Важнае мерапрыемства ў графіку Прэзідэнта — пасяджэнне Савета бяспекі. На парадку дня — пытанні планавання абароны нашай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву.
«Апошнія гады ваенна-палітычная абстаноўка вакол краіны змянілася, і, на жаль, не ў лепшы бок, як усе мы разумеем і канстатуем, перш за ўсё ваенныя спецыялісты. Не сакрэт, што галоўнай тэндэнцыяй гэтага моманту з’яўляецца назапашванне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету. Асобныя дзяржавы, імкнучыся паказаць сваю значнасць і прэтэндуючы на ролю рэгіянальных лідараў, працягваюць нагнятаць абстаноўку вакол нашай краіны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, дзеянні НАТА і асабліва падзеі на паўднёвым флангу, Украіна і дэструктыўная рыторыка еўрапейскіх краін у дачыненні да Беларусі — усё гэта сведчыць аб бесперапынных спробах расхістаць унутрыпалітычную сітуацыю ў нашай краіне.
«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нам самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга»,. — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што той факт, што ў краіне спакойна, што многія людзі перагледзелі свае меркаванні не даюць падстаў, каб расслабляцца. «Не трэба думаць, што мы разумныя і бога за бараду ўзялі, а ўсё вакол нас — у НАТА, у Амерыцы — дурні. Не, гэта вопытныя людзі, з вялізнай сілішчай, таму нас расслабляцца нельга. Мы павінны працаваць са сваім народам, пераконваць, паказваць, а галоўнае — працаваць так, каб людзям было лепш. Тады яны будуць такую ўладу падтрымліваць. Таму будзем у гэтым кірунку працаваць, будзем прымаць і папераджальныя дзеянні, пэўныя дзеянні, каб нашы верагодныя сапернікі і праціўнікі разумелі, што з намі лепш не звязвацца, што з намі трэба жыць дружна. Мы на гэта нацэльваем усю палітыку нашай дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.
Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларуская армія нікому не пагражае, а з’яўляецца інструментам недапушчэння вайны. «А ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная яе адбіць. У гэтым і заключаецца асноўнае прызначэнне ваеннай арганізацыі дзяржавы», — канстатаваў Прэзідэнт.
Журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін расказаў, што падчас пасяджэння Савета Бяспекі кіраўніку дзяржавы прадставілі Задуму абароны нашай краіны, якая стане асновай рашэння на абарону і дасць магчымасць Генеральнаму штабу і ўсім дзяржаўным органам кіравання пачаць планаванне абароны нашай дзяржавы ў выпадку ўзнікнення агрэсіі. «Прадстаўленая Задума была распрацавана на аснове глыбокага аналізу і падзей па выніках каляровай рэвалюцыі 2020 года, аналізу спецыяльнай ваеннай аперацыі і змяненняў, зацверджаных Усебеларускім народным сходам у Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыне», — адзначыў міністр.
У распрацоўцы Задумы ўдзельнічалі ўсе дзяржаўныя органы, якія адказваюць за пытанні нацыянальнай бяспекі. «У далейшым нам трэба будзе больш дэталёва заняцца планаваннем, вызначыць ролю і месца кожнага дзяржаўнага органа і кожнага грамадзяніна ў забеспячэнні бяспекі нашай краіны, зыходзячы з прынцыпаў неабходнай дастатковасці і эканамічных магчымасцей дзяржавы. — сказаў Віктар Хрэнін. — Хачу асабліва падкрэсліць, што гэта планавая работа, гэта не надзвычайшчына. Такая работа перыядычна праводзіцца. Мы зыходзім з таго, што ніякіх агрэсіўных планаў у адносінах да іншых дзяржаў у нас няма. Наша мэта — стварыць умовы недапушчэння ваеннай агрэсіі і ўцягвання нашай краіны ў вайну. А ў выпадку, калі гэта адбудзецца, даць надзейны адпор».
Як заўважыў начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка, абстаноўку, якая складваецца вакол Беларусі, аб’ектыўна назваць спакойнай нельга. «Гэта і мілітарызацыя суседніх краін, і падзеі ва Украіне, і разгорнутая інфармацыйная кампанія, якая спрабуе дыскрэдытаваць органы ўлады, дыскрэдытаваць кіраўніцтва краіны і забяспечыць умовы для развіцця канфліктаў», — адзначыў ён. Зацверджаная кіраўніком дзяржавы Задума абароны дзяржавы — падмурак стратэгічнага планавання абароны. Павел Муравейка раскрыў некаторыя аспекты гэтага дакумента: «У ім канкрэтна прадстаўлены пяць асноўных стратэгічных напрамкаў. Зніжэнне ўзроўню ваеннай небяспекі і прадухіленне ваенных канфліктаў — гэта значыць дзеянні, якія будуць прымяняцца намі ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і ваеннай сферы для таго, каб гэта забяспечыць. Гэта падрыхтоўка дзяржавы да абароны, якая ахоплівае ўсе сферы — ад эканомікі да вайсковай сферы. Гэта варыянты ўзброенай абароны нашай краіны пры розных канфліктах. Акрамя таго, гэта пытанні падрыхтоўкі эканомікі і функцыянавання дзяржавы ў цэлым ва ўмовах вядзення ваенных дзеянняў. Немалаважная ўвага нададзена такому аспекту, як падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі і ліквідацыя розных праяў, якія могуць паўплываць на бяспеку». Па словах начальніка Генеральнага штаба, Задума распрацавана на 2026-2030 гады, на бліжэйшую пяцігодку.
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што ў Задуме абароны дзяржавы ўлічаны не толькі выклікі і пагрозы побач з Беларуссю. «Мы назіраем за тым, што сёння адбываецца ў свеце: Сірыі, Грузіі, Малдове ды іншых дзяржавах. Усё гэта ўплывае на бяспеку і абарону інтарэсаў той ці іншай дзяржавы», — сказаў ён. Аляксандр Вольфавіч падкрэсліў, што ў гэтым годзе завяршаецца дзеючы план абароны дзяржавы, у якім не закладзены былі пагрозы, якія сыходзяць з паўднёвых рубяжоў. Па яго словах, у абноўленым плане гэтыя рэаліі ўлічаны.
Дзяржсакратар расказаў, што ў адпаведнасць з Задумай абароны дзяржавы на працягу года дзяржаўнымі органамі пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба будуць праведзены дэталёвыя разлікі і падрыхтаваны дакументы плана абароны дзяржавы. Структура плана абароны таксама зацверджана Прэзідэнтам. У лістападзе-снежні наступнага года будзе поўнасцю складзены план абароны дзяржавы і вынесены на зацвярджэнне Савета Бяспекі.
Журналісты пацікавіліся, ці абмяркоўвалася гарантаванне бяспекі падчас прэзідэнцкіх выбараў. «Выбары — гэта толькі адрэзак у жыцці дзяржавы. Таму гарантаванне бяспекі, калі гаворым пра выбары, нейкае іншае палітычнае ці святочнае мерапрыемства — гэта пастаянная задача структур, якія за гэта адказваюць, — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. — Самая галоўная задача, каб наш народ адчуваў сябе спакойна заўсёды — і падчас выбараў, іі ў іншыя дні».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» і правільна спланаваць яго прымяненне. Аб гэтым, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка па выніках пасяджэння Савета Бяспекі.
Журналісты ўдакладнілі, ці абмяркоўвалася ў ходзе пасяджэння тэма пастаўкі ў Беларусь сучаснага расійскага комплексу «Арэшнік» і ці былі нейкія дадатковыя даручэнні кіраўніка дзяржавы наконт гэтага.
«Даручэнне адно — забяспечыць размяшчэнне на нашай тэрыторыі „Арэшніка“ і правільна спланаваць яго прымяненне», — сказаў Павел Муравейка. На ўдакладняльнае пытанне, колькі менавіта такіх комплексаў плануецца паставіць у Беларусі, начальнік Генштаба адказаў: «Пра гэта ведае толькі Прэзідэнт Расіі».
Характарызуючы ў цэлым абстаноўку, якая складваецца вакол Беларусі, Павел Муравейка падкрэсліў, што назваць яе спакойнай нельга. Гэтаму садзейнічае і мілітарызацыя суседніх краін, якая прадаўжаецца, і падзеі, што адбываюцца ва Украіне, і інфармацыйная кампанія, разгорнутая ў адносінах да Беларусі з мэтай дыскрэдытаваць органы ўлады і кіраўніцтва краіны, каб забяспечыць умовы для ўзнікнення або правакавання розных канфліктаў.
Як паведамлялася, прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня ў Мінску дамовіліся, што Расія паставіць у Беларусь сучасны ракетны комплекс «Арэшнік». З адпаведнай просьбай да кіраўніка расійскай дзяржавы звярнуўся беларускі лідар, і Прэзідэнт Расіі адказаў станоўча. «Я хачу публічна папрасіць вас, каб новыя сістэмы ўзбраення, і перш за ўсё „Арэшнік“, былі размешчаны на тэрыторыі Беларусі. Гэта сур’ёзна супакоіла б некаторых, якія ўжо гатовы ваяваць супраць Беларусі», — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.
«У нас ёсць вызначаныя месцы, дзе мы можам размясціць гэту зброю. З адной толькі ўмовай — што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. А пакуль вы нас абучыце карыстацца гэтай зброяй, калі гэта будзе зроблена (будзе прынята станоўчае рашэнне па размяшчэнні ў Беларусі. — Заўв. БелТА), каб спецыялісты Расійскай Федэрацыі абслугоўвалі і ажыццяўлялі пускі па вызначаных цэлях баявымі зарадамі „Арэшніка“. Вы гэта ўмееце рабіць, вы гэта прадэманстравалі нядаўна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.