Магіляўчанка паскардзілася ад імя жыхароў мікрараёна на тое, што ў краме № 5 ад ААТ «Фірма «Кадзіна», па яе словах, няма водазабеспячэння, электрычнасці і іншых умоў для нармальнага функцыянавання. Акрамя гэтага, жанчыну турбуе недахоп кадраў у ЖЭУ 21, а таксама стан пешаходнай дарожкі ад клуба «Рэнесанс» да паліклінікі № 7. Ёсць у яе прэтэнзія і да работы «Водаканала». Яна паведаміла, што падвал жылога дома неаднаразова залівала. Грамадзянка сведчыць, што звярталася ў Магілёўскі райвыканкам, але праблемы не вырашаны.
Адказныя асобы пацвердзілі, што ўсе гэтыя факты маюць месца і па меры магчымасці выпраўляюцца. Мэр Магілёва Аляксандр Студнеў паабяцаў, што ў наступным годзе будзе зроблена пешаходная дарожка ад клуба да паліклінікі і адноўлены парэнчы ўздоўж яе. Крыху цяжэй выправіць сітуацыю па іншых пытаннях. Напрыклад, крама, па ацэнцы кіраўніцтва раёна, стратная, ёсць складанасці з разлікамі за камунальныя паслугі.
Яшчэ адна магіляўчанка аспрэчыла рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва аб зняцці яе з чаргі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яна сірата і дзеліць жылплошчу з бабуляй. Спецыялісты ж аргументавалі, што квадратных метраў у той кватэры, дзе яна зарэгістравана, хапае.
Пра патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў паведаміла таксама шматдзетная маці з Краснаполля. Ёй адмаўляюць, матывуючы, што метраў хапае. Заяўніца палічыла, што гэта незаконна. Кіраўніцтва райвыканкама адстойвае сваю пазіцыю.
Жыхар Слаўгарада паскардзіўся, што страціў права на льготную пенсію не па сваёй віне. Пэўны час ён працаваў у аграгаспадарцы трактарыстам, але гэта нідзе ў дакументах не адлюстравана. У іх ён фігуруе як кіроўца. Трактарысты маюць права на льготную пенсію, а вось кіроўцы — не. Мужчыне падказалі, што сваё права ён можа аспрэчыць у судзе. Калі ён знойдзе сведак, якія пацвердзяць факт, льготная пенсія можа быць назначана.
На разгляд узяты і пытанні кіраўнікоў СФГ «АграАўтоНова», якія пажадалі мець пясчаны кар’ер у Асіповіцкім раёне, а таксама землі ЗАТ «БНК» і саўгаса «Карытнае», якія не выкарыстоўваюцца. Пытанне з кар’ерам адпала адразу ж, паколькі гаспадарка жадае мець яго не для вытворчасці прадукцыі, а для продажу пяску. Што датычыцца другога, то кіраўнік вобласці параіў скласці бізнес-план, каб было відаць, што ў заяўнікаў хопіць сіл апрацоўваць зямлю, на якую яны прэтэндуюць.
Падводзячы вынікі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што пытанні складаныя і ў іх трэба будзе дэталёва разбірацца.
— Што датычыцца крамы ад аграфірмы «Кадзіна», то яна адназначна павінна існаваць, — заявіў ён. — Я думаю, дастаткова насыціць яе дадатковымі таварамі, і яна будзе ў плюсе. Самае галоўнае, што гэта трэба людзям, бо плодаагароднінная прадукцыя фірмы «Кадзіна» запатрабавана. Што датычыцца жыллёвых пытанняў, то яны заўсёды складаныя. Тым больш калі фігуруе шмат дзетак. Дзесьці ў людзей ёсць дадатковыя плошчы, а яны іх не ўлічваюць. Будзем уважліва разбірацца, пастараемся дапамагчы, але ў рамках дзеючага заканадаўства.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што зрэз пытанняў паступова мяняецца. Тых, што датычацца добраўпарадкавання, навядзення парадку, будаўніцтва дарог, дзіцячых пляцовак, стала менш.
— Гэта вынік таго, што мы ўсё аналізуем і імкнёмся накіраваць наш рэсурс на сістэмныя праблемныя пытанні, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка. — Сёння ўхіл ідзе не на якасць жылля, а на яго выдзяленне. Хаця жыллё будуецца: і для тых, хто мае ў ім патрэбу, і для шматдзетных сем’яў. Але пытанні ўзнікаюць. Часам людзі лічаць, што райвыканкамы павінны іх суправаджаць, папярэджваць. Але і ў людзей таксама мусіць быць нейкая адказнасць, яны павінны разумець, што і ад іх нешта залежыць, нейкія крокі застаюцца за імі. Дарога заўсёды мае два напрамкі. Дзяржава са свайго боку робіць усё, што магчыма. Гэта і сямейны капітал для шматдзетных, і льготнае крэдытаванне для тых, хто мае патрэбу. Хацелася б, каб людзі гэта разумелі і адэкватна ацэньвалі. Усе гэтыя дадатковыя стымуляцыйныя моманты бяруцца не проста з паветра, гэта залежыць ад усіх. Бо ад таго, як мы працуем, залежыць эканоміка. Бюджэт у нас сацыяльна скіраваны, і мы кожны год даём справаздачу, на якія артыкулы, якія мэты выдаткоўваем грошы. Там выразна відаць, што больш за палову ідзе менавіта на сацыяльную сферу.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.