Вы тут

Дабрабыт грамадзян і падтрымка рэальнага сектара эканомікі


Традыцыйна напрыканцы года ўвага парламентарыяў скіравана на асноўныя фінансавыя дакументы краіны. Сярод іх — законапраект «Аб змяненні законаў», які найперш прадугледжвае карэкціроўку Падатковага кодэкса, і праект Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год». 


Павелічэнне заробкаў і падтрымка тых, хто будуецца 

У будучым годзе даходы рэспубліканскага бюджэту плануюцца ў памеры 45 835,8 млн рублёў, што на 8,1% больш, чым ацэнка паступленняў мінулага года. Расходы рэспубліканскага бюджэту ў будучым годзе плануюцца ў суме 50 295,2 млн рублёў (з ростам на 12% да ацэнкі 2024 года).

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ адзначыў, што бюджэт краіны на будучы год сфарміраваны згодна з традыцыйнымі падыходамі. «Ëн улічвае асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2025 год, бюджэт збалансаваны згодна з паказчыкамі грашова-крэдытнай палітыкі, улічвае ўсе мэтавыя задачы, у тым ліку задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы і ўрадам Нацыянальнаму банку па абмежаванні ўзроўню інфляцыі ў памеры не больш за 5%», — канкрэтызаваў сенатар. 

Традыцыйна рэспубліканскі бюджэт захоўвае сацыяльную накіраванасць. «42% (у абсалютнай суме гэта каля 36 мільярдаў беларускіх рублёў) — гэта расходы сацыяльнага характару: на ахову здароўя, адукацыю, культуру, сацыяльную абарону, — канкрэтызаваў Уладзіслаў Татарыновіч. 

— Больш чым на 10% у рамках праекта бюджэту павялічваюцца расходы на заработную плату, выплату пэўных надбавак у бюджэтнай сферы. У такой жа прапорцыі павялічваюцца расходы на выплату сямейнага капіталу. Вялікія расходы ў нас будуць накіраваны на падтрымку грамадзян пры жыллёвым будаўніцтве, у тым ліку будзе працягнута практыка апераджальнага будаўніцтва арэнднага і сацыяльнага жылля для найбольш запатрабаваных катэгорый». 

Па словах парламентарыя, фінансавыя рэсурсы будуць залежаць не толькі ад рэалізацыі мер падатковага характару, а і ад рэальных вынікаў работы эканомікі ў будучым годзе. Ëн расказаў, што вялікая ўвага, згодна з праектам бюджэту, будзе ўдзелена і падтрымцы нацыянальнай эканомікі, айчынных прадпрыемстваў і арганізацый, якія вымушаны працаваць у асаблівых умовах. 

Як акцэнтавала ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, рэспубліканскі бюджэт сфарміраваны збалансавана. «Радуе тое, што па ўсіх кірунках — і ахова здароўя, і адукацыя, і сацыяльная абарона — усюды ёсць рост, прычым сур’ёзны», — удакладніла спікер.

Змяншэнне падатковай нагрузкі і новыя паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў

Карэкціроўка Падатковага кодэкса, у прыватнасці, прадугледжвае індэксацыю падатковых ставак, устаноўленых у абсалютных велічынях, на прагнозны індэкс росту спажывецкіх цэн. Павялічваюцца стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы і алкагольную прадукцыю з улікам міжнародных абавязацельстваў. Адмяняюцца асобныя малаэфектыўныя падатковыя ільготы. Для шматдзетных сем’яў здымаецца абмежаванне ў выглядзе адной кватэры пры прымяненні маёмаснага падатковага выліку. На 20% зніжаюцца ўстаноўленыя стаўкі па адзіным падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў — бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў старэйшых за 18 гадоў, якія маюць 1 або 2 групу інваліднасці. 

З 1 студзеня 2025 года мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць валодаць правам вызваляць плацельшчыкаў ад прымянення павышаючага каэфіцыента 3 да стаўкі зямельнага падатку. Да 1 студзеня 2028 года працягваецца дзеянне стаўкі падаходнага падатку ў памеры 13% адносна даходаў фізічных асоб, атрыманых па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Замацоўваецца стаўка падатку на прыбытак у памеры 30% для аператараў сотавай рухомай электрасувязі і камерцыйных мікрафінансавых арганізацый. Абласныя Саветы дэпутатаў надзяляюцца правам на пастаяннай аснове ўводзіць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Пашыраюцца магчымасці прымянення стандартнага падатковага выліку, устаноўленага для маладых спецыялістаў за кошт выпускнікоў устаноў адукацыі Белкаапсаюза, маладых спецыялістаў, накіраваных на работу ў адвакацкія і натарыяльныя канторы, маладых спецыялістаў, накіраваных на навучанне ў замежныя арганізацыі на ўмовах дагавора, заключанага адпаведным дзяржаўным органам. 

«Прапановы, якія ўключаны ў праект закона, носяць планавы характар, — рэзюмаваў Уладзіслаў Татарыновіч. — У цэлым, усе меры, накіраваныя на карэкціроўку Падатковага кодэкса, для асноўнай масы плацельшчыкаў не прывядуць да павелічэння падатковай нагрузкі. Наадварот, па ацэнцы спецыялістаў Міністэрства фінансаў, узровень падатковай нагрузкі, у параўнанні з бягучым годам, знізіцца дзесьці на 0,5 — 0,6 працэнтных пунктаў і складзе прыблізна 24,5 — 24,6%».

Акрамя таго, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу адобрылі законапраект «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў», які зніме некаторыя супярэчнасці і ліквідуе шэраг заканадаўчых прабелаў, і ратыфікавалі шэраг міжнародных дакументаў. 

Вераніка КАНЮТА.

Фота БелТА. 

Сенатары разгледзелі праект Пастановы Савета Рэспублікі «Аб Заяве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці спынення эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады, уведзенай Злучанымі Штатамі Амерыкі супраць Рэспублікі Куба». 

Наталля Качанава звярнула ўвагу на тым, што Беларусь і Кубу яшчэ з часоў Савецкага Саюза звязваюць добрыя сяброўскія адносіны. «Іх дэлегацыя была ў нас, яны чакаюць нас візітам на Кубе, — удакладніла яна, кажучы аб міжпарламенцкім узаемадзеянні. — Гэта мужны народ, які многія гады ва ўмовах санкцый не паддаецца ні на якія прапановы ўзамен на зняцце санкцый паступіцца сваёй незалежнасцю. Яны робяць усё для таго, каб захаваць суверэнітэт сваёй краіны». 

Як патлумачыў у размове з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Дзмітрый ЖУК, сэнс заявы зразумелы і відавочны — гэта адмена санкцыйнай палітыкі. «Мы не па чутках ведаем, што такое санкцыі, і таму лічым, што двайныя стандарты, двайная мараль не прымальныя ў развіцці сучаснага свету, — падкрэсліў ён. — На жаль, тыя санкцыі, гандлёвыя і эканамічныя, якія Злучаныя Штаты ўвялі супраць Кубы, значна стрымліваюць магчымасці развіцця і, галоўнае, павышэння ўзроўню жыцця простых грамадзян Кубы».

Сенатар заявіў, што члены Савета Рэспублікі вітаюць рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН аб неабходнасці спынення блакады, уведзенай ЗША супраць Кубы, прынятую 30 кастрычніка. «Са 193 краін „за“ прагаласавала 187 дзяржаў, „супраць“ — 2 (ЗША і Ізраіль), устрымалася Малдова, — праінфармаваў Дзмітрый Жук. — Мы бачым, што гэта рашэнне — трэнд на зыход ад двайных стандартаў і аднабаковых эканамічных санкцый — папулярнае і падтрымана сусветнай супольнасцю».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.