У найбліжэйшыя дні нашу краіну будзе перасякаць халодны атмасферны фронт, які адкрые шлях арктычным паветраным масам, а значыць, нас чакае першае снежаньскае пахаладанне, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Тэмпература паветра панізіцца, і ў начныя гадзіны пятніцы і суботы будзе вагацца ад 4 да 11 марозу. Днём слупкі тэрмометраў будуць знаходзіцца ў межах ад нуля да мінус 6 градусаў. Моцны парывісты вецер у начныя і ранішнія гадзіны будзе ўзмацняць адчуванне холаду.
На гэтым запас сур’ёзнага холаду першай паловы снежня вычарпаецца. Ужо пачынаючы з нядзелі слупкі тэрмометраў зноў накіруюцца ўверх. Прычынай пацяплення стане сістэма атмасферных франтоў, якая прынясе не толькі ападкі, але і цёплае атлантычнае паветра. Надвор’е будзе воблачным, а ападкі стануць ісці ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу, што будзе прыводзіць да галалёдных з’яў. У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны тэмпература паветра ўначы — 1–8 марозу, а ўдзень — мінус 3 — плюс 2 градусы.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак тэмпература паветра ўначы — ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла, удзень — мінус 1 — плюс 6 градусаў. Ветрана і вільготна будзе і ў аўторак. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны будзе ісці дождж з мокрым снегам. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 на ўсходзе да плюс 4 градусаў на паўднёвым захадзе, удзень — ад нуля да плюс 7 градусаў. У сераду тэмпература паветра ўначы — ад мінус 4 градусаў да плюс 3, а ўдзень — мінус 2 — плюс 5 градусаў.
Дарэчы, сіноптыкі адзначаюць, што сёлета першая дэкада снежня аказалася на 1,9 градуса вышэйшай за кліматычную норму і склала ў сярэднім па краіне 0,2 цяпла. Пры гэтым станоўчая анамалія тэмпературы паветра адзначалася па ўсёй тэрыторыі краіны.
Сяргей КУРКАЧ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.