На Гомельшчыне больш за 180 дашкалят і малодшых школьнікаў адначасова змогуць аздараўляцца ў абноўленым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Крыштальны». Адзіная ў сваім родзе ў рэгіёне ўстанова пачала працаваць пасля рэканструкцыі ў Гомелі. Аднаўленчыя работы фінансаваліся за кошт Дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Плошча цэнтра павялічылася ў паўтара разы: узведзены новы шматфункцыянальны корпус, праведзена рэканструкцыя існуючага будынка, абноўлены харчблок, сталовая, лабараторыі, адміністрацыйны блок, абсталяваны прапускны пункт.
— Мы працуем на будучыню, а самыя важныя для нас укладанні, самыя эфектыўныя інвестыцыі — нашы дзеці, іх здароўе, развіццё, адукацыя, камфорт, — падкрэсліў падчас урачыстага адкрыцця цэнтра старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Як адзначыў кіраўнік рэгіёну, ДРАЦ «Крыштальны» — адзіная ў вобласці ўстанова, прызначаная для пражывання дзяцей з трох да сямі гадоў без бацькоў. Тут адкрыты 12 груп агульнай умяшчальнасцю 185 дзяцей. Прымаць цэнтр будзе дашкалят і малодшых школьнікаў з усёй вобласці, а працаваць — круглы год.
— Цікавасць да такога аздараўлення вялікая. Аддзелы адукацыі ўжо фарміруюць групы для заездаў. Увод новага аб’екта — чарговы доказ сацыяльнай накіраванасці дзяржаўнай палітыкі, прыярытэтнага напрамку ў дзейнасці нашага Прэзідэнта, які пастаянна падкрэслівае: беларуская дзяржава робіць усё магчымае для здароўя і шчасця дзяцей, — звярнуў увагу губернатар.
Іван Крупко ўручыў сертыфікат на 50 тысяч рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра. Сертыфікат на 100 тысяч рублёў для абсталявання інтэрактыўнай гульнявой зоны падчас урачыстага адкрыцця цэнтра перадаў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.
«Крыштальны» вылучаецца вялікай колькасцю працэдур: спелеатэрапія, святло-, электралячэнне, гразі, фіталячэнне. Ёсць басейн з мінеральнай вадой, аздараўленчыя ваны, фітабар, інгалятар, стаматалагічны і масажны кабінеты. Створаны ўсе ўмовы для аздараўлення аслабленых дзяцей, у тым ліку калясачнікаў. Абсталяваны прагулачныя пляцоўкі, пакоі вольнага часу і кружкавой работы, лега-цэнтр.
На важнасць адкрыцця падобнага сучаснага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра менавіта для Гомельшчыны — рэгіёну пацярпелага ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС — звярнуў увагу памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
— Мы ганарымся, што ў нашай краіне ёсць такая магчымасць, вядома ж, з падтрымкі кіраўніка дзяржавы рабіць такія ўнікальныя цэнтры для нашых дзяцей, — падкрэсліў памочнік Прэзідэнта.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.