Вы тут

«Яркая старонка ў летапісе горада» Фестываль «Мінск адзіны» ўразіў сваім размахам


Днямі на базе Палаца культуры МАЗ стартаваў культурна-патрыятычны фестываль «Мінск адзіны». Да канца года ва ўсіх раёнах горада будуць праходзіць насычаныя канцэртныя праграмы. Раённыя этапы фестывалю пройдуць у фармаце адборачных тураў. Фіналам стане гала-канцэрт на адной з буйных пляцовак сталіцы ў студзені 2025 года. Ён збярэ найлепшыя творчыя нумары з усіх раёнаў. Карэспандэнты «Звязды» наведалі мерапрыемства, якое дало старт сталічнаму фестывалю яднання.


Не проста канцэрты

На пляцоўцы Палаца культуры МАЗ жыхароў і гасцей сталіцы сустракала выстава грузавой, пасажырскай і спецыялізаванай тэхнікі прадпрыемства. У фае — выстава-дэгустацыя харчовых тавараў раённых прадпрыемстваў, на другім паверсе — экспазіцыя творчых работ. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Юрый Фралоў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Мінгарсавета.

«Фестываль „Мінск адзіны“ — гэта не проста канцэрты, — расказала начальнік упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Кацярына ЛУЧЫНА. — Усе раёны горада арганізоўваюць спецыяльныя выставы. Гэтым разам, напрыклад, мы ўбачылі выставу тэхнікі МАЗа. У іншых раёнах можна будзе ўбачыць выставы іншых арганізацый, выступленні іншых працоўных калектываў. Мэта нашага праекта — паказаць, што зусім не важна тое, у якой сферы ты працуеш, няхай гэта будзе культура, адукацыя або ахова здароўя. Мы ўсе — адзіны народ, адзіная краіна і моцная дзяржава. Нават турысты, якія прыязджаюць да нас, заўсёды кажуць аб тым, што беларусы — гэта не толькі добры, працавіты, але і вельмі таленавіты народ. Гэтымі канцэртамі мы імкнёмся данесці, што ў нас ёсць не толькі добрыя, таленавітыя і прафесійныя артысты, але і звычайныя людзі, якія таксама хочуць і могуць паказаць сябе».

Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ адзначыў: «У рамках „Марафону адзінства“, які пройдзе ў 20-х чыслах студзеня ў горадзе Мінску, адбудзецца фінальны канцэрт з найлепшых нумароў нашага гарадскога фестывалю». Па яго словах, кожны раён мае свае культурныя, эканамічныя і іншыя асаблівасці: «Гэтым разам мы паглядзелі, наколькі прамысловы Заводскі раён багаты сваёй тэхнікай, сваімі дасягненнямі ў галіне машынабудавання. Мы ўбачылі і тое, якія творчыя людзі працуюць тут. Гэта простыя людзі, якія сваёй творчасцю і дасягненнямі выказваюць цудоўнае стаўленне да нашай любімай Беларусі».

Кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы Уладзімір ШЫБЕКА прызнаўся, што моцна хвалюецца за ўсіх канкурсантаў, якія паказваюць свае таленты на сцэне: «Гэта звычайныя людзі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, адміністрацыі раёна, устаноў аховы здароўя, якія, як аказалася, выдатна спяваюць і могуць скласці добрую канкурэнцыю прафесійным артыстам. Заводскі раён знакаміты не толькі прамысловым патэнцыялам і сваімі вытворчасцямі. У нас ёсць выдатныя людзі, якія таленавітыя не толькі на канвеернай лініі, але і ў другой частцы свайго жыцця — як акцёры, добрыя спевакі. Для многіх захапленне музыкай, творчасцю з’яўляецца свайго роду аддушынай для таго, каб атрымліваць добрыя поспехі ў прафесійнай дзейнасці, а гэта вельмі важна».

«Носьбіты культурнага кода нацыі»

Урачысты старт фестывалю «Мінск адзіны» ў Заводскім раёне даў генеральны дырэктар МАЗа, дэпутат Мінгарсавета Валерый ІВАНКОВІЧ. «Мы сапраўды адзіныя ў сваіх памкненнях, пачынаннях і намерах. Мы ўсе разам уносім свой уклад у развіццё краіны», — заўважыў ён.

На сцэну выйшлі салісты і самадзейныя калектывы, таленавітыя выканаўцы з прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў Заводскага раёна. У іх ліку — Марына Аленская, Вольга Хадаркевіч, Наталля Чарканава і іншыя. Іх выступленні суправаджалі харэаграфічныя калектывы палацаў дзяцей і моладзі «Золак» і «Арыён», Палаца культуры МАЗ і дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М. І. Аладава — духавы аркестр «Грант», ансамбль «Горліца», узорны тэатр танца «Ірыс-шоу», харэаграфічны калектыў «Аксаміт» і іншыя.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый ШАЎЦОЎ (ён выбіраўся ад акругі, якая ўключае ў сябе Заводскі раён) увогуле лічыць, што старт акцыі менавіта ў гэтым раёне быў дадзены невыпадкова: «Выдатную акцыю — фестываль „Мінск адзіны“ пачынае менавіта Заводскі раён, таму што ён — сапраўдны знак якасці. Вы думаеце, што фестываль пачаўся ў Заводскім раёне толькі таму, што мы першыя па літары алфавіта? Канешне, не! Мы найлепшыя, і час выбраў нас!»

«Гэты фестываль — яскравая і эмацыянальная праява гонару за таленты раёна, за нашых людзей, — заўважыў Уладзімір Шыбека. — Ён з’яўляецца сімвалам згуртаванасці, дэманструе наша адзінства незалежна ад узросту і прафесіі. Упэўнены: „Мінск адзіны“ стане яркай старонкай у летапісе нашага горада».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат