Пераможцаў III Рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код» узнагародзілі на XI Форуме маладых журналістаў «Роля новых медыя ва ўмовах электаральнай кампаніі», перадае БелТА.
Усяго ў ходзе конкурсу журы адабрала 14 лепшых работ у сямі намінацыях і дзвюх узроставых групах. Канкурсанты рыхтавалі карыкатуры па найбольш вострых сацыяльных тэмах, фотарэпартажы, відэасюжэты аб памятных месцах Беларусі, вядомых людзях і знамянальных падзеях, аўтарскія матэрыялы, праекты ў новых медыя, відэаблогу, а таксама дэманстравалі свае аператарскія навыкі. Узнагароды маладым журналістам уручылі міністр інфармацыі Марат Маркаў і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Міністр адзначыў, што добрая праца заўсёды павінна быць адзначана. «Я вельмі рады, што мне далі такі гонар узнагародзіць людзей, якія ў нашай прафесіі ўжо дамагліся поспеху», — падкрэсліў ён.
Адной з пераможцаў стала фотакарэспандэнт аддзела рэдакцыі газеты «Жабінка актуальна» Кацярына Якубянок. Яна атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Найлепшы фотарэпартаж». Як расказала сама канкурсантка, яе работа прысвечана гадавіне спалення вёскі Дрэмлёва Жабінскага раёна, якая паўтарыла лёс Хатыні. «Гэта адна з тых вёсак у нашай краіне, якія не былі адроджаныя. Я здымала першыя ўражанні школьнікаў. Калі яны прыехалі, то, як і ўсе дзеці, ставіліся да экскурсіі легкадумна. Але калі яны расказвалі, што адбылося ў гэтым месцы, у іх здарылася пераключэнне. У маім рэпартажы бачныя гэтыя эмоцыі і іх змена. Для дарослага чалавека падобная экскурсія ўжо не такая ўражлівая, але для дзяцей, якія да гэтага чулі пра ўсе падзеі толькі на словах, апынуцца на месцы, дзе ўсё адбылося, вельмі ўражліва. Некаторыя там нават пачынаюць дрыжаць. Таму я хацела паказаць, як важна прыцягваць зусім юнае пакаленне да захавання памяці», — падзялілася яна.
Яшчэ адной пераможцай стала першакурсніца факультэта журналістыкі БДУ Вераніка Шастак. Дзяўчына атрымала дыплом у намінацыі «Лепшы відэасюжэт аб памятных месцах Беларусі, вядомых людзях і знамянальных падзеях». «Я стварыла праект „Раскрой прыгожае разам з Веранікай Шастак“. Яго мэтай было паказаць, што ў маленькіх гарадах нашай насамрэч немаленькай Беларусі можна знайсці нешта прывабнае і цікавае. З невялікіх гарадкоў выйшла вельмі шмат знакамітых людзей. Гэта доказ таго, што каб чагосьці дамагчыся, не абавязкова нарадзіцца ў сталіцы ці абласным цэнтры. Заўсёды можна знайсці нешта прыгожае і рэалізаваць сябе ў маленькім горадзе ці вёсцы», — раскказала дзяўчына.
Яна таксама дадала, што атрыманне ўзнагароды і сустрэча з міністрам паслужылі для яе натхненнем развівацца далей і рухацца толькі наперад. «Як сказаў Марат Сяргеевіч, людзі, якія знаходзіліся на форуме, — кветкі беларускай журналістыкі, якія будуць з кожным годам усё больш раскрывацца. І я лічу сябе менавіта тым чалавекам, пра якога былі гэтыя словы», — заўважыла Вераніка Шастак.
Як расказалі арганізатары, конкурс накіраваны на рэалізацыю задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, выяўленне таленавітай моладзі ў галіне журналістыкі, садзейнічанне прафесійнаму станаўленню маладых журналістаў СМІ і фарміраванне крытычна думаючай, медыяпісьменнай асобы, а таксама кадравага рэзерву маладых журналістаў. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства інфармацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.
Прэв’ю: БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.