Вы тут

Аўтар слоў дзяржаўнага гімна стаў народным паэтам Беларусі


На гэтым тыдні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 462 пра дзяржаўныя ўзнагароды і званні. У ім гаворыцца сярод іншага, што высокае званне «Народны паэт Беларусі» прысвоена Уладзіміру Карызну.


Фота Канстанціна ДРОБАВА

«Самы песенны паэт Беларусі» — так называюць Уладзіміра Карызну. Ён аўтар не толькі шматлікіх паэтычных зборнікаў — яго вершы сталі асновай для соцень песень. А самае галоўнае — менавіта Уладзімір Карызна стаў аўтарам слоў гімна незалежнай Рэспублікі Беларусь. «Сэрцам разумеў, што дзяржаўны гімн — гэта святое. Гучанне яго надае гонару за сваю краіну, узмацняе ўпэўненасць... Скажу шчыра: мяне агарнулі вялікая напружанасць і адказнасць. Разумеў, што дзяржаўны гімн не проста песня, а самы галоўны музычны твор краіны. За ім стаяць дзяржава, народ. Для напісання такога надзвычай важнага твора патрэбна мець вялікі творчы запас. Вось у такіх развагах і працаваў... Словы для новага варыянта гэтага важнага дзяржаўнага твора, як пацеркі, перабіраліся ў памяці мноства разоў, адшліфоўваліся, выкрышталізоўваліся ў рыфмаваныя радкі, клаліся пад мелодыю. Сам Гасподзь дараваў натхненне выказацца трапна».

За працу над тэкстам гімна Уладзімір Карызна быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Мае і шмат іншых узнагарод: ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь... А належыць да пакалення дзяцей вайны. Бацька пайшоў у партызаны, пасля і маці з чатырма маленькімі дзецьмі з-за небяспекі перабралася ў партызанскі атрад. Давялося перажыць шмат: фашысцкую блакаду ў балотах, голад і нястачы. «Але бацькі цярпліва пераносілі цяжкасці, а мы гэтаму вучыліся ў іх», — успамінаў Уладзімір Карызна. Паэту не ўдалося атрымаць музычнай адукацыі, хоць здольнасці былі вялікія.

А паэзіі ён вучыўся ў народнай песні.

«Паэзія падобная на музыку. Яна настолькі тонкая, глыбінная, што не пішацца, а іграецца!.. Яна, зразумела, з’яўляецца цяжка: гэта як ураджай сабраць... І ў той жа час — як на скрыпцы сыграць: не кожны зможа, гэта тонкая праца душы», — аднойчы прызнаўся паэт. І сапраўды, няма беларуса, якім б не ведаў на памяць творы Уладзіміра Карызны, магістральная тэма якіх — любоў да Радзімы:

«Неба чыстае і глыбокае,

І бярозавы ціхі гай…

Беларусь мая, сінявокая,

Беларусь мая, родны край...»

Песня на гэтыя ўзнёслыя словы прагучала ў 1960 годзе ў выкананні Дзяржаўнага хору БССР пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча. Самыя таленавітыя кампазітары стваралі песні на словы Уладзіміра Карызны — Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, а таксама сын паэта, вядомы кампазітар Уладзімір Карызна-малодшы. Некаторыя з тых песень ужо ўспрымаюцца як народныя... Дарэчы, і сам паэт сачыняў мелодыі песень, якія ўвайшлі ў рэпертуар вядомых музыкаў.

«Беларусь заўсёды мілая і дарагая майму сэрцу», — сцвярджае народны паэт Беларусі Уладзімір Карызна, якому летась споўнілася 85 гадоў. І гэта пачуццё любові да Радзімы гучыць у кожным яго творы.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.