Сёння ў сталічнай сярэдняй школе № 64 адбылося ўрачыстае адкрыццё спартыўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Сірыус». Яго дзейнасць арганізавана пад эгідай Міністэрства абароны Беларусі. Цеснае супрацоўніцтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і ААТ «Пеленг» дасць магчымасць навучэнцам браць удзел у практычных занятках, набываць навыкі па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі, удасканальваць фізічную падрыхтоўку, атрымліваць навыкі картаграфіі, тактычнай медыцыны, арыентавання на мясцовасці ў экстрэмальных умовах. Карэспандэнты «Звязды» наведалі ўрачыстае мерапрыемства і высветлілі падрабязнасці.
У святочнай абстаноўцы 17 навучэнцаў атрымалі членскія білеты клуба і вымавілі словы клятвы, пасля чаго афіцыйна яны сталі паўнапраўнымі выхаванцамі спартыўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Сірыус». Падтрымаць маладых людзей прыехалі старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ, кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы Сяргей ХІЛЬМАН, генеральны дырэктар ААТ «Пеленг» Павел ПАЗНЯКОЎ, а таксама прадстаўнікі абароннага і міліцэйскага ведамстваў.
«Для мяне заўсёды вельмі прыемна прысутнічаць на такіх важных падзеях, якія сапраўды адбываюцца ў горадзе, — звярнуўся да прысутных старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — І сёння мы бачым, што нашы школы працуюць вельмі сур’ёзна па патрыятычным выхаванні. Самае галоўнае тое, што гэта знаходзіць водгук у маладых людзей. Яны гатовы працаваць, удзельнічаць у такіх мерапрыемствах, таму што выдатна разумеюць, што гэта трэба для іх далейшага жыцця. Тут яны атрымліваюць веды, уменні, навыкі, становяцца больш сабранымі, тымі людзьмі, якія могуць працаваць у калектыве і вывучаць дадатковыя для сябе спецыяльнасці. Гэта будзе ўплываць на выбар іх спецыяльнасці. Яны будуць паступаць у адпаведную профільную навучальную ўстанову для таго, каб ужо стаць дыпламаванымі спецыялістамі».
Кіраўнік горада закрануў і тэму ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі: «Вельмі важна, што ў горадзе мы бачым імкненне да таго, каб кожны малады чалавек быў патрыётам. Сёння мы бачым, наколькі турбулентны свет вакол нас. Мы бачым, як неспакойна ў самых розных рэгіёнах і кропках планеты. І, вядома ж, мы павінны жыць у нагу з часам. У нас ёсць усё для гэага: выдатныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і магутная навука. У нас ёсць шмат напрацовак у самых розных галінах. Вельмі добра, што такія клубы адкрываюцца ў нашым горадзе».
Уладзімір Кухараў выказаў словы падзякі прадстаўнікам праваахоўных органаў і Міністэрства абароны, якія сапраўды падтрымліваюць такія добрыя пачынанні: «Сілавыя ведамствы ведаюць і разумеюць, што, працуючы з такімі клубамі, працуючы з маладымі людзьмі, яны знаходзяць патэнцыяльных супрацоўнікаў, якія будуць служыць у сістэме Міністэрства абароны і іншых напрамках. Гэта вельмі важна, таму што толькі сумесна, комплексна працуючы з маладымі людзьмі, аказваючы ім садзейнічанне, залучаючы іх добры кірунак, мы можам дамагацца сур’ёзных вынікаў. Таму я хачу павіншаваць усіх прысутных з адкрыццём новага клуба. Я лічу, што гэта вельмі добрае рашэнне і думаю, што разам мы будзем рабіць усё для таго, каб такіх клубаў станавілася больш».
Практычныя трэніровачныя заняткі будуць праводзіцца ў спецыяльна абсталяваным кабінеце на трэнажорах-сімулятарах, якія дазволяць зразумець прынцыпы палёту і аэрадынамікі. Для кіравання палётам віртуальных мадэляў прымяняюцца штатныя пульты кіравання ад БЛА і відэаакуляры. У працэс навучання ўключаны тэарэтычная падрыхтоўка, трэнажорная практыка, палёты на дзеючых мадэлях БЛА на палігонах, а таксама гонкі дронов (дронрэйсінг). Трэніровачныя заняткі з выхаванцамі клуба будуць праводзіць прадстаўнікі Міністэрства абароны і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
«На самай справе ідэя па стварэнні падобнага клуба цалкам правільная, я б нават сказаў — ідэальная, — перакананы генеральны дырэктар ААТ „Пеленг“ Павел Пазнякоў. — Па-першае, як і ўся моладзь, як і ўсе сучасныя людзі, школьнікі любяць карыстацца электроннымі прыладамі, працаваць з экранамі і гэтак далей. Тут жа прадастаўлена такая магчымасць. Акрамя гэтага, маладыя людзі зразумеюць, як уладкаваны беспілотны лятальны апарат, з чаго ён складаецца, па якіх прынцыпах і законах ён працуе і развіваецца. Гэта выведзе вучняў на зусім іншы ўзровень ведаў і ўменняў».
Звяртаючыся да маладых людзей, Павел Пазнякоў адзначыў: «Вы зрабілі вельмі правільны выбар — замест таго, каб марнаваць час на нейкія задавальненні праз той жа экран смартфона або камп’ютара, вы будзеце прысвячаць яго таму, каб атрымаць канкрэтны навык, канкрэтную прафесію, рабіць гэта ўжо цяпер, са школьнай лавы. Кажучы мовай бізнесу: вы ўжо зараз пачалі інвеставаць у саміх сябе ў будучыні. На самай справе, любая, хай нават самая складаная навука становіцца даступнай, калі вы прыкладваеце намаганні. Бачачы, як сур’ёзна вы да гэтага ставіцеся, я на 100 працэнтаў упэўнены, што ў вас усё атрымаецца».
У сваю чаргу, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама Вольга СМІРНОВА заўважыла, што ў спартыўным ваенна-патрыятычным клубе змогуць займацца навучэнцы не толькі з гэтай школы, але і з іншых устаноў адукацыі горада Мінска: «Гэтая дзейнасць сапраўды цікавая і займальная для дзяцей, паколькі звязана з засваеннем беспілотных лятальных апаратаў. Спачатку маладыя людзі будуць вучыцца кіраваць БЛА віртуальна, затым ужо — трэніравацца на базе сваёй спартыўнай залы і ў закрытых памяшканнях. Пазней, з захаваннем усіх неабходных патрабаванняў і пад кантролем дарослых, яны будуць праводзіць заняткі на адкрытай тэрыторыі».
Начальнік кафедры беспілотных авіяцыйных комплексаў баявога ўпраўлення ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі палкоўнік Дзмітрый Дзьякаў заявіў: «Намі распрацавана праграма па дадзеным навучанні. Гэта пілотны праект, які ў далейшым плануем сумесна з Міністэрствам адукацыі пашыраць на ўсе навучальныя ўстановы. Вучэбная праграма складаецца з некалькіх блокаў. Першы блок — гэта ўступныя заняткі: дзесьці гісторыя авіяцыі, дзесьці канструкцыя і гэтак далей. Наступны блок — гэта ўжо практычная падрыхтоўка з выкарыстаннем авіяцыйных сімулятараў і невялікіх дронаў, якія прызначаны для палётаў у памяшканні».
Акрамя таго, выхаванцы клуба навучацца кіраваць дронамі, аналізаваць і апрацоўваць дадзеныя, атрыманыя пры дапамозе аэра- і фотаз’ёмкі, складаць планы палётаў. Таксама маладыя людзі атрымаюць магчымасць працягнуць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах краіны на спецыяльнасцях, неабходных у інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі нашай Радзімы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
фота Лізаветы ГОЛАД.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.