10 па 15 снежня Вялікі тэатр Беларусі ператвараецца ў партал, дзе сутыкаюцца Сусветы. Прычым, не фігуральна: лічбавы свет і нейрасеткі, робаты ды іншасветы... выходзяць на оперную сцэну! І гэта акрамя сустрэч з гасцямі — а сёлета свае спектаклі прывозяць два тэатры з Расіі, прыязджаюць артысты і выканаўцы з замежжа, у тым ліку з далёкага Нікарагуа. Ды і ўласная прэм’ера...
Добры запеў — усяму парадак, як кажуць у Беларусі. На адкрыццё форуму абралі ці не самую сенсацыйную оперную пастаноўку ў свеце — «Галоўнае пытанне» Чувашскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета «Волга-опера». У чым яе адметнасць — опера і опера?.. Не, опера, да стварэння якой мелі дачыненне нейрасеткі і штучны інтэлект. І гэта пры тым, што жанр оперы лічыцца ці не самым кансерватыўным у тэатральным мастацтве. Але не, нават самыя смелыя эксперыменты у ім магчымыя. Напрыклад, калі да стварэння лібрэта і нават музыкі падключаецца нейрасетка. Вядома, задачы ёй ставяць людзі (аўтар ідэі Андрэй Папоў, кампазітар і адначасова дырыжор-пастаноўшчык Рустам Сагдзіеў), яны ж зацвярджаюць дэкарацыі і касцюмы, створаныя штучным інтэлектам. Ну, добра, падумаюць аматары высокага мастацтва, калі на сцэне гэта выканаюць усё ж людзі. Але і тут падыход незвычайны: у адной з роляў заняты сапраўдны робат! Да чаго ідзе гэты свет, калі опера — найскладанейшае мастацтва — рэагуе на змены, якія нясе час?..
Але чаго дзівіцца, так было заўсёды, і оперы акрамя забавы і задавальнення вельмі часта ствараліся як водгук на існаваўшыя ў чалавечым свеце ідэі, праз іх стваральнікі размаўлялі са сваімі сучаснікамі. І калі свет навокал мяняецца, то ці павінна опера заставацца ў нязменным стане, як гэта было ў па-за мінулым ці мінулым стагоддзі? Зразумела, што не. Але як гэта выглядае і гучыць (стваральнікі вырашылі выкарыстаць у творы адначасова дзевяць моў!), пабачаць тыя, хто загадзя паклапаціліся пра квіткі. Галоўнае — хутка адысці ад шоку, бо наперадзе сустрэчы, які з космасу вяртаюць на зямлю.
Ці не найлепш гэта зробіць «Вяселле Фігара» Вольфганга Амадэя Моцарта ў пастаноўцы дырыжора, народнага артыста Расіі Фелікса Корабава і рэжысёра Міхаіла Бычкова. Спектакль атрымаў адразу шэсць намінацый на галоўную расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска» ў 2022 годзе. У Мінску яе пакажа Варонежскі дзяржаўны тэатр оперы і балета 11 снежня. І гэта таксама нагода здзіўляцца: замахнуўшыся на святое (гэта ж Моцарт!), пастаноўшчыкі прапанавалі ўласную інтэрпрэтацыю камічнай оперы з пераносам дзеяння ў часы Першай сусветнай вайны. Адсюль больш блізкая да нас сцэнаграфія, ну і кантэкст, у якім найбольш выразна разыгрываюцца чалавечыя жарсці. Кіраваць (за дырыжорскім пультам) будзе Цімур Абсалуцінаў.
У беларускай нядаўняй прэм’еры «Яўгена Анегіна» Пятра Чайкоўскага таксама ёсць прадстаўнік Расіі, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў — галоўны дырыжор нашага Вялікага тэатра. Новую версію спектакля ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Ганны Маторнай прадставяць 12 снежня: прэм’ера, другі паказ. Але ў дні форуму нашы прэм’еры ўспрымаюцца з асаблівым настроем, таму што гледачу заўсёды хочацца, каб спектаклі Вялікага тэатра Беларусі былі такія ж рэзанансныя, як і пастаноўкі гасцей.
І яшчэ цікавы варыянт супрацоўніцтва — калі ў айчынных спектаклях можна пабачыць запрошаных артыстаў. На гэты раз абралі «Турандот» Джакома Пучыні (колішняя пастаноўка Міхаіла Панджавідзэ пра злосную прынцэсу з далёкага Кітаю, паказ запланаваны на 14 снежня). Партыю Турандот выканае Алена Міхайленка, салістка «Гелікон-опера» з Масквы. Калафа будзе спяваць Міхаіл Пірагоў з Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбургу. У партыі адданай каханню рабыні Ліў пабачым Лізавету Кулагіну (тэатр «Гелікон-опера»). А дырыжор — цяпер ужо наш Арцём Макараў.
Пад заслону (15 снежня) чакаем Гала-канцэрт, ужо па традыцыі. Але ёсць новаўвядзенне: сёлета яго асвятляе імя опернай дзівы сусветнага ўзроўню Алены Абразцовай — на сцэну выйдуць пераможцы і ўдзельнікі конкурсу, якія яна заснавала. Між іншым, сярод артыстаў з розных краін (нашчадкаў справы Алены Абразцовай шмат) ёсць і нашы: Андрэй Валенцій, Марта Данусевіч, Тарас Прысяжнюк, Іосіф Нікіценка, Дзмітрый Шабеця.
Але абазнаныя ведаюць: гала канцэрт адметны тым, што ў ім гучаць яркія оперныя арыі. Хто прыйдзе ўпершыню, то можа нават здзівіцца: гэта пазнавальныя прыгожыя мелодыі, цудоўныя галасы і жывыя спевы. Мастацтва, якое нараджаецца тут і цяпер, у цябе на вачах. Дык чаму б не хадзіць у оперу?..
Ларыса ЦІМОШЫК
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат