Вы тут

Галоўчанка: «Пеленг» умацоўвае статус Беларусі як касмічнай дзяржавы


ААТ «Пеленг» умацоўвае статус Беларусі як касмічнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час урачыстага мерапрыемства да 50-годдзя прадпрыемства, перадае БелТА.


Раман Галоўчанка назваў «Пеленг» сапраўды ўнікальным не толькі для Беларусі, але і для сусветнай прамысловасці прадпрыемствам. «У савецкі час быў закладзены вельмі вялікі патэнцыял, значная колькасць вырабаў была распрацавана і запушчана ў серыйную вытворчасць. Вядома ж, ва ўмовах асаблівай сакрэтнасці і патрабавальнасці, якая суправаджала ўсе распрацоўкі для патрэб ваенна-прамысловага комплексу. Затым настаў няпросты час — перабудова, распад Савецкага Саюза. У гэтых умовах прадпрыемству ўдалося не толькі выстаяць, але і захаваць профіль сваёй дзейнасці. І ва ўмовах незалежнай Беларусі плаўна трансфармавацца ў адкрытае акцыянернае таварыства, якім мы яго ведаем і зараз», — сказаў Раман Галоўчанка.

Наступная важная старонка ў гісторыі прадпрыемства — 1998 год, калі генеральным дырэктарам стаў Уладзімір Пакрышкін. «З гэтым імем і з камандай яго аднадумцаў звязана развіццё прадпрыемства ў наступныя два дзесяцігоддзі. Гэты чалавек вывеў прадпрыемства на міжнародны рынак, заклаў асновы для развіцця, пад яго кіраўніцтвам быў выкананы шэраг найважнейшых нацыянальных і міжнародных навукова-тэхнічных праграм, у тым ліку ў такой важнай сферы, як асваенне космасу», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Кіраўнік беларускага ўрада падкрэсліў, што цяпер «Пеленг» — не толькі безумоўны лідар на постсавецкай прасторы, але і лідар сусветнага класа па распрацоўцы і вытворчасці ўніверсальных прыцэльных комплексаў, сістэм кіравання агнём, іншай спецыяльнай тэхнікі. «Прадпрыемства ўносіць важнейшы ўклад ва ўмацаванне статусу нашай Радзімы як касмічнай дзяржавы, распрацоўваючы і выпускаючы касмічную тапаграфічную здымачную апаратуру, прыборы для траекторных вымярэнняў і многае іншае. У апошнія дзесяцігоддзі адбылася вельмі шырокая дыверсіфікацыя выпускаемай прадукцыі, прадпрыемства пачало выходзіць у сумежныя галіны — і ва ўмовах незалежнай Беларусі плаўна трансфармавацца ў адкрытае акцыянернае таварыства, якім мы яго ведаем і зараз», — сказаў Раман Галоўчанка.

З 1994 года, калі «Пеленг» стаў адкрытым акцыянерным таварыствам, было выдадзена больш за 300 патэнтаў на розныя вынаходкі, многія з якіх былі ўкаранёны ў вытворчасць. «Эканамічныя паказчыкі дзейнасці, асабліва ў апошнія некалькі гадоў, з’яўляюцца ўзорам для пераймання для ўсёй нашай прамысловасці. Прадпрыемства працягвае актыўна нарошчваць маштабы і аб’ёмы вытворчасці, павялічваецца колькасць працоўных месцаў, падкрэслю — вельмі высокааплатных. Больш за палову супрацоўнікаў прадпрыемства — высокакваліфікаваныя інжынерна-тэхнічныя кадры. Гэта эліта нашай прамысловасці. Але вы працуеце і над істотным амаладжэннем кадраў, рыхтуеце новую змену. Заслугоўвае ўвагі вашае супрацоўніцтва з вядучымі навучальнымі ўстановамі краіны. Гонарам прадпрыемства з’яўляюцца лаўрэаты розных высокіх узнагарод», — зрабіў акцэнт Раман Галоўчанка.

Ён падкрэсліў, што за ўсімі дасягненнямі прадпрыемства стаіць тытанічная праца ўсіх супрацоўнікаў, і дадаў: «Пеленг» заўсёды быў моцны інтэлектам, настойлівасцю і прафесіяналізмам, згуртаванасцю калектыву, яго накіраванасцю на вынік і бясконцай працавітасцю. Упэўнены, што прадпрыемства будзе захоўваць вернасць сваёй місіі, па-ранейшаму ствараць лепшыя ў свеце прадукты, апярэджваючы жаданні заказчыка, пашыраючы сваю прысутнасць на сусветным рынку і праслаўляючы нашу краіну на ўсіх кантынентах сваёй прадукцыяй«.

Раман Галоўчанка таксама ўручыў падзякі прэм’ер-міністра супрацоўнікам «Пеленга».

«Пеленг» — вядучы праектна-канструктарскае прадпрыемства оптыка-электроннай прамысловасці Беларусі. Кампанія ўтворана ў 1974 годзе шляхам рэарганізацыі канструктарскага аддзела Мінскага механічнага завода ім. С.І. Вавілава ў Цэнтральнае канструктарскае бюро «Пеленг». У 1994 годзе ЦКБ «Пеленг» было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Пеленг».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.