Вы тут

«Беларусь 3» падрыхтаваў тэматычны эфір да векавога юбілею беларускага кіно


На наступным тыдні 17 снежня — Дзень беларускага кіно. Сёлета наш кінематограф адзначае свой векавы юбілей. І з гэтай нагоды «Беларусь 3» на працягу года радуе тэлеаўдыторыю паказамі найлепшых дакументальных і мастацкіх кінастужак, сустрэчамі з кінамайстрамі. Так, гледачы ўжо мелі магчымасць убачыць дакументальнае кіно, створанае такімі беларускімі рэжысёрамі, як Ігар Рудамётаў, Віктар Карпілаў, Валерый Жыгалка, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Мухарскі і іншыя. На працягу года ў межах рэтраспектыўнага паказу ў эфір выйшла больш за 50 дакументальных фільмаў 1961–1988 гадоў. У верасні  сацыякультурны тэлеканалпаказаў 6-серыйны праект «Сведкі Вялікай Айчыннай» пра родапачынальнікаў беларускай дакументалістыкі. І наступны тыдзень з 17 да 21 снежня не стане выключэннем.


У аўторак з самай раніцы ў эфіры праекта «Дабраранак» самых маленькіх гледачоў чакае паказ мультыплікацыйных фільмаў — «Светлячок і Расінка» (1978 г.) рэжысёра Юрыя Бутырына па матывах казкі Максіма Танка, «Піліпка» (2012 г.) па матывах казкі «Піліпка-сынок», «Вясна ўвосень» (2015 г.) рэжысёра Таццяны Кубліцкай па матывах казкі класіка Уладзіміра Караткевіча. А ўвечары ў «Калыханцы» ўбачым мультфільм «Квака-задавака» (1975 г., рэжысёр Уладзімір Голікаў).

Дзённы эфір дасць нам магчымасць сустрэцца і пачуць шэраг вядомых кінамайстроў. У праграме «Я хачу гэта ўбачыць!» нас чакае тэма «Кіно і Гродна» (БТРК, 2024 г.). 

А госцем праекта «Кадры жыцця» будзе кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар і аператар Дзмітрый Зайцаў (БТРК, 2021 г.). 

Пазней нас чакае яшчэ выпуск гэтага ж праекта з удзелам сцэнарыста, рэжысёра, аператара, фатографа, кандыдата біялагічных навук Ігара Бышнёва (БТРК, 2023 г.). 

У аўтарскім праекце Уладзіміра Арлова будзе прадстаўлены аповед пра рэжысёра Льва Голуба (БТРК, 2021 г.).

Асаблівай танальнасці святочнаму дню дадасць паказ канцэрта «Музыка кіно» з праекта «Вечары з Сімфанічным аркестрам» (БТРК, 2022 г.). Не застануцца без падарункаў у гэты дзень і прыхільнікі дакументальнага кіно. Сярод прапаноў у праграме значацца кінаработы: «Бярэзінскі біясферны» рэжысёра Ігара Бышнёва (2023 г.), «Сяргей Прытыцкі. Тройчы прыгавораны» рэжысёра Уладзіміра Луцкага (2023 г.).

Што датычыцца мастацкіх кінастужак, то прыхільнікам беларускага кіно пакажуць фільмы «Юрка — сын камандзіра» (рэжысёр Мікалай Лук’янаў, 1984 г.), «Дзяўчынка шукае бацьку» (рэжысёр Леў Голуб, 1959 г.) і «Чырвонае лісце» (рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін, 1958 г.), якія ўбачылі свет на кінастудыі «Беларусьфільм». Яшчэ ў вячэрнім эфіры з 17 да 20 снежня запланаваны паказы такіх кінастужак, як «Белыя росы» (рэж. Ігар Дабралюбаў, 1983 г.), «Міравы хлопец» (1971 г.), «Дрэвы на асфальце» (1984 г.), «У жніўні 44-га...» (рэжысёр Міхаіл Пташук, 2001 г.). Убачым на тэлеэкране і новыя выпускі любімых праектаў. Гасцямі на сацыякультурным тэлеканале будуць сцэнарыст, рэжысёр Аляксандр Ленкін, рэжысёр, сцэнарыст Алена Турава, дырэктар ММКФ «Лістапад» (1996–2003 гг.) Валянціна Сцяпанава, сцэнарыст, акцёр, рэжысёр Іван Паўлаў і генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей.

Не прапусціце ўвечары 21 лістапада і прэм’еру дакументальнага фільма ад рэжысёра Сяргея Кацьера «Золата «Лістапада» (БТРК, 2024 г.). А пасля не выходзячы з дому можна душэўна правесці час за праглядам тэлеверсіі канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. І. Жыновіча «Музычная спадчына беларускага кінематографа», які, дарэчы, у Белдзяржфілармоніі пройдзе 18 снежня.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.