Вы тут

Хадзьба супраць балячак


Можна павольна і сумна блукаць па парку, а можна ператварыць кожную прагулку ў паўнавартасную трэніроўку па скандынаўскай хадзьбе. Гэты спорт прымушае працаваць больш за 90 % мышцаў нашага цела, а абмежаванняў для заняткаў амаль няма. Чым карысная хадзьба з палкамі і якія праблемы можна вырашыць з яе дапамогай, расказвае ўрач-гігіеніст аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аліна МЯДЗВЕДЗЬ.


Прыйшла з вялікага спорту

У аснове скандынаўскай хадзьбы ляжыць пэўная тэхніка перамяшчэння з выкарыстаннем палак, падобных на лыжныя. Такая хадзьба мае шмат назваў: паўночная, нарвежская, нардычная, фінская, аднак гэта адзін і той жа від.

Упершыню хадзьбу з палкамі па перасечанай мясцовасці пачалі ўкараняць фінскія лыжнікі напрыканцы XX стагоддзя. Падобныя трэніроўкі дазвалялі ім у летні час не губляць спартыўную форму, а зімой дэманстраваць алімпійскія рэкорды.

Некаторы час такі тып трэніровак выкарыстоўваўся толькі прафесійнымі спартсменамі. Аднак неўзабаве на яе звярнулі ўвагу медыцынскія работнікі і спецыялісты па фізічнай культуры. У выніку з’явіўся новы тып фізічных практыкаванняў, які спалучае як аздараўленчыя, так і спартыўныя элементы.

Скандынаўская хадзьба мае шмат агульнага з такімі методыкамі аздараўленчых заняткаў, як бег, пешыя прагулкі і катанне на лыжах. І пры гэтым мае некалькі пераваг перад імі.

У чым карысць?

Навукоўцы падлічылі, што пры скандынаўскай хадзьбе атрымліваюць павышаную нагрузку каля 90 % усіх мышцаў чалавечага цела, а пры звычайнай — толькі 70 %. Рэч у тым, што ўжыванне палак пры нарвежскай хадзьбе павялічвае нагрузку на мышцы верхняй часткі тулава — рук, шыі і плячэй. Акрамя таго, нагрузка, асноўная частка якой пры хадзьбе прыпадае на ногі і ніжнюю частку тулава, больш раўнамерна размяркоўваецца. Спіна застаецца прамой, што важна для людзей з праблемным пазваночнікам.

Пры скандынаўскай хадзьбе спальваецца на 50 % больш калорый, чым пры звычайнай. Вялікая энергаёмістасць спрыяе трэніроўцы мышцы сэрца (павышае частату сардэчных скарачэнняў на 10–15 удараў за хвіліну). Тое ж самае можна сказаць і пра бег. Аднак ён стварае значна большую нагрузку на сардэчна-сасудзістую сістэму. А гэта значыць, што скандынаўская хадзьба з палкамі падыдзе не толькі спартсменам, але і нетрэніраваным людзям, у тым ліку з лішняй вагой, якія маюць праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай.

Акрамя таго, скандынаўская хадзьба павышае тонус мышцаў, паляпшае работу сэрца, выпраўляе постаць, паляпшае каардынацыю, зніжае артэрыяльны ціск, павялічвае вынослівасць, знімае стрэс і мышачныя спазмы, памяншае болі ў пазваночніку, спрыяе выпрацоўцы эндарфінаў — гармонаў добрага настрою.

Аднак, як і любая фізічная нагрузка, скандынаўская хадзьба мае шэраг абмежаванняў. Пры наяўнасці хранічных паталогій абавязкова трэба пракансультавацца перад пачаткам заняткаў з урачом.

Алена КРАВЕЦ

Фота: pixabay.com.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат