З панядзелка, 16 снежня, у Беларусі пачалася самая маштабная зімовая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Сёлета старт ёй будзе дадзены на Віцебшчыне, а святочныя мерапрыемствы адначасова пачнуцца літаральна ва ўсіх раёнах нашай краіны. На галоўную ёлку ў Палац Рэспублікі з удзелам кіраўніка дзяржавы запросяць больш чым 2300 хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Наша традыцыйная акцыя дапамагае прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, аказаць дапамогу і падтрымку найменш абароненым катэгорыям дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ў клопаце і ўвазе, — заўважыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч.
Падчас акцыі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя і іншыя арганізацыі, грамадскія аб’яднанні наведаюць больш за 130 устаноў, сярод якіх медыцынскія і адукацыйныя ўстановы, цэнтры карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
З мінулага года старт акцыі праходзіць у новым фармаце, і штогод эстафету адкрыцця будзе падхопліваць новы рэгіён. Летась гэта была Брэсцкая вобласць, сёлета — Віцебшчына.
Урачыстая цырымонія пройдзе ў казачнай навагодняй атмасферы, хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць сюрпрызы і падарункі. Юных удзельнікаў запрошана, дарэчы, больш за 200. Падчас цырымоніі адкрыцця будзе арганізаваны тэлемост з усімі рэгіёнамі.
На галоўную ёлку краіны запросяць дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзяцей з іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый, а таксама дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і грамадскай рабоце, пераможцаў рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.
Навагодні баль для моладзі з удзелам кіраўніка дзяржавы, які пройдзе ў Палацы Незалежнасці, стане яшчэ адной значнай падзеяй акцыі. На баль запрошаны больш чым 300 юнакоў і дзяўчат: студэнты ВНУ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў, а таксама маладыя людзі, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі, пераможцамі конкурсаў і спаборніцтваў.
За перыяд існавання акцыі яе маштабы значна пашырыліся. Штогод далучаецца ўсё больш арганізацый, прадпрыемстваў і грамадзян, якія жадаюць прыняць удзел у віншаванні дзяцей. А ў мерапрыемствах, якія пройдуць у Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, плануецца ўдзел дэлегацый дзяцей з Расіі, Літвы і Латвіі.
— Акцыя «Нашы дзеці» за час свайго існавання стала сапраўды беларускім брэндам і аналагаў ёй няма. Асаблівасць яе ў тым, што ўсё беларускае грамадства далучаецца да акцыі, а беларусы не застаюцца раўнадушнымі да праблем дзяцей, — рэзюмавала Алена Вайцяховіч.
Алена КРАВЕЦ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.