У сераду ў аграгарадку Сеніца, што пад Мінскам, адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага арэнднага дома. Навасёламі сталі работнікі ААТ «Гастэлаўскае». Яны атрымалі службовае жыллё, якое з часам змогуць набыць ва ўласнасць. Дзякуючы такому важнаму падарунку сваё жыллёвае пытанне змогуць вырашыць як ветэраны вытворчасці, так і маладыя спецыялісты.
Новы дом на 122 кватэры быў пабудаваны пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама, а таксама за кошт уласных сродкаў прадпрыемства. Павіншаваць навасёлаў з такой важнай падзеяй прыехалі намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка, старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў, першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў і кіраўніцтва прадпрыемства.
Аграном па насенняводстве Юлія Ганчарова і яе муж, намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр Ганчароў працуюць у ААТ «Гастэлаўскае» два гады. 11 снежня маладыя людзі сталі шчаслівымі жыхарамі новай трохпакаёвай кватэры арэнднага тыпу. У Аляксандра з Юліяй падрастаюць двое хлопчыкаў: 14-гадовы Максім і 8-гадовы Дзіма. У чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў сужэнцы сталі адразу ж пасля працаўладкавання ў гаспадарцы. «Нават не перадаць словамі тыя эмоцыі, якія мы адчуваем! Гэта сапраўдны навагодні цуд, найлепшы падарунак на Новы год!» — дзеляцца працаўнікі вёскі.
«Месца цудоўнае, дом шыкоўны, побач школа, крамы таксама маюцца — у аграгарадку ёсць усё для таго, каб паўнавартасна жыць і працаваць у сельскай гаспадарцы, — ацаніў выгоды для навасёлаў Юрый Шулейка. — Гэта ініцыятыва горада, і такі комплексны падыход кіраўніцтва сталіцы — адна з агульных тэндэнцый, пра якія якраз і кажа кіраўнік дзяржавы, заклікаючы горад дапамагаць вёсцы. Зусім нядаўна гарвыканкам для Мінскай вобласці аказаў сур’ёзную шэфскую дапамогу — пабудаваў некалькі жывёлагадоўчых комплексаў па вытворчасці малака. Гэтая традыцыя будзе працягвацца і далей».
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў, што, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, супрацоўнікі ААТ «Гастэлаўскае» робяць многае, каб гаспадарка заставалася на высокім узроўні, і падзякаваў кіраўніцтву гаспадаркі за ініцыятыву пабудаваць гэты дом. «Мы выдатна разумеем: для таго, каб добра працаваць тут, на зямлі, патрэбны добрыя жыллёвыя ўмовы,» — сказаў кіраўнік горада. Дарэчы, дапамагалі тут і Мінскі аблвыканкам, і райвыканкам — у выбары і будаўніцтве неабходнай інфраструктуры.
Аграном «Гастэлаўскага» па насенняводстве Юлія Ганчарова ад імя навасёлаў выказала шчырую падзяку Прэзідэнту, кіраўніцтву горада і прадпрыемства, а таксама ўсім службам, якія ўзялі ўдзел у будаўніцтве гэтага дома: «Дзякуючы вам у нас ёсць магчымасць замацавацца, жыць і працаваць на зямлі, працаваць на карысць нашай квітнеючай Беларусі. Дзякуючы вам сем’і заселяцца ў свае новыя ўтульныя кватэры. Мы, работнікі гаспадаркі, абяцаем, што прыкладзём усе сілы, веды, уменні і старанні, каб наша прадпрыемства было найлепшым у краіне! Тут цэняць і любяць людзей, і гэты дом — сімвал гэтага прагрэсу, росту і імкнення да лепшага жыцця кожнага з нас».
Прадпрыемства «Гастэлаўскае» брэндавае. Яно — лідар у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, і па надоі малака, і па ўраджайнасці. Аб гэтым расказаў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў: «Гэтую планку гаспадарка трымае з года ў год. Радуе і тое, што ў такіх прадпрыемствах думаюць пра будучыню. Людзі, якія будуць жыць у новым сучасным доме і працаваць у сельскай гаспадарцы, атрымліваюць дадатковы стымул для таго, каб яшчэ больш аддавацца вытворчасці. Мы бачылі камфортнае жыллё, дзе зроблена ўсё. Дом знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад школы, гэта значыць дзеці цалкам будуць знаходзіцца пад наглядам. Тут усё склалася для таго, каб чалавек думаў толькі пра тое, каб на вытворчасці быў парадак, каб было атрыманне больш высокіх вынікаў, каб гэта прадпрыемства займала яшчэ вышэйшае становішча па вобласці і па краіне».
Першы намеснік старшыні адзначыў, што сёння ставіцца задача браць прыклад з такіх перадавых прадпрыемстваў. Акрамя таго, у Мінскай вобласці многае робіцца ў частцы галіны жывёлагадоўлі: «Летась мы здавалі больш як 30 новых малочнатаварных комплексаў. Планку практычна не знізілі, не менш за 20 будзе здадзена ў гэтым годзе. Комплексы, якія пабудаваны летась, сёння даюць нам аддачу, і мы атрымліваем там малако. У гэтай гаспадарцы ўсё ёсць для таго, каб стварыць умовы не толькі дома, але і на рабоце, а гэта адыгрывае немалаважную ролю».
Усяго ў доме 122 кватэры. Работнікам «Гастэлаўскага» дадуць 107 з іх, дзевяць кватэр — для шматдзетных сем’яў, шэсць кватэр прызначаны для работнікаў сацыяльнай сферы, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і працуюць на тэрыторыі аграгарадка.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
На Гомельшчыне больш за 180 дашкалят і малодшых школьнікаў адначасова змогуць аздараўляцца ў абноўленым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Крыштальны». Адзіная ў сваім родзе ў рэгіёне ўстанова пачала працаваць пасля рэканструкцыі ў абласным цэнтры. Аднаўленчыя работы фінансаваліся за кошт дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Плошча цэнтра павялічылася ў паўтара раза: узведзены новы шматфункцыянальны корпус, праведзена рэканструкцыя існуючага будынка, абноўлены харчаблок, сталовая, лабараторыі, адміністрацыйны блок, абсталяваны прапускны пункт.
— Мы працуем на будучыню, а самыя важныя для нас укладанні, самыя эфектыўныя інвестыцыі — нашы дзеці, іх здароўе, развіццё, адукацыя, камфорт, — падкрэсліў падчас урачыстага адкрыцця цэнтра старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.