Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Мы павінны свой лёс вызначаць самі»


Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі працягнуўся ў Барысаве. Тут кіраўнік дзяржавы наведаў ТАА «Пожнснаб». Прыватнае прадпрыемства вырабляе пажарныя аўтацыстэрны, вышынную пажарна-выратавальную тэхніку, аўтамабілі мэтавага выкарыстання, спецыяльныя пажарныя машыны і іншую тэхніку


Фота БелТА

«Якія перспектывы? Попыт ёсць на прадукцыю», — першае пытанне ад кіраўніка дзяржавы. Дырэктар прадпрыемства Алег Дзярабін запэўніў, што попыт ёсць, прадукцыя запатрабавана і за мяжой.

Гэта прынцыповае пытанне. Трэба пашырацца

Візіт Прэзідэнта звычайнай працы прадпрыемства не парушыў — рабочы дзень ішоў сваёй чаргой. Аляксандр Лукашэнка крыху паразмаўляў з супрацоўнікамі розных аддзелаў. Сёння ў «Пожснаб» працуе 253 чалавекі. Як адзначыў Прэзідэнт, раз на прадукцыю ёсць попыт, то трэба пашырацца. «Што табе для гэтага патрэбна? Што трэба для таго, каб выпускаць у большых аб’ёмах і больш якасную тэхніку? — спытаў кіраўнік дзяржавы ў дырэктара. Як адзначыў Алег Дзярабін, для гэтага ўсё ёсць, на прадпрыемстве пастаянна ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя цэхі, пашыраецца мадэльны рад. «Калі табе нешта трэба, каб развівацца, скажы губернатару. Гэта прынцыповае пытанне. Мы ж увесь час, ты гэта адчуваеш, парымся, усе міністры гвалтам крычаць: „праграмы, праграмы“. Якія праграмы, што нам выдумляць? Касмічную ракету мы не будзем прыдумляць, яна нам не патрэбна. Але ў нас мора ёсць вытворчасцей і школ, як твае. Дык давайце іх развіваць і ўкладваць інвестыцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у гэтым плане прыватніку, які добра сябе зарэкамендаваў, трэба дапамагаць гэтаксама, як і дзяржаўнаму прадпрыемствамі. 

«Пожснаб» актыўна супрацоўнічае з буйнымі прадпрыемствамі, напрыклад, з МАЗам і расійскім КамАЗам. Раней прадпрыемства было партнёрам Mercedes, які як вядома, сышоў з нашага рынка. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе кампетэнцыі і напрацоўкі ад замежных кампаній трэба пакідаць у сябе, бо іх ніхто не гоніць, а рашэнне сыходзіць яны прымаюць самі. Ён адзначыў, што гэта тычыцца не толькі «Пожснаб», але і іншых прадпрыемстваў.

Прэзідэнту прадэманстравалі наяўныя і перспектыўныя праекты пажарнай і аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Усе этапы стварэння прадукцыі выконваюць спецыялісты «Пожснаб». Як адзначыў Алег Дзярабін, ад дызайну да вытворчасці рэальнага ўзору тэхнікі праходзіць каля года. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся і з выставай прадукцыі. Найважнейшымі элементамі сучасных тэхналогій тушэння пажару і выратавання людзей з вышынных будынкаў з’яўляюцца пажарныя пад’ёмнікі і пажарныя аўталесвіцы з вышынёй ад 30 да 90 метраў. А для абароны прамысловых аб’ектаў нафтагазаперапрацоўкі эфектыўныя пажарныя пенапад’ёмнікі. Наяўнасць хуткаснага ліфта на пажарнай лесвіцы, сістэма запамінання апошніх манеўраў, ёмістасць павялічанага аб’ёму для пенаўтваральніка з высокапрадукцыйнай помпай робяць сучасныя ўзоры вышыннай пажарнай тэхнікі незаменнымі для выратавання людзей у рэальнай надзвычай сітуацыі. Прычым, якасная вышынная пажарная выратавальная тэхніка вырабляецца вельмі абмежаванай колькасцю вытворцаў. Тэхніка «Пожснаб» нічым не саступае аналагам вядучых сусветных вытворцаў. Характэрнай асаблівасцю вышыннай тэхнікі барысаўскага прадпрыемства з’яўляюцца ўнікальныя характарыстыкі, якія значна пераўзыходзяць аналагічную прадукцыю іншых вытворцаў.

Як адзначыў Алег Дзярабін, замежныя партнёры не заўсёды разумеюць, як выбудавана супрацоўніцтва дзяржаўнага прадпрыемства МАЗ, прыватнага «Пажснаб» і дзяржаўнага органа МНС, які з’яўляецца заказчыкам некаторых узораў. «Дыктатура — ты не ведаў?» — пажартаваў на гэта Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўважліва цікавіўся ўсімі вытворчымі працэсамі. Ён вывучыў працэс зборкі спецыяльнай тэхнікі. Увазе Прэзідэнта прадставілі і вытворчасці кузаваў са шклапластыка. Асобна абмеркавалі перспектывы пашырэння вытворчых магутнасцей. Аляксандр Лукашэнка назваў надзвычай перспектыўным выраб прадукцыі са шклапластыка. Паводле яго слоў, варта прымяняць гэту тэхналогію і ў іншых сферах. Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што гэта можа быць цікавым інавацыйным праектам. Алег Дзярабін адзначыў, што на базе «Пожснаб» можна арганізаваць адпаведную вытворчасць. «Гэта рэвалюцыя», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, што калі патрэбна будзе дапамога — дзяржава падключыцца. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што пры неабходнасці паставіць перад айчыннымі вытворцамі задачу палепшыць якасць шкловалакна, што выкарыстоўваецца для вырабу шклапластыка, каб адысці ад закупак па імпарту і поўнасцю забяспечваць сябе ўласнай сыравінай і паўфабрыкатамі.

Невялікі перапынак у працы спецыялісты прадпрыемства ўсё ж зрабілі. Прычына больш чым уважлівая — размова з Прэзідэнтам

«Такія вытворчыя калектывы мы будзем падтрымліваць» 

Кіраўнік дзяржавы падзяліўся, чаму вырашыў наведаць «Пажснаб». І не толькі для таго, каб пазнаёміцца з яго дзейнасцю. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спецыялістам прыемна працаваць на такім прадпрыемстве і што больш важна — у яго вялікія перспектывы. «Таму для мяне важна, каб былі такія прадпрыемствы. Але калі ёсць попыт на рынку, ці можам мы вырабляць больш? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Такія прыватныя прадпрыемствы трэба падтрымліваць. Такія вытворчыя калектывы мы будзем падтрымліваць». Паводле слоў Прэзідэнта, важна, што, вырабляючы канчатковы прадукт «Пажснаб» мае сувязі з рознымі беларускімі прадпрыемствамі, перш за ўсё дзяржаўнымі, напрыклад МАЗ, «Полацк-шкловалакно» і іншыя. «Што ў гэтым дрэннага? Вы бераце ў іх паўфабрыкат, шасі і навешваеце суперсучасныя надбудовы для таго, каб яны выконвалі высакародныя мэты. Вашы машыны выконваюць высакародныя мэты — яны ратуюць людзей», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што «Пожснаб» — манапаліст у Беларусі. «Таму для мяне важна, ці будзем рабіць больш і прадаваць. Вельмі вялікая цікавасць, таму што вы, як лакаматыў, цягнеце іншыя прадпрыемствы тыпу МАЗ. Да таго ж, гэта камфортныя чыстыя, добрыя працоўныя месцы для людзей. Для мяне гэта важна. І не толькі таму, што мы знаходзімся ў нейкім перадвыбарчым перыядзе. Гэта важна было заўсёды», — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вясна, лета і пачатак восені, як правіла, прысвечаны сельскай гаспадарцы. Але, паводле яго слоў, позняй восенню і зімой трэба актыўна папрацаваць у прамысловасці. 

Патрэбны інавацыі і кампетэнцыі 

Прэзідэнт анансаваў, што ў бліжэйшы час будзе наведваць розныя перспектыўныя прадпрыемствы. Ён звярнуў увагу на размовы аб тым, што трэба будаваць новыя інавацыйныя прадпрыемствы. Але ў той жа час у беларускіх спецыялістаў не заўсёды ёсць адпаведныя кампетэнцыі, іх трэба набываць. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Адказнымі за гэта былі расійскія спецыялісты, але разам з імі працавалі і беларусы, вучыліся і пераймалі вопыт прама на практыцы. «У нас сёння дастаткова электрычнасці і мы вельмі танна ў параўнанні з іншымі рынкамі, прадаём гэта насельніцтву і будуем дамы электрыфікаваныя. Гэтая вялікая справа, мы ўжо і пасёлак такі пабудавалі, я яго паглядзеў, памацаў, насельніцтву вельмі падабаецца. Гэта вялікая справа», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Атрымалася падрыхтаваць і спецыялістаў. «Добра, што народ у нас талковы. Хутка гэтаму навучыліся. За адзін цыкл будаўніцтва атамнай станцыі мы ўсяму навучыліся», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы ўсё могуць рабіць самі. Але ствараць вялікія інавацыйныя праекты з нуля часта бывае дорага і доўга. Таму, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, больш мэтазгодна развіваць свае школы, там, дзе ўжо ёсць вопыт. У прыклад ён прывёў машынабудаванне. Беларуская прадукцыя з рухавіком унутранага згарання выдатна сябе зарэкамендавала, зараз на прадпрыемствах робяць электратранспарт, які таксама карыстаецца вялікім попытам. «На базе тых кампетэнцый, на базе таго, што мы ўмеем рабіць, трэба рухацца далей і грошы ўкладваць у гэта. Таму што мы ўжо гэта сваімі рукамі паспрабавалі зрабіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што і «Пажснаб» нельга спыняцца на дасягнутым, трэба і надалей супрацоўнічаць з беларускімі прадпрыемствамі.

«Нарадзілася ідэя — мы ж усе кабіны для аўтобусаў і іншае, іншае можам па вашых тэхналогіях замясціць на шкловалакно, шклапластык, які вы робіце. А будзе гэта дорага ці танней з металам, спецыялісты вывучаць. Калі гэта па эканоміцы пройдзе, мы пачнём аўтобусы рабіць па вашых тэхналогіях са шклапластыка», — расказаў Прэзідэнт. 

Таксама, паводле яго слоў, такія тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца ў самалётабудаванні, напрыклад, для вытворчасці крылаў для самалёта. Сёння на гэта ёсць запыт у расійскіх партнёраў. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дырэктар аднаго з расійскіх авіязаводаў скардзіўся на тое, што крыло з кампазітных матэрыялаў атрымліваецца цяжэйшым, чым трэба. Шклапластык — матэрыял лёгкі, што вельмі дарэчы для самалётабудавання. 

«Бяспека — гэта святая справа»

Спецыялісты прадпрыемства актыўна цікавіліся апошнімі навінамі. Таму першае пытанне ад барысаўчан — што дасць размяшчэнне ракетных сістэм «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі. «Гэта не ядзерная зброя, гэта звычайная. Ядзерную зброю прымяніць — гэта вялікая адказнасць. Пасля Хірасімы і Нагасакі ніхто яшчэ кнопку ядзернай зброі не націснуў. З наймагутных буйных дзяржаў, не кажучы ўжо пра Беларусь. Але я папярэдзіў усіх сваіх ворагаў, сяброў і праціўнікаў — калі толькі вы наступіце на лінію дзяржаўнай граніцы — адказ будзе імгненны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што «Арэшнік» не заражае тэрыторыі, але яго моц каласальная. «Магутная зброя, нам трэба абараняцца. Мы б яе ніколі не стварылі з нуля. — сказаў беларускі лідар. — Гэта вялізныя грошы, гэта тэхналогіі, гэта многія-многія пакаленні».

Прэзідэнт адзначыў, што яго просьба размясціць «Арэшнік» у Беларусі і згода на гэта Уладзіміра Пуціна ўзрушыла ўвесь свет. «А чаго бударажыцца? А чаго мы перажываем? Амерыканцы заўтра разам з немцамі, яны гэта заяўляюць, на ўзбраенне ў Еўропе стаяць зброю сярэдняй далёкасці. Але мы ў адказ гэта робім», — заявіў ён. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пускавую ўстаноўку беларусы зробяць самі. А ракету паставяць расіяне. Як адзначаў Уладзімір Пуцін, гэта будзе магчыма ў другой палове наступнага года. 

«Гэта наша абарона. Я павінен абараняць сваіх людзей, якія выбралі мяне прэзідэнтам. Гэта мой галоўны абавязак, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Бяспека — гэта святая справа Прэзідэнта. Таму я сюды ўвёз ядзерныя боегалоўкі, не адзін дзясятак, каб вы ведалі. Многія пішуць „а, гэта жарт, ніхто нічога не ўвёз“. Увезлі. А тое, што яны гавораць, што гэта жарт, значыць, не заўважылі, як мы сюды іх завезлі. Мы пра гэта не гаворым, гэта наша справа. Адказ будзем і такім. Але калі ў нас будзе такая звычайная магутная зброя, перш чым да нас сунуцца з танкамі, БМП, якія палякі закупляюць ад Карэі да Амерыкі і нейкімі там іншымі ракетамі, яны моцна падумаюць, таму што адказ будзе сур’ёзным».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі пляцоўкі для размяшчэння «Арэшніка» на беларускай тэрыторыі ёсць. Таксама ён нагадаў, што мэты для прымянення «Арэшніка» будзе вызначаць беларускае ваенна-палітычнае кіраўніцтва. Але абслугоўваць гэтыя сістэмы будуць дапамагаць расійскія спецыялісты, пакуль беларусы гэтаму не навучацца. «Можа быць, непапулярны крок перад выбарамі. Але ж мы жывём не адным днём, і не аднымі выбарамі. Для нас вельмі важна захаваць на будучае нашу бяспеку, каб вы маглі на прадпрыемстве працаваць і зарабляць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Трэба зберагчы сваю краіну, не дапусціць, каб было, як у Сірыі» 

Гарачая тэма апошніх дзён — падзеі ў Сірыі. «Як такое магло адбыцца, і як мы будзем будаваць адносіны з народам Сірыі?» — спыталі ў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў яго вялікая гісторыя адносін з гэтай дзяржавай і яе лідарамі. Ён распавёў, што добра сябраваў з бацькам Башара Асада — Хафезам Асадам. «Хафез Асад — гэта была велічыня. Вы заўважылі, што Хафез Асад, Садам Хусэйн у Іраку, Муамар Кадафі ў Лівіі, Фідэль Кастра на Кубе — як яны (заходнія апаненты — Зв.) толькі іх ні паласкалі, „і дыктатары, і варвары, і народ забіваюць і ядуць...“ — што толькі ні казалі. Бо яны нічога не маглі з імі зрабіць. Я добра іх ведаў. Гэта былі моцныя людзі. Яны стаялі за свой народ, за сваю дзяржаву, за захаванне», — адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у сітуацыі з Сірыяй для беларускага боку важны вопыт. Ён зазначыў, што Сірыя стала палігонам для барацьбы інтарэсаў буйных дзяржаў, да гэтага яшчэ падключыліся розныя незаконныя фарміраванні. Расія, Беларусь і Іран падтрымлівалі законную ўладу ў Сірыі і прэзідэнта Башара Асада. «Я думаю, што амерыканцы (падстаў у мяне няма заяўляць, але тым не менш) прафінансавалі, зброю далі гэтым незаконным фарміраванням, так званая апазіцыя. І яны атакавалі ў канцы лістапада сірыйскія падраздзяленні, — нагадаў, як развіваліся падзеі Аляксандр Лукашэнка. — Там цяпер такі замес, што гэта толькі пачатак, мне здаецца. А зараз жа яшчэ пачнецца барацьба за ўладу. Прэзідэнт з’ехаў, улады практычна няма, зайшлі розныя калоны. І вось яны прыйшлі і зараз ідзе дзяльба ўлады».

Прэзідэнт канстатаваў, што зараз у Сірыі ідзе барацьба асноўных сусветных ігракоў. «Гэта для нас урок. Мы павінны свой лёс вызначаць самі і нікога тут унутры быць не павінна. Вось цяпер многія крычаць: „вось Расія тут акупавала“. Паслухайце, не са мной, ніхто тут нікога не акупаваў. Тое, што яны нам дапамагаюць, — дзякуй», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў беларусаў і расіян адна Айчына ад Брэста да Уладзівастока. Айчына агульная, але дзве дзяржавы, зрабіў акцэнт ён. Паводле слоў Прэзідэнта, многія віды беларускай прадукцыі вельмі запатрабаваны на расійскім рынку, у тым ліку і прадукцыя «Пажснаб». 

«Трэба зберагчы сваю краіну, не дапусціць, каб было, як у Сірыі. — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Не дай бог у 2020 годзе не вытрымалі б, — тут бы ўжо былі ўсе і НАТА, і амерыканцы за спіной падштурхоўвалі б палякаў, у іх свае інтарэсы. Нам гэта патрэбна? Нам гэта не патрэбна. Мы вытрывалі і мы будзем выбудоўваць сваю краіну. Я хачу, каб быў мір».

Беларускі лідар таксама пракаментаваў, што Джо Байдэн назваў Башара Асада дыктатарам. «Які Башар Асад дыктатар? Урач па прафесіі...» — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка расказааў, што яго з прэзідэнтам Сірыі звязвалі цёплыя чалавечыя адносіны, і называць Асада дыктатарам зусім няправільна. «Вы бачыце, як усё гэта разгортваецца, як дэманізуюць кіраўнікоў дзяржаваў. Мне гэта знаёма і вам таксама, у вас жа дыктатар кіруе краінай, — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Зразумейце: дыктаваць можна тады, калі ёсць рэсурс нейкі, ядзерная зброя, „Арэшнік“ на складах і іншае. Калі ты можаш, як Сталін, нешта зрабіць... У нас што, такі рэсурс, што мы Расіі, Польшчы, Еўрасаюзу будзем нешта дыктаваць? Не. Таму ніякай дыктатуры. Я цудоўна разумею, што такое дыктатура і што для гэтага трэба. У нас для гэтага няма рэсурсу. У Сірыі тым больш гэтага не было».

Як заявіў кіраўнік дзяржавы, ва ўсім, што адбываецца ў Сірыі, вінаватыя заходнія краіны і ЗША, якія пераследвалі свае мэты. «Трэба было зламаць. Нафты там шмат, газу. Трэба аднекуль кудысьці праз Сірыю газаправод пракласці на ўзбярэжжа Міжземнага мора. Усё гэта ў інтарэсах Захаду і амерыканцаў. І галоўную ролю адыгрываюць там яны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я ўпэўнены, што апазіцыйныя сілы, якія б яны там ні былі, яны з намі, з Расіяй, адносіныірваць не будуць. Яны не ідыёты. Яны прынамсі будуць абапірацца на два крылы: захад захадам — там сіла і іншае, з імі сварыцца сірыйцам не трэба, але і з намі яны адносіны рваць не будуць. Калі разарвуць, лічыце, што гэта амерыканцы і Захад зрабілі, але не сірыйская ў тым ліку апазіцыя. Ну, пажывём, убачым», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Бацька меў рацыю тады»

Прэзідэнта папрасілі пракаментаваць справаздачу Кангрэса ЗША аб прычынах узнікнення і спосабах барацьбы з пандэміяй каранавіруса. У нядаўна апублікаванай справаздачы «Агляд дзеянняў пасля пандэміі COVID-19: вынятыя ўрокі і шлях наперад» ад спецкамітэта па каронавіруснай пандэміі пры Кангрэсе ЗША сказана, што метады барацьбы з інфекцыяй былі палітычна матываванымі. Гэтак жа аўтары дакладу дашлі да высновы, што абавязковае нашэнне масак было непатрэбным, а лакдаўн моцна нашкодзіў сусветнай эканоміцы, справакаваўшы «ашаламляльны» рост інфляцыі і ўзровень беспрацоўя. 

У Аляксандра Лукашэнкі спыталі, ці прыемна, што ягоную правату прызналі на сусветным узроўні. «Прыемна, не прыемна... У палітыцы такіх паняццяў няма. Але асабіста, як чалавеку... Калі я прачытаў упершыню гэтую інфармацыю, камусьці з блізкага кола я сказаў: ну што? Больш ніякіх пытанняў не задаваў: вось, пераканаліся? — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне прыемна, калі вам прыемна».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што тады не ўсе падтрымалі яго пазіцыю. І ніхто, акрамя Беларусі, не ішоў такім шляхам. Больш за тое, паводле слоў Прэзідэнта, нават некаторыя вышэйшыя службовыя асобы ўсумніліся ў правільнасці такіх рашэнняў. Паступалі нават прапановы адправіць усіх на «удалёнку», што, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, было зусім непрымальна. «Якая ўдалёнка? Калі б „ПАЖСНАБ“ спыніўся (хоць вы і прыстойны манапаліст у свеце), наўрад ці вы б сёння са мной размаўлялі на гэту тэму. Можа быць, вы і захаваліся (вы ж манапалісты), але вы б адсталі, а можа быць, і не захаваліся б. А нашы прадпрыемствы — дакладна ні адно не працавала б», — выказаў меркаванне Прэзідэнт. Ён адзначыў, што беларускім машынабудаўнічым прадпрыемствам у выпадку спынення сваёй работы спатрэбіліся б сотні мільёнаў долараў для таго, каб зноў устаць на ногі. Прычына простая — нашы прадпрыемствы замясцілі б замежныя канкурэнты.

«Я ўжо жартаваць пачаў: для таго, каб вылечыцца (да сялян ехаў — яны ж усе працавалі), трэба трактар і сто грам, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Выстаялі. Сёння ўжо амерыканцы, якія тролілі мяне ўвесь час, прызналі. Яны паўтарылі праз некаторы час усё тое, што я казаў».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэтая сітуацыя — урок для людзей. У першую чаргу, напамін аб тым, што трэба берагчы сваё здароўе. Па словах кіраўніка дзяржавы, выхваляцца няма чым, людзі паміралі. Але, падкрэсліў ён, паміралі людзі з лішняй вагой, з цукровым дыябетам, з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. «Гэта адкуль? Ад нашай ляноты. Таму я вас падштурхоўваю: на вуліцу, на вуліцу, не можаце бегаць — хадзіце, не можаце хадзіць — бегайце. Трэба займацца сабой, каб не хадзіць у аптэку, каб потым не парыцца. — адзначыў беларускі лідар. — Таму мы мелі рацыю. І я ў гэтым плане рады, што вы нарэшце зразумелі, што Бацька меў рацыю тады», — падсумаваў Прэзідэнт.

Валерыя СЦЯЦКО
Барысаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.