Вы тут

Што можа напаткаць дзяцей без нагляду бацькоў?


Наступствы могуць быць самыя розныя. У нашым канкрэтным выпадку справа дайшла да суда. Прычым як у адносінах бацькі, так і яго сына-падлетка. Цяпер яны, згодна з заканадаўствам, чужыя адзін аднаму людзі. Менавіта з такім «багажом» уступае ў дарослае жыццё падлетак, які і сам знаходзіцца ў спецыяльнай установе закрытага тыпу. Узнікае пытанне: ці маглі ў свой час паўплываць бацькі на паводзіны сына? У Кастрычніцкім раённым судзе горада Гродна расказалі, як дзяржава абараняе дзяцей, калі бацькі забываюць пра свае абавязкі.


Падчас судовага працэсу

У невялікім пакоі разглядаецца справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў Андрэя К. Па відэасувязі ў працэсе прымае ўдзел і яго 16-гадовы сын Максім (імёны зменены). Мужчыну на выгляд гадоў за сорак, сядзіць спакойна, здаецца, што ён не хвалюецца. Суддзя цікавіцца ў Максіма пра яго адносіны з бацькам і пра тое, як ён ставіцца да таго, што той будзе пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Хлопец крыху разгублены, але імкнецца абараніць бацьку, заступіцца за яго. Пры гэтым паспагадаць варта менавіта самому Максіму, які апынуўся ў лячэбна-выхаваўчай установе.

Чаму так здарылася? Юнак кажа, што вінаваты сам, бо часта сыходзіў з дому, не з’яўляўся па некалькі дзён, пачаў каштаваць алкаголь. «Шукаў новыя ўражанні», — тлумачыць ён свае паводзіны. За правапарушэнні Максіма адправілі ў спецыяльную ўстанову закрытага тыпу.

— Як бацька рэагаваў на гэта? — задае пытанне суддзя.

— Тата сварыўся, казаў, што так паступаць нельга, а да гэтага тэлефанаваў маім сябрам, у міліцыю, каб мяне шукалі, — быў адказ.

Ці памятае хлопец нейкія моманты, калі яны з бацькам займаліся агульнай справай, рабілі нешта цікавае? На гэта пытанне Максім не знаходзіць адказу. Помніць, што неяк былі на рыбалцы і хадзілі ў краму, а болей — нічога. Сказаў, што разам з малодшым братам прыходзіў да бацькі на выхадныя — пасля разводу той жыў асобна. Па словах Максіма, у бацькавай аднапакаёўцы спальныя месцы былі ў зале і калідоры. Так і начавалі: адзін — тут, другі — там. Некалькі месяцаў таму з-за запазычанасці па квартплаце Андрэю К. адключылі электраэнергію.

Калі на судзе яму дазволілі пагаварыць з сынам, ён паведаміў, што нядаўна сабраў яму пасылку. Першы раз за два месяцы.

Суддзя Таццяна Іванова пракаментавала сітуацыю такім чынам:

— Падлетак стараецца паказаць, што ён адзін вінаваты. Але гэта не так. Асноўная віна за яго паводзіны ляжыць на бацьках, яны адказныя за ўмовы, у якіх ён жыве. І тое, што бацька нібыта яму казаў, што так не варта сябе паводзіць, гэтага вельмі мала і, відавочна, станоўча не паўплывае на сына. Тут няма выхаваўчага моманту. У першую чаргу, трэба сваім прыкладам выхоўваць, сваімі добрасумленнымі паводзінамі і адносінамі да жыцця.

Маці знайшла сілы, а вось бацька…

Чаму была звернута ўвага на гэту сям’ю? Як патлумачыла Таццяна Іванова, якраз з-за паводзін старэйшага сына. На яго пропускі заняткаў, адміністрацыйныя пратаколы з міліцыі адрэагавалі ва ўстанове адукацыі. У ходзе разгляду справы высветлілася, што і з боку маці не ўсё добра. Яна з мужам у разводзе. Жыве адна з двума сынамі, малодшаму дзевяць гадоў. Бацька не прымае ўдзелу ў выхаванні, хіба толькі выплачвае невялікія аліменты, бо, згодна з даведкай аб заробку, атрымлівае 500 рублёў.

Камісія па справах непаўналетніх палічыла, што сітуацыя, у якой апынулася сям’я, сацыяльна небяспечная.

Суддзя растлумачыла, што ў такой сітуацыі дзяцей адразу не забіраюць. Даецца час, каб бацькі выправіліся. Але Максім, які быў пакінуты на волю лёсу, працягваў весці бадзяжны лад жыцця. Праз некаторы час дзяцей ад маці забралі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Умовы пражывання ў бацькі і яго абыякавасць да лёсу дзяцей не дазвалялі перадаць яму хлопцаў.

— Пасля часовага змяшчэння дзяцей у прытулак органы апекі распрацоўваюць план мерапрыемстваў па выпраўленні сітуацыі ў сям’і. Тэрмін — паўгода. Усе, што змяшчае дадзены план, нясе імператыўны характар, гэта значыць, абавязковы для выканання абаімі бацькамі. Яны павінны, напрыклад, наведваць дзяцей раз на тыдзень, хадзіць на кансультацыю да псіхолагаў і на каардынацыйныя саветы — поўнасцю супрацоўнічаць з усімі органамі прафілактыкі, — пракаментавала прававы аспект суразмоўца.

І яшчэ вельмі важны момант. Паколькі дзеці знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, бацькі абавязаны плаціць за іх утрыманне. Запазычанасці не павінна быць. Маці, што называецца, узялася за розум. Уладкавалася на некалькі работ. Выканала ўсе ўмовы, таму яе бацькоўскіх правоў не пазбавілі і праз паўгода дзяцей вярнулі.

А вось бацька да прававых нормаў аднёсся абыякава. Дзяцей наведваў рэдка, не заўсёды хадзіў на кансультацыі псіхолага, меў запазычанасць як па выплатах, так і па камунальных плацяжах. Па словах суддзі, з ім ішла размова аб тым, каб знайсці работу з больш высокім заробкам, але ён, па ўсёй бачнасці, не імкнецца да гэтага. Засталося канстатаваць, што прадпісанні па вяртанні дзяцей Андрэй не выканаў.

Такім чынам, у вызначаны тэрмін органы апекі, у прыватнасці камісія пра справах непаўналетніх, згодна з працэсуальным парадкам, была вымушана звярнуцца з іскам у суд аб пазбаўленні Андрэя К. бацькоўскіх правоў. Суд іск задаволіў.

На абароне правоў дзіцяці

Што датычыць дадзенай канкрэтнай справы, з судовым іскам выходзіць аддзел адукацыі пасля таго, як застаюцца прычыны, якія не даюць права вярнуць дзяцей. Як патлумачыла Таццяна Іванова, гэта адбываецца, калі бацькі неналежным чынам выконваюць свае абавязкі, злоўжываюць спіртнымі напоямі, не аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі, не ствараюць спрыяльныя для пражывання дзяцей бытавыя ўмовы. Дзеці ў такой абстаноўцы прапускаюць заняткі ў школе, здзяйсняюць правапарушэнні, могуць ужываць спіртныя напоі, не начуюць дома, што можна было назіраць на прыкладзе непаўналетняга Максіма. Яго бацькі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за неналежнае выхаванне. Маці, у адрозненне ад бацькі, знайшла сілы, каб выканаць умовы для вяртання дзяцей.

Што значыць для бацькі пазбаўленне правоў на сына? Якія гэта мае юрыдычныя наступствы? Як адзначыла Таццяна Іванова, у такой сітуацыі бацька губляе ўсе спадчынныя правы ў адносінах да свайго дзіцяці. Не толькі дзеці, напрыклад, не змогуць прэтэндаваць на яго кватэру, але і ён не зможа заявіць аб сваіх правах на іх уласнасць. Калі бацька, напрыклад, будзе мець сур’ёзнае захворванне, атрымае інваліднасць і страціць працаздольнасць, ён не зможа патрабаваць з дзяцей аліментаў. А вось яны могуць. Згодна з Дэкрэтам № 18, нават пасля пазбаўлення правоў ён будзе з’яўляцца абавязанай асобай і выплачваць аліменты, пакуль дзецям не споўніцца 18 гадоў. У дадзеным выпадку Андрэй павінен ажыццяўляць выплату за знаходжанне старэйшага сына ў спецыяльнай установе. А на малодшага плаціць аліменты былой жонцы.

Без аглядкі на мінулае

Апошнім часам у суд з нагоды пазбаўлення бацькоўскіх правоў сталі звяртацца не органы апекі, а самі бацькі.

— Нярэдка маці непаўналетніх дзяцей просіць суд пазбавіць іх бацьку бацькоўскіх правоў на той падставе, што ён ухіляецца ад сваіх абавязкаў — не кантактуе альбо мала кантактуе з дзецьмі. Пры гэтым абодва бацькі прыстойныя, працуюць, маюць нядрэнны даход. Яны разышліся і стварылі новыя сем’і. Жанчына ў такім выпадку, бывае, жадае адхіліцца ад біялагічнага бацькі сваіх дзяцей, бо яе новы муж гатовы яго замяніць і даць ім сваё прозвішча. Жанчына матывуе сваё рашэнне тым, што хоча жыць адной сям’ёй, пры гэтым біялагічны бацька дзяцей можа выплачваць аліменты і ніякага шкоднага ўплыву на іх не аказваць. Але жанчына, тым не менш, не жадае ніякіх кантактаў з былым мужам і гатова адмовіцца ад аліментаў. Такія іскі часцей за ўсё задавальняюцца, — расказвае суддзя.

Такая справа разглядаецца два месяцы. За гэты час бацька можа пачаць наладжваць кантакт з дзецьмі ці падаць сустрэчны іск аб парадку кантактавання з імі. Як правіла, таты вядуць сябе пасіўна, нічога не робяць і пагаджаюцца з патрабаваннямі былой жонкі.

Калі суд не бачыць віны ў паводзінах бацькі, калі жанчына сама перашкаджае яму кантактаваць з дзіцем, рашэнне можа быць іншым. Па адной такой справе нават праводзілася псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ў адносінах да сям’і. У ходзе яе было высветлена, што маці фарміруе негатыўныя адносіны да бацькі і не дае яму сустракацца з дзіцем. У гэтым выпадку суд не ўбачыў падстаў для пазбаўлення мужчыны бацькоўскіх правоў і ў іску жанчыне адмовіў.

— Для таго каб вырашыць праблему, ёсць даволі зручны механізм. Біялагічны бацька можа напісаць згоду на ўсынаўленне свайго дзіцяці іншай асобай, і тады ён не будзе пазбаўлены правоў, што сам па сабе факт непрыемны і мае як сацыяльныя, так і юрыдычныя наступствы. Напрыклад, у атрыманні сямейнага капіталу шматдзетнай сям’і. І не толькі. Такі статус будзе ўплываць на кар’ерны рост. Ды і людзі, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў, асуджаюцца ў грамадстве, — каментуе суддзя.

Пазбаўленне бацькоўскіх правоў — крайняя мера, якая прадугледжвае найперш абарону дзіцяці. Але калі паміж бацькам і дзіцем існуюць бацькоўскія адносіны, сфарміравана псіхалагічная прыхільнасць, тады да крайняй меры справа не даходзіць, з падобным іскам у суд ніхто не звяртаецца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Калі абрываецца сувязь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.