Вы тут

Беларуская выцінанка — аб’ект нематэрыяльнай сусветнай спадчыны


Днямі беларуская выцінанка ўключана ў спіс ЮНЕСКА як аб’ект нематэрыяльнай сусветнай спадчыны. «Выцінанка, як і саломка, — гэта культура нацыі», — гаворыць старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута.

І ўжо не верыцца, што выцінанкі і саломка, якая таксама ўнесена ў спіс ЮНЕСКА, былі практычна цалкам забытыя альбо змянілі свой характар. Так, работа з саломкай, раней звязаная са жнівом, пачала развівацца на зусім іншай аснове. А пра выцінанку яшчэ 30 гадоў таму, калі б запыталіся ў гараджан, што гэта такое, многія наогул бы не згадалі. І вось феномен гэтага мастацтва: яно адрадзілася на нашых вачах і дасягнула такога ўзроўню, што яго прызнаў сусвет.


Давялося адраджаць з нуля

Праблема была яшчэ ў тым, што вырабы з паперы не захоўваліся. Гаспадыня магла выразаць часовую фіранку. Калі выраб заседжваўся мухамі — яго спальвалі, выкідалі. «Сёння ніводзін беларускі музей не мае вялікіх калекцый выцінанкі, як, напрыклад, у нашых суседзяў. Нам давялося адраджаць яе з нуля па ўспамінах старых людзей. Калі раней народная творчасць больш была звязана з утылітарнымі, бытавымі патрэбамі, сёння майстры перайшлі на пошук мастацкай вартасці. Гэта творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і выдатныя нацыянальныя сувеніры», — адзначыў Яўген Сахута. У нашых продкаў нармальным лічылася «пазычаць» ідэі і ўзоры, нават у суседніх вёсках маглі сустракацца вельмі падобныя вырабы. Сучасная выцінанка стала аўтарскай, сюжэтна-тэматычнай, у кожнага майстра — свой почырк. «Я, напрыклад, паглядзеўшы на выцінанку, магу сказаць, чыя яна па творчай манеры», — прызнаецца Яўген Сахута. Ён звярнуў увагу яшчэ на адну сучасную тэндэнцыю: на аснове выцінанкі вельмі актыўна развіваюцца розныя прыкладныя віды. Яе выкарыстоўваюць пры стварэнні паштовак, нацыянальнага строю, у якасці ілюстрацый да кніг. Нават станцыя метро «Кавальская Слабада» аформлена па матывах выцінанкі.

«Інструмент» для выхавання

А яшчэ выцінанка — гэта выдатны «інструмент» для выхавання дзяцей, знаёмства іх з культурай, гісторыяй, традыцыямі і нават этнафіласофіяй. Гэта заўважыла педагог узорнай студыі «Куфэрак фантазій» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» горада Мінска Вольга Налівайка. Так, ад яе выхаванцаў на выставе «Ад прадзедаў», якая праходзіць у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і прысвечана творчасці лаўрэатаў і дыпламантаў Мінскага гарадскога фестывалю-конкурсу народнай творчасці «Сузор’е», прадстаўлены тры дрэвы жыцця, зробленыя дзесяцігадовымі сястрычкамі Стэфаніяй і Міраславай Кузьмянко ды іх адзінаццацігадовай сяброўкай Ганнай Ганчар. «Дрэва жыцця — вельмі глыбокі сімвал. Ніз яго — нашы карані, сувязь з продкамі, ствол — моц нашых традыцый, лісце — будучыня, дзеці. Пры стварэнні гэтых работ выкарыстана традыцыйная тэхніка. Маюцца лініі сіметрыі, узяты колеры чорны, чырвоны і белы, як было прынята ў нашых продкаў. Якасць работ залежыць ад нажніц, паперы: чым яна больш тонкая, тым больш ажурнымі атрымаюцца вырабы», — адкрыўшы некаторыя сакрэты тэхнікі, Вольга Аляксандраўна адкрывае і іншыя магчымасці выцінанкі. Найперш, яе пазнавальную функцыю — выхаванцы студыі (а сюды прыходзяць займацца дзеці пачынаючы з шасцігадовага ўзросту) рэжуць работы на розныя тэмы: каляндарныя святы, сюжэты казак, былін, прымавак. Па падказку наконт тэмы дзеці могуць звярнуцца да бабуль і прабабуль. «Усё ўзаемазвязана: ткацтва, малюнкі на кераміцы, арнамент, выцінанка. Для работы ў любым з гэтых відаў мастацтва патрэбна паглыбленне ў культуру. Ва ўсім нашы продкі перадавалі сэнсы. Часам тое, што яны закладвалі, мы адчуваем на ўзроўні інтуіцыі. Цікава, як людзі ўспрымаюць выцінанку. Калі рэжаш работу, думаеш пра нешта сваё. Калі ж яе бачаць іншыя — у іх могуць быць іншыя думкі», — дзеліцца сваімі назіраннямі за магіяй выцінанкі Вольга Налівайка. А яшчэ выцінанка развівае камунікатыўныя якасці. На жаль, з развіццём сучасных тэхналогій дзеці страчваюць уменне наладжваць стасункі паміж сабой. Многія ўжо не могуць проста падысці да іншых малых і проста пазнаёміцца. Студыі, гурткі адрываюць дзяцей ад гаджэтаў, тут яны завязваюць сяброўства, дзеляцца поспехамі, падтрымліваюць адно аднаго, вучацца прэзентаваць свае ідэі.

Вольга Аляксандраўна, гэтак жа як і кіраўнікі іншых студый, спадзяецца, што ўнясенне выцінанкі ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА паспрыяе таму, што больш дзяцей будуць займацца творчасцю: «Я за тое, каб выцінанка была паўсюль: на гадзінніках, сшытках, майках, школьнай форме, сумках. Выкарыстоўвалася ў рэкламе, афармленні квіткоў, вітрын крамаў, сцэн. Выцінанка дае прыгожыя цені — на святах, канцэртах гэты эфект можна перадаваць пры дапамозе пражэктара. Хочацца, каб яна грымела паўсюль, праслаўляла Беларусь па ўсім свеце».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Магія выцінанкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.