Першы месяц зімы вырашыў узяцца за справу. З аўторка ў нашай краіне стане з кожным днём усё халадней. Такім чынам, да канца тыдня тэмпературны фон будзе паніжацца і наблізіцца да кліматычнай нормы снежня, паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сіноптыкі лічаць, што на працягу тыдня пад пераважным уплывам атмасферных франтоў і вільготных паветраных мас час ад часу будуць ісці ападкі: у аўторак і сераду — мокры снег і дождж, а ў далейшым — снег і мокры снег. Паводле папярэдніх звестак, у суботу вобласць павышанага атмасфернага ціску стане перашкодай для франтальных раздзелаў і ападкі спыняцца, праўда, ненадоўга. Ужо ў нядзелю атмасферныя франты зноў прынясуць у краіну новыя порцыі снегу, мокрага снегу, днём месцамі з дажджом.
У аўторак месцамі пройдуць невялікія ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах — слабыя туман, галалёд, на дарогах — месцамі галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла, а максімальная днём — ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.
Невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу чакаюцца і ў сераду. У асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 6 градусаў, а максімальная днём — мінус 3 — плюс 3 градусы.
У чацвер пахаладае больш адчувальна. У гэтыя суткі ноччу месцамі прагназуюцца невялікія ападкі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны — кароткачасовыя мокры снег і проста снег. У асобных раёнах могуць быць слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 6 градусаў, а ўдзень — мінус 4 — плюс 3 градусы.
У пятніцу будзе яшчэ халадней. У гэтыя суткі ноччу на большай частцы тэрыторыі, а днём месцамі па паўночным усходзе краіны пройдуць невялікі кароткачасовы снег і мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе выключна мінусавай — ад 2 да 9 марозу, ды і днём будзе не горача — ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла.
Максімальна холадна на гэтым тыдні будзе ў суботу. У гэты дзень чакаецца пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 7–12 градусаў, нават па захадзе краіны ад 3 да 6 марозу. Тэмпература днём будзе ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла.
Змешаныя ападкі снегу з дажджом чакаюцца ў нядзелю. На асобных участках дарог галалёдзіца, днём месцамі слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2 — мінус 9 градусаў, а максімальная днём — мінус 5 — плюс 2 градусы.
Сяргей КУРКАЧ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.