Сёлета снежань — не толькі прадвеснік Новага года. Гэта яшчэ і месяц гастранамічнага турызму. У 2024-м кожны месяц быў прысвечаны аднаму з відаў турызму, якіх, паводле пераліку Міністэрства спорту і турызму, трынаццаць. І вось снежань, мітуслівы і перадсвяточны, вырашылі прысвяціць самай жыццярадаснай і сібарыцкай разнавіднасці вандровак.
— На снежань створаны план мерапрыемстваў, які ахоплівае прэс-канферэнцыі, пасяджэнні, семінары, круглыя сталы, выставы, майстар-класы, выставы-дэгустацыі, акцыі, конкурсы, калядныя і навагоднія кірмашы. Гастранамічны патэнцыял Беларусі прадставяць на ІІІ Турыстычнай анлайн-выставе BELARUS. TRAVEL, якая пройдзе 17–20 снежня, — распавяла кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ангеліна Мазуркевіч.
У 2025 годзе практыка па правядзенні штомесячных мерапрыемстваў па розных відах турызму будзе прадоўжана, дадала яна.
У савецкія гады слова «турыст» было сінонімам непатрабавальнасці. Турыст «падарожнічаў дзікуном», а дзікуну ці шмат трэба? Загрузіў у заплечнік дзесяць слоікаў «Сняданку турыста» і палатку — і пешшу па палях і пералесках.
У нашы дні турыст патрабавальны і фанабэрлівы — і замежны, і нават наш, айчынны. Ён ужо, дарэчы, нават не турыст — ён вандроўца. Яму хочацца «нечага новага», ён чакае ўражанняў. Паняцце «эканоміка ўражанняў» — адно з ключавых у трэцім тысячагоддзі. Прыдумалі азначэнне амерыканцы Джозэф Пайн і Джэймс Гілмар, а сутнасць яго ў тым, што купляем мы не тавар, а ўражанні — пачуцці і адчуванні. Менавіта ўражанні ў першую чаргу сёння прадаюць турфірмы па ўсім свеце. Таму гастратурызм — кірунак, што з’явіўся ў сусветнай туріндустрыі каля 20 гадоў таму, — сёння набірае папулярнасць. Штогадовы прырост гастранамічнага турызму ў свеце — ад 7 да 12 % (па іншых даных — 17 %), падлічылі трэвэл-эксперты, назваўшы «гастравандроўкі» кірункам турызму, што развіваецца найбольш хутка. Паводле звестак Сусветнай турыстычнай арганізацыі, амаль 90 % рэспандэнтаў лічаць кулінарны складнік найважнейшым элементам прывабнасці турыстычнага кірунку, і крыху менш за 70 % апытаных тураператараў лічаць мясцовую гастраномію адным з ключавых фактараў, што ўплывае на выбар кліента.
Нашай краіне ёсць што прапанаваць турыстам. І гэта не толькі сельская кухня (дарэчы, яна ўжо мае прыхільнікаў прынамсі ў суседняй Расіі), але і шляхецкая, якую пакуль што мала хто вывучае і адраджае. Ёсць кухары, якія актыўна эксперыментуюць з традыцыйнымі рэцэптамі, ствараючы новыя. Ёсць фермы, сыраварні і бровары, аўтэнтычныя маленькія пякарні і іншыя ўнікальныя лакальныя вытворчасці. Ёсць рэгіянальныя і рэспубліканскія гастранамічныя фестывалі, якія ўжо маюць уласныя традыцыі, — напрыклад, «Лунінецкія клубніцы» (аг. Дварэц), «Сырны фестываль» (Гродна), знакаміты Gastrofest, «Вішнёвы фестываль» (Глыбокае), «Мотальскія прысмакі» ( аг. Моталь).
Развіццё гастратурызму выгадна ўсім. І рэгіёнам: павышае іх канкурэнтаздольнасць на турыстычным рынку і стварае новыя працоўныя месцы. І турыстычнай сферы краіны ў цэлым: дае магчымасць тураператарам разнастаіць праграмы, знізіць уплыў сезоннасці і атрымаць паўторныя візіты.
І роднаму «ўнутранаму» турысту, аб якім таксама несумленна было б забываць. І, вядома, гасцям з блізкага і далёкага замежжа.
І адны, і другія, як ужо было сказана, шукаюць у першую чаргу яркіх уражанняў. Гастратурызм якраз і гатовы іх даць.
Шляхі развіцця гастратурызму сёння актыўна абмяркоўваюць эксперты — повары і рэстаратары, атэльеры і супрацоўнікі турфірмаў, людзі, што піяраць беларускую кулінарную культуру і вывучаюць яе.
— Гастранамічны турызм у нашай краіне — самы просты і незатратны спосаб развіцця турызму, — адзначае Уладзімір Богдан, аўтар і вядучы тэлешоу «Еда — хоть куда». — Ён не патрабуе дарагой рэканструкцыі замка або пракладвання складаных маршрутаў. Гэта тое, што зразумела ўсім: ад маленькага дзіцяці да пенсіянера.
Мэта праграмы «Еда — хоть куда» — стварэнне гастранамічнай карты краіны, расказаў вядучы НТБ-Беларусь.
— Давайце зробім дзясятак найбольш вядомых страў нацыянальнай кухні эталоннымі сімваламі Беларусі, — прапанаваў Уладзімір Богдан. — Гэта не беднасць, гэта эталоннасць.
У беларускай кулінарнай культуры — мноства страў, «але давайце не распыляцца», падкрэсліў эксперт. Тыя ж дранікі сталі сімвалам Беларусі, і ад гэтага не ўцячы. Але ці трэба ад гэтага ўцякаць? Іншая справа — ці зразумелая гэтая страва, напрыклад, гасцям з далёкага замежжа? І як зрабіць яе больш зразумелай для такіх турыстаў? Аб гэтым прапанаваў падумаць Уладзімір Богдан.
— Гастратурызм магу падзяліць на дзве катэгорыі: турызм сельскі і гарадскі. Яны вельмі адрозніваюцца, але абодва цудоўныя, — адзначыў ён, параўнаўшы ў якасці прыкладу фестываль «Мотальскія прысмакі» (мой любімы кулінарны фестываль) і Gastrofest (гэта кулінарная культура гарадская, яна іншая, але таксама наша, беларуская).
Як распавёў тэлевядучы, у нас ёсць эталонныя стравы, якія могуць стаць сімваламі нашай краіны і якія можна развіваць, а таксама вялікі пласт кулінарыі на ўзроўні высокай кухні.
«У Магілёве малады кухар старыя беларускія стравы адаптуе пад высокую кухню і робіць гэта віртуозна», — канкрэктызаваў ён.
Уладзімір Богдан падкрэсліў: развіццё агратурызму немагчыма без ініцыятыў тых, хто непасрэдна аказвае гэтыя паслугі гасцям.
— Рэдка дзе ў Беларусі я сустракаў, каб некалькі аграсядзіб стваралі аб’яднанне. У адной ты можаш, напрыклад, пакаштаваць казіны сыр, у другой — налавіць ракаў і правільна іх прыгатаваць. Такія аб’яднанні — адзінкавыя выпадкі, — сказаў ён.
Зрэшты, у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю адзначаюць, што сфера гастранамічнага турызму развіваецца сёння дастаткова дынамічна менавіта дзякуючы ініцыятывам саміх суб’ектаў грамадскага харчавання. Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення развіцця гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Ірыны Шпак, на беларускай нацыянальнай кухні сёння спецыялізуецца 240 аб’ектаў грамадскага харчавання (а гэта 21 тысяча месцаў для наведвальнікаў). За 2024 год колькасць такіх кавярняў і рэстаранаў павялічылася на 25, або на 11,5 %.
Гастратурызм у Беларусі ёсць, перакананы дырэктар КСУП «Атэль «Еўропа» Дзмітрый Купрыянюк.
— Мы ўвялі практыку прысвячаць як мінімум тыдзень у месяц нацыянальнай кухні, дзе прадстаўляем нашы беларускія стравы, — адзначыў атэльер. — На мой погляд, важна ўкараніць у кожным атэлі прысутнасць пэўнага працэнта страў, звязаных з беларускай кухняй: найменняў трыццаць.
Бо, як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і краіна пачынаецца з атэля і сферы грамадскага харчавання, і менавіта па іх часта турыст мяркуе ў цэлым аб краіне, адзначыў ён.
На думку Дзмітрыя Купрыянюка, кулінарным брэндам краіны можа стаць (а мабыць, ужо і стала) беларускае сала.
— Якія б госці да нас ні прыязджалі, якія б вытанчанасці мы ім ні прапаноўвалі — часта сусветнага ўзроўню, мы чуем ад іх: дзе б нам набыць сапраўднае беларускае сала, каб узяць з сабой? І гэта гучыць, у тым ліку, з вуснаў палітыкаў і творчай эліты.
Яшчэ адзін безумоўны брэнд — «беларуская каўбаска», дадаў ён: гэта стала відавочным на нядаўнім форуме атэльераў і рэстаратараў, які праходзіў у Расіі.
— Беларусь — гэта не толькі дранікі, — сказаў дырэктар «Атэля «Еўропа». — Нядаўна прайшоў рэбрэндынг і рэстаўрацыю наш рэстаран, адкрыты ў 1884 годзе. Гэта вытанчаны рэстаран высокай кухні, наш шэф-повар Дзмітрый Садоўскі стаў мінчанінам года ў сферы грамадскага харчавання. І сёння мы зрабілі акцэнт на паглыбленне ў гісторыю. Калі сталі пераглядаць тое меню, якое было ў нашым рэстаране ў XІX стагоддзі, мелі мэту даведацца, што тады заказвалі знакамітыя госці атэля «Еўропа». У нас багатая гісторыя, сёлета нам споўнілася 140 гадоў, у нашым атэлі спыняліся шматлікія знакамітасці: Маякоўскі, Шагал, Малевіч... Так нарадзілася ідэя стварыць гістарычнае меню, звязанае са знакамітымі гасцямі, і сучасныя турысты ім уражаны. Мы вызначылі для сябе дакладную стратэгію: захаваць дух эпохі XІX — пачатку XX стагоддзяў праз гастратурызм. І гэта працуе.
Больш за тое, менавіта гастратурызм даў штуршок развіццю ў іншых кірунках, сказаў Дзмітрый Купрыянюк. Напрыклад, адкрылася летняя тэраса, звязаная з карэтным панадворкам, які быў пры атэлі ў пазамінулым стагоддзі. З’явіўся «Сэт графа Чапскага», а таксама ідэя рэстаранных вечароў вялікіх беларускіх кампазітараў (вытанчаная ежа+вытанчаная музыка, якая хутка будзе ўвасоблена ў жыццё).
А што датычыцца «развіцця і прасоўвання дранікаў» (аб неабходнасці якога казаў вядучы тэлепраграмы), атэльер распавёў аб цікавым эксперыменце:
— Наш шэф-повар інтэрпрэтаваў дранікі ў белбургер, вельмі цікавую страву, якую мы прэзентавалі ў кавярні «Мінская конка». Запрашаем пакаштаваць. На яго ўжо ёсць попыт.
Гастрафестывалі — яшчэ адзін шлях развіцця гастратурызму. Праект Vulіtsa Ezha ужо можа пахваліцца ўласнай гісторыяй. Менавіта ён стаяў каля вытокаў развіцця вулічнай ежы ў Беларусі.
— Больш за дзевяць гадоў мы развіваем беларускую гастраномію, нясём у масы разуменне вулічнай ежы ў новай інтэрпрэтацыі, — сказаў стваральнік і кіраўнік праекта Ягор Рытвінскі. — За гэты час правялі 26 фестываляў у Мінску і рэгіёнах, нас наведала без малога 400 000 гасцей. А ў апошнія гады павялічылася колькасць замежных наведвальнікаў.
Неад’емная частка гэтага праекта на стыку падзейнага і гастратурызму — мясцовая ежа: арганізатары збіраюць лакальных вытворцаў, фермераў і гастраэнтузіястаў, якія могуць прапанаваць цікавыя стравы і праекты.
«Адзін з найбуйнейшых фуд-праектаў у краіне — Gastrofest: у год праводзіцца больш за дваццаць фестываляў, у сталіцы і пяці абласных гарадах», — распавёў дырэктар і саўладальнік праектаў Gastrofest.by і «Пясочніца» Станіслаў Агінскі. «Пясочніца», дарэчы, — першая ў Мінску стрытфуд-пляцоўка. Менавіта стрытфуд і ў цэлым грамадскае харчаванне для многіх турыстаў — візітка краіны.
— Нядаўна скончыўся буйны рэспубліканскі фестываль, гэта больш за 100 тысяч прададзеных сэтаў па ўсёй краіне, больш за 85 удзельнікаў у 6 гарадах, каля паўтара мільёна ахопу ў сацсетках. Мы імкнёмся займацца рэкламай не толькі ўнутры краіны — у нас ёсць вопыт прасоўвання праекта і за межамі Беларусі. І мы бачым прыток замежных гасцей пад праект, у пэўныя даты, — сказаў ён.
Няхай з-за мяжы людзей на гастрафестывалі прыязджае пакуль не надта шмат, але прасочваецца тэндэнцыя: замежныя турысты гатовыя ехаць пад гастранамічную тэматыку не толькі ў сталіцу Беларусі, але і ў рэгіёны, канстатаваў дырэктар праекта Gastrofest.
— Калі мы ўпершыню прыйшлі ў рэгіянальныя гарады, нам здавалася, што нас не зразумеюць, не пачуюць. Але сустрэлі разуменне, вялізны рэсурс, патэнцыял. У нас шмат выдатных шэфаў і ў рэгіёнах, — дадаў Станіслаў Агінскі. — І беларусам пакаштаваць іх кухню проста неабходна, а замежным гасцям ад душы рэкамендую. Мы вельмі рады з’яўленню ў нашай краіне Асацыяцыі рэстаратараў. Многае зроблена ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі органамі і з Міністэрствам гандлю. Наладжаны кантакты з Асацыяцыяй рэстаратараў Расіі. У нас ёсць крутыя кухары з міжнароднай адукацыяй. Мне заўсёды ў Мінску смачна, у Беларусі смачна.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота bestbelarus.by.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.