Мастацтва — важны і неад’емны складнік у фарміраванні асобы маладога чалавека. Тое, што беларускія мастакі ў сваіх творах адлюстроўваюць важныя падзеі айчыннай гісторыі, памятныя месцы і ўнікальныя пейзажы роднай краіны, натхняе маладое пакаленне цаніць сваю радзіму і ганарыцца тымі мясцінамі, дзе нарадзіўся. Бо менавіта на роднай зямлі творцы робяць свае першыя крокі ў мастацтве, заяўляюць пра сябе ў прафесіі. На адной з нядаўніх сустрэч мастакоў з журналістамі якраз і пагаварылі пра магчымасці самарэалізацыі і ўплыў гісторыка-культурнай спадчыны на фарміраванне самасвядомасці і выхаванне моладзі.
Так, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык агучыў думку, што ў выхаванні пачуцця прыгожага і для ўсведамлення яго каштоўнасці вялікую ролю адыгрывае прысутнасць мастацтва ў навакольным асяроддзі:
— Мы бачым, як апошнім часам у нас шмат чаго змянілася ў гэтым кірунку, і вялікая ўвага ўдзяляецца рэканструкцыі помнікаў, музеяў. І аб’екты, якія ствараюцца, працуюць на фарміраванне маладых людзей, на іх эстэтычнае, патрыятычнае і культурнае выхаванне. Наша прапанова, каб гэтага станавілася яшчэ болей. Каб 1–2 % ад новых пабудоў аддавалі на мастацкае афармленне. І калі чалавек будзе прачынацца, ісці ў школу, на працу і бачыць пэўнае мастацтва, то гэта стане адкладвацца ў яго падсвядомасці. І праз гады «25-ы кадр» спрацуе. Трэба максімальна напаўняць мастацтвам асяродак (гарадскі асабліва), і праз гадоў дзесяць мы адчуем яшчэ больш плюсаў такой тактыкі для нашых маладых людзей.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч заўважыў:
— Аснова нашай культуры — традыцыі, нашы карані, наш боль, перамогі — усё тое, што фарміруе разуменне патрыёта. Чалавек можа быць патрыётам сваёй зямлі толькі тады, калі абапіраецца на гэты фундамент. Я вельмі рады, што наш Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў актыўна працуе і з Акадэміяй мастацтваў, і з Беларускім саюзам мастакоў, паколькі ў нас агульная задача дзеля будучыні, — адзначыў ён. — Работа, якая вядзецца намі, нацэлена на тое, каб у моладзі фарміраваліся заяўленыя каштоўнасці, закладваліся пэўныя асновы творчасці.
Знакавай падзеяй для мастакоў з’яўляецца конкурс «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва». Ён праходзіць раз на тры гады з мэтай адраджаць, развіваць і папулярызаваць найлепшыя традыцыі і дасягненні нацыянальнага выяўленчага мастацтва і звяртаць увагу шырокай аўдыторыі на гэты кірунак. Так, летась сярод лаўрэатаў конкурсу апынулася студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марта Шчэрбіч, якая перамагла ў намінацыі «Творчы дэбют» са сваёй работай «Калейдаскоп». І гэта адзін з наглядных прыкладаў, што маладым у нас — дарога, бо ім ёсць што сказаць.
— Я вельмі цаню, што знаходжуся сярод творцаў, якімі заўсёды захаплялася. Пра гэта я нават марыць не магла. Таксама хачу выказаць сваё захапленне работамі, якія бачыла ў мемарыяльных комплексах і ў іншых месцах, дзе звяртаюцца да сацыяльных тэм, да тэм, што кранаюць душы. Гэта мова мастацтва, якая спрыяе разуменню вельмі важных сэнсаў, — падзялілася лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва, студэнтка БДАМ Марта Шчэрбіч. — І пасля такога звароту да нашай гісторыі і культуры, да традыцый і знаходак сучасных мастакоў я адчуваю, што з’яўляюся часткай нечага глабальнага, што дае мне сілы і натхненне.
Алена ДРАПКО
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.