Вы тут

У рэгіёне Вялікага заліва адкрылі трансмарскі калідор


У рэгіёне Вялікага заліва Гуандун—Сянган—Аамэнь адкрыўся рух аўтатранспарту па Хуанмаахайскім трансмарскім калідоры, перадае «Сіньхуа».


Ажыццяўленне праекту пачалося ў чэрвені 2020 года. Новы калідор стане яшчэ адной буйной трансмарскай транспартнай артэрыяй у рэгіёне Вялікага заліва Гуандун—Сянган—Аамэнь пасля таго, як раней былі пабудаваны мост Сянган-Чжухай-Аамэнь і трансмарскі транспартны калідор Шэньчжэнь—Чжуншань.

Хуанмаахайскі трансмарскі калідор уяўляе шасціпалосную хуткасную аўтамагістраль з разліковай хуткасцю руху 100 кіламетраў у гадзіну, якая пачынаецца ў пасёлку Пінша гарадской акругі Чжухай і заканчваецца ў пасёлку Доўшань гарадскога павета Тайшань (правінцыя Гуандун, Паўднёвы Кітай). Агульная працягласць калідора складае каля 31 км. Трансмарскі ўчастак калідора працягласцю каля 14 км уключае два галоўныя масты.

Хуанмаахайскі калідор з’яўляецца заходнім працягам моста Сянган—Чжухай—Аамэнь і звязвае гарады Цзянмэнь, Чжухай, спецыяльныя адміністрацыйныя раёны Аамэнь і Сянган. «На этапе планавання і выбару маршруту мы ўсяляк пазбягалі экалагічна ўразлівых раёнаў, — адзначыў намеснік дырэктара цэнтра кіравання праектам Лі Цян. — Падчас будаўніцтва праводзіўся экалагічны маніторынг і ацэнка экалагічных наступстваў для розных відаў птушак, што дало магчымасць у тым ліку эфектыўна абараніць асяроддзе пражывання белых чапляў».

Адкрыццё калідора дазволіла скараціць час у дарозе з Чжухая ў Цзянмэнь з больш чым гадзіны да 30 хвілін. «Хуанмаахайскі трансмарскі калідор будзе садзейнічаць высокаэфектыўнай узаемазвязанасці і эканамічнай інтэграцыі рэгіёну Вялікага заліва Гуандун—Сянган—Аамэнь і мае важнае значэнне для рэалізацыі ініцыятыў Гуандуна па рэгіянальным развіцці і ператварэнні рэгіёну Вялікага заліва ў транспартны вузел сусветнага класа», — заявіў кіраўнік Дэпартамента транспарту правінцыі Гуандун Лін Фэймін.

Рэгіён Вялікага заліва Гуандун—Сянган—Аамэнь агульнай плошчай 56 тысяч кв. км уключае Сянган, Аамэнь і дзевяць гарадоў правінцыі Гуандун. У мінулым годзе яго валавы рэгіянальны прадукт перавысіў 14 трлн. юаняў (каля 1,95 трлн. долараў).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.