Вы тут

«Мы не можам страціць нашу краіну, у нас іншай няма»


Мерапрыемства, арганізаванае ў сталіцы Міністэрствам інфармацыі, для айчыннай медыясупольнасці традыцыйнае. Чаго не скажаш пра тэму, якая гучала як «Роля новых медыя ва ўмовах электаральнай кампаніі». І гэта цалкам абгрунтавана: наша краіна ўступіла ў найважнейшы перыяд грамадска-палітычнага жыцця, а, хто як не журналісты, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі асвятлення электаральнай кампаніі, фарміруюць грамадскую думку!? У гэты адказны час у тым ліку супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі праходзяць іспыт на адказнасць і прафесіяналізм. Маладыя журналісты — не выключэнне.


«Інфармацыйная вайна — гэта не дзесьці там, гэта тут, у нас»

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў адзначыў, што форум — гэта магчымасць шчыра пагаварыць аб тым, якія выклікі і пагрозы цяпер стаяць перад краінай. «Інфармацыйная вайна — гэта не дзесьці там, гэта тут, у нас, — падкрэсліў ён. — І калі мы не будзем адэкватна, згуртавана рэагаваць на выклікі і пагрозы ад тых, хто не жадае нашай краіне дабра, страцім самае галоўнае, што ў нас ёсць, — нашу Радзіму. У гэтай вайне павінны ўдзельнічаць не толькі цэнтральныя сродкі масавай інфармацыі. Кожны ў рэгіянальным медыя павінен разумець, што ў гэты востры момант публікацыі аб культурным жыцці, аб пчолках, матыльках не будуць з’яўляцца тым дзейсным шчытом, эфектыўным супрацьдзеяннем стужцы навін, якія фарміруюць, як потым мы даведаліся, цэнтры інфармацыйна-псіхалагічных аперацый».

Нашых журналістаў, як падкрэсліў Уладзімір Пярцоў, вучаць казаць праўду, прычым не толькі станоўчага характару. «Толькі кажучы праўду, здымаючы праўду, апісваючы праўду, выязджаючы першымі, можна перахапіць парадак дня ў нашых апанентаў, якія глытаюць пыл цяпер, не паспяваючы за нашымі дзяржаўнымі нацыянальнымі або калядзяржаўнымі патрыятычнымі СМІ», — канкрэтызаваў ён. 

Па словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, важна паспяваць за апошнімі тэндэнцыямі ў медыяіндустрыі. Пры гэтым нельга забываць аб правілах бяспекі ў інтэрнэце. «Кожная сацыяльная сетка збірае пра вас каля 150 метаданых: дзе вы знаходзіцеся, якая ў вас прылада, што вы гугліце, аб чым вы гаворыце, хто вашы сябры, які ў вас пол, узрост, — засяродзіў увагу ён. — Сацыяльная сетка ведае пра вас усё. Яна гандлюе вашымі данымі, прадаючы іх камусьці». 

У гэты складаны момант, калі ідзе інфармацыйнае супрацьборства, як заўважыў Уладзімір Пярцоў, журналісты з’яўляюцца асноўнымі баявымі штыкамі. «Як бы гэта гучна не гучала, але мы цяпер ваюем, — удакладніў ён. — І ад таго, наколькі эфектыўна будзем ваяваць мы, залежыць тое, ці разгорнецца ў нас поле бітвы з сапраўднай лятальнай зброяй. Мы не можам страціць нашу краіну, у нас іншай няма».

У рэспубліканскіх СМІ — звыш 7,5 мільёна падпісчыкаў

Міністр інфармацыі Марат Маркаў звярнуў увагу на тое, што час паскараецца, назіраецца нон-стоп развіцця новых медыя, якія кардынальна мяняюць ландшафт інфармацыі і камунікацыі. «Лічбавае асяроддзе стала ідэальнай глебай для росту мноства форм і інструментаў падачы інфармацыі, — падкрэсліў ён. — Штучны інтэлект замяняе дзясяткі спецыяльнасцяў, а ўчарашні блогер-аматар сёння па ахопу і аўтарытэце нярэдка канкурыруе з цэлымі рэдакцыямі. Ён ужо лідар меркаванняў, ён — у тэме, у рэсурсе, і яго кантэнт карыстаецца часта шматмільённым попытам». 

Пры гэтым, як канстатаваў кіраўнік інфармацыйнага ведамства, у пагоні за рэйтынгамі і хайпам часта ігнаруюцца нормы праўды і маралі, ствараецца альтэрнатыўная рэальнасць. «І што можам гэтаму супрацьпаставіць мы з вамі, традыцыйныя СМІ?» — пацікавіўся ён і прапанаваў як вопытным журналістам, так і тым, хто толькі пачынае свой шлях у прафесіі, падумаць, як менавіта яны могуць забяспечыць інфармацыйную незалежнасць краіны і стаць моцнай чацвёртай уладай.

Па словах Марата Маркава, маладому журналісту сёння дадзена тое, чаго не было яшчэ паўтара-два дзясяткі гадоў таму, — найшырэйшы выбар поля дзейнасці. «Толькі ў рэспубліканскіх беларускіх СМІ — больш за 7,5 мільёна падпісчыкаў, — канкрэтызаваў ён. — Імкліва развіваецца „TikTok“, у якога ў Беларусі прырост падпісчыкаў толькі па раённых рэдакцыях СМІ за 12 месяцаў — 50 % (да 2 мільёнаў ужо)». Пры гэтым, як заўважыў міністр, шэраг сацыяльных сетак, якія маюць дзясяткі і сотні мільёнаў падпісчыкаў, мала задзейнічаны. 

Марат Маркаў заклікаў маладых журналістаў не імкнуцца акунацца выключна, як гэта цяпер пераважае, у культурную ці спартыўную сферы, а выбіраць палітыку. «Гэта складаны шлях, на ім вы сустрэнеце не так шмат канкурэнтаў, і пры гэтым вам будзе вельмі цікава, — перакананы ён. — Але гэта выклік, а для журналіста выклік — гэта заўсёды магчымасць. Менавіта ў такіх умовах ваша прафесія праяўляе сваё асаблівае значэнне — служэнне грамадству, адданасць сваёй краіне. Прыйшоўшы ў журналістыку, вы ўжо выбралі шлях, які патрабуе не толькі таленту, але і прафесійнага абавязку перад краінай і людзьмі, а яшчэ смеласці і самаахвярнасці». 

Празрыстасць выбараў і нацыянальныя інтарэсы 

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка расказаў аб актуальных пытаннях, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама падрабязна спыніўся на ключавых змяненнях выбарчага заканадаўства. У прыватнасці, патлумачыў сутнасць новага паняцця, разумець якое ў тым ліку павінны і журналісты, — электаральны суверэнітэт.

«Электаральны суверэнітэт, па сутнасці, з’яўляецца краевугольным каменем з пункту гледжання забеспячэння не толькі празрыстасці выбараў і правядзення іх у нашых нацыянальных інтарэсах, а і стварэння пэўных умоў для таго, каб мы не дапусцілі якога-небудзь умяшальніцтва ў наш выбарчы працэс, — патлумачыў ён. — Часткова, калі працавалі над змяненнем нашага заканадаўства, мы ўжо заклалі шэраг норм, якія, на наш погляд, дазволяць забяспечыць электаральны суверэнітэт і абараніць усіх удзельнікаў выбарчага працэсу». 

Ігар Карпенка канстатаваў, што ўсё часцей даводзіцца назіраць, як электаральныя кампаніі выкарыстоўваюцца для падрыву асноў стабільнасці ў дзяржаве, становяцца аб’ектам умяшальніцтва звонку, падвяргаюцца гібрыднаму ўздзеянню. 

Дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) МТРК «МІР» у Беларусі Вольга Шпілеўская распавяла аб інструментах уплыву новых медыя на грамадскую думку. На канкрэтных прыкладах удзельнікі форуму змаглі пераканацца аб уздзеянні новых медыя на ход выбарчай кампаніі, ролі сацыяльных сетак у арганізацыі пратэстаў. Асобна яна спынілася на дэзінфармацыі, якая таксама становіцца інструментам дасягнення палітычных і эканамічных мэт. 

Вольга Шпілеўская звярнула ўвагу, што вельмі важна ўсведамляць патэнцыял новых медыя і выкарыстоўваць іх з розумам, каб ствараць карысны і якасны кантэнт, які садзейнічае развіццю грамадства і культуры. «Медыясупольнасць павінна вызначыцца, у які бок працаваць: рэагаваць на запыты аўдыторыі і не спрабаваць іх памяняць, што, безумоўна, прасцей, або пачаць паступова фарміраваць густы грамадства», — падкрэсліла яна. 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.