Спартыўныя традыцыі жывуць, а тых, хто іх закладваў памятаюць. У Мінску ў 27-ы раз прайшў міжнародны турнір па баскетболе памяці першага міністра спорту, першага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Уладзіміра Рыжанкова. Уладзімір Мікалаевіч шмат працаваў для таго, каб у беларускіх спартсменаў былі ўмовы для плённага развіцця і ўсе магчымасці праявіць сябе. Ён унёс вялзіны ўклад у развіццё і станаўленне спорту ў нашай краіне, таму турнір яго памяці — традыцыя асаблівая.
«Я вельмі рады, што такі турнір у нас праводзіцца ўжо 27-ы раз. Гэта вельмі важнае пытанне не толькі для памяці чалавека, якому ён прысвечаны, хаця гэта, вядома, таксама вельмі важна. Я прыхільнік таго, каб турніры, асабліва для моладзі, насілі імёны людзей, якія некалі ўнеслі свой уклад у развіццё спорту або дасягнулі спартыўных вышынь. Для маладога пакалення гэта паказчык таго, што ў краіне ставяцца да людзей спорту з належнай увагай, на іх глядзяць, на іх раўняюцца. І такім чынам, на найлепшых прыкладах мы выхоўваем маладое пакаленне», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі баскетболу, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.
Асаблівы гэты турнір і тым, што ён у прамым сэнсе слова сямейны. І гаворка не пра вялікую баскетбольную сям’ю. Гэтыя спаборніцтвы аб’ядналі не адну спартыўную сям’ю. Найперш, канешне, сям’ю Рыжанковых. Як расказваў Максім Уладзміравіч у інтэрв’ю «Звяздзе», яго бацька вельмі любіў баскетбол.
У юнацкай зборнай Беларусі U-16 выступае сын алімпійскага чэмпіёна па гандболе Андрэя Барбашынскага, Захар. Кампанію яму складае яшчэ адзін алімпійскі нашчадак — сын алімпійскага чэмпіёна па веславанні Аляксандра Багдановіча Іван. Гулец гэтай каманды Яраслаў Гесць — малодшы брат знакамітага беларускага баскетбаліста, а сёння трэнера каманды «Мінск» Рамана Гесця. Дзявочую каманду трэніруе Алеся Лаловіч, дачка знакамітага баскетбольнага трэнера Віктара Бялевіча. Супадзенне?
Такім чынам, беларускім камандам падчас турніру дапамагалі не толькі дамашнія сцены, але і спартыўныя гены. Чэмпіёнамі турніру сярод юнакоў стала зборная Беларусі U-16. У вырашальным матчы нашы хлопцы абыгралі сапернікаў з каманды «Лакаматыў-Кубань» — 78:48. На трэцім месцы — юнацкая зборная Кыргызстана.
«Той план, які мы перад сабой ставілі, мы выканалі. Хаця было вельмі складана. Але хлопцы малайцы, справіліся з тымі задачамі, якія я перад імі ставіў. Пачатак не задаўся, але яны зразумелі, што ім трэба рабіць, за што ім гонар і пашана. Яны атрымлівалі задавальненне на пляцоўцы. Я ім заўсёды кажу, што баскетбол — гэта кайф, гэтае задавальненне і трэба рабіць усё, каб атрымаць задавальненне ад гульні», — падзяліўся сваімі ўражаннямі галоўны трэнер каманды Андрэй Клемезь. У мінулым годзе яго каманда заняла другое месца. Тады Андрэй Клемезь абяцаў, што наступны турнір яго хлопцы выйграюць. Абяцанне выканана.
У дзяўчат пераможцамі турніру сталі баскетбалісткі з Мыцішчаў. На другім месцы — прадстаўніцы беларускай зборнай. Трэцяе месца занялі дзяўчаты з Самары. У беларусаў ёсць усё падставы для гонару. Але, як заўважыў Максім Рыжанкоў, галоўнае ўсё ж такі не гэта. Па словах старшыні БФБ, галоўнае, што спартсмены атрымалі міжнародную спаборніцкую практыку, паколькі буйных спаборніцтваў для баскетбалістаў ва ўзросце да 16 гадоў вельмі мала. «Гэты турнір для спартсменаў — першая праверка сваіх здольнасцяў. Важна паглядзець на іх, паглядзець на работу трэнерскага складу, ацаніць, ці ў правільным кірунку яны рухаюцца, паглядзець, які ў іх фізічны і псіхалагічны стан. Паглядзець на замежныя, школы паглядзець, на што мы здольныя. — адзначыў Максім Рыжанкоў. — Раней, калі не было гэтых вар’яцкіх абмежаванняў, да нас прыязджалі каманды з еўрапейскіх краін, бо ім патрэбна была спаборніцкая практыка. Цяпер прыехалі краіны СНД, нашы расійскія сябры. Мы адкрыты для ўсіх. Турнір прайшоў цудоўна, атмасфера ўзрушаючая, усе задаволены вынікамі».
Мінулыя выхадныя былі насычаныя на добрыя баскетбольныя навіны. Салігорскі «Шахцёр» і жаночая зборная Беларусі сталі сярэбранымі прызёрам шостага сезону Адзінай Кантынентальнай Лігі па баскетболе 3×3. «Усе турніры, дзе мы ўдзельнічаем разам з Расіяй і нашым сябрамі з іншых дзяржаў, — гэта наш адказ на ўсе абмежаванні. Калі хтосьці думаў, што мы замкнёмся ў сабе і будзем галасіць, то вядома не. У нас дастаткова магчымасцяў спаборнічаць і высупаць на турнірах», — адзначыў Максім Рыжанкоў. Па яго словах, у Расіі баскетбол развіты на высокім узроўні, там шмат разнапланавых баскетбольных школ, таму канкурэнцыі з суседзямі беларускім баскетбалістам хапае. Што тычыцца Адзінай Кантынентальнай лігі па баскетболе 3×3, такія турніры як мемарыял Уладзіміра Рыжанкова, то кіраўнік БФБ адзначыў, што для беларускіх гульцоў гэта магчымасць выйсці за рамкі ўнутранага чэмпіянату і ўвесь час быць у тонусе. «Будзе заўтра чэмпіянат Еўропы — яны будуць там сябе нармальна адчуваць. Таму што элемент міжнароднага спаборніцтва за свой сцяг, з рознымі камандамі яны ўжо прайшлі і яны гэтага ўжо не баяцца», — перакананы Максім Рыжанкоў.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БФБ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.