай вобласці. Такі гандлёвы комплексны дом».

Павінны быць гарантыі

Па словах кіраўніка дзяржавы, пры падтрымцы кіраўніцтва Ніжагародскай вобласці беларускі бок гатовы рэалізаваць любы праект. «Нам трэба толькі адно — падтрымка. Гарантыі, каб мы, як часта ў нас бывала, не патанулі ў гэтай вялізнай бездані расійскай. Пачынаем працаваць з нейкім прыватным прадпрыемствам — скінуў, збег, і мы знайсці яго не можам. Таму нам патрэбны гарантыі. Надзейнасць. Мы нікуды не збяжым, таму што ў нас прадпрыемствы буйныя ў асноўным дзяржаўнай формы ўласнасці. Яны ведаюць, што трэба рабіць, і робяць. Пры такіх умовах мы гатовы працаваць з вамі па ўсіх кірунках, якія вам патрэбны для далейшага развіцця гэтай цудоўнай вобласці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Глеб Нікіцін заўважыў, што адносіны Беларусі і Ніжагародскай вобласці старажытныя, у прамым сэнсе гэтага слова.

«Наш верны князь Аляксандр Неўскі быў жанаты на Аляксандры Полацкай (Параскеве)», — згадаў ён. Аляксандра (Параскева) Полацкая была дачкой беларускага князя Брачыслава Васількавіча. «Насамрэч гэтыя ўзаемаадносіны паміж землямі ідуць у глыбіню стагоддзяў», — сказаў Глеб Нікіцін.

«Глеб Сяргеевіч, я намёк ваш зразумеў. Цяпер Аляксандр беларускі павінен ажаніцца з вашай прыгажуняй», — пажартаваў у адказ Аляксандр Лукашэнка.

Аднак калі сур’ёзна, то, па словах Глеба Нікіціна, эканомікі Беларусі і Ніжагародскай вобласці падобныя, з розніцай у маштабах. «Высокатэхналагічны машынабудаўнічы комплекс і ў Рэспубліцы Беларусь, і ў Ніжагародскай вобласці дае магчымасць будаваць доўгатэрміновыя адносіны», — адзначыў губернатар. Ён падкрэсліў, што ў Ніжнім Ноўгарадзе размяшчаецца, напрыклад, інжынірынгавая кампанія «Атамбудэкспарт», якая займаецца будаўніцтвам атамных электрастанцый. У тым ліку яна займалася праектаваннем і каардынацыяй будаўніцтва БелАЭС. Таму, па словах Глеба Нікіціна, лічбы ўзаемнага тавараабароту ў многім былі звязаны з атамнымі праектамі, а таксама з дынамікай гандлю ў сферы вуглевадародаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

У тэму

Глеб Нікіцін: «Мы ў частцы нашага супрацоўніцтва настроены аптымістычна»

У размове з журналістамі Глеб Нікіцін назваў дынаміку развіцця адносін Беларусі і Ніжагародскай вобласці неверагоднай. «Гэта звязана з тым, што шмат у чым нашы эканомікі падобныя. І тая і іншая эканомікі грунтуюцца на высокатэхналагічных апрацоўчых галінах, таму шмат сувязяў у прамысловасці», — сказаў ён. Сумесным флагманскім праектам ён назваў фарміраванне рухомага саставу для рэформы гарадскога электратранспарту ў Расіі. «Мы з’яўляемся рэгіёнам — абсалютным лідарам па гэтай рэформе. Пры падтрымцы ўрада Расіі мы набываем 120 электробусаў беларускай вытворчасці. У нас будзе самы вялікі парк электробусаў пасля Масквы», — падкрэсліў Глеб Нікіцін. Рэгіён таксама дамовіўся аб набыцці ў Беларусі 170 трамваяў.

Губернатар Ніжагародскай вобласці звярнуў увагу, што кожны яго прыезд у Беларусь або правядзенне Савета дзелавога супрацоўніцтва ў Ніжнім Ноўгарадзе адзначаецца новым этапам і новым канкрэтным праектам. Напрыклад, па выніках папярэдніх яго сустрэч з Прэзідэнтам Беларусі былі падпісаны кантракт па стварэнні новай вытворчасці трамваяў, электробусаў. Да канца гэтага года ўся партыя з 62 электробусаў, вырабленых сумесна, будзе пастаўлена для патрэб Ніжняга Ноўгарада.

Яшчэ адным прыкладам беспрэцэдэнтнага характару ўзаемаадносін Глеб Нікіцін назваў рашэнне беларускага лідара аб тым, што Савет дзелавога супрацоўніцтва з беларускага боку ўзначаліць прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Таксама чарговы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе прымаць Ніжні Ноўгарад. Мяркуецца, што падчас форуму будзе адкрыта Генеральнае консульства Беларусі.

«Сёння з Прэзідэнтам абмяркоўвалі праекты ў сферы суднабудавання, у галіне хімічнай прамысловасці ў гуманітарнай сферы. Мы вельмі шануем узровень нашых гуманітарных адносін. У гэтым годзе мы ўпершыню правялі форум ВНУ Саюзнай дзяржавы ў Ніжнім Ноўгарадзе, — падкрэсліў Глеб Нікіцін. — Мы ў частцы нашага супрацоўніцтва настроены аптымістычна. І я вельмі цаню, што Аляксандр Рыгоравіч сам вядзе ўсе праекты, падтрымлівае і адзначае наша ніжагародскае імкненне да далейшага ўмацавання адносін з беларускімі партнёрамі».

Што да адкрыцця гандлёвага дома, то, паводле слоў Глеба Нікіціна, гэта пытанне ўжо прапрацоўваецца. Ужо нават падабрана месца для размяшчэння цэнтра. «Нам гэта выключна цікава. Гэта павінен быць сучасны варты нашага супрацоўніцтва і беларускіх вытворцаў цэнтр. Цяпер чакаем канчатковых рашэнняў. Мы гатовы да таго, каб адкрыць у сябе такі цэнтр», — сказаў губернатар Ніжагародскай вобласці.


Таксама ў рамках візіту Глеб Нікіцін сустрэўся са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.