Адпачыць на навагоднія святы ў санаторыі ў сярэднім каштуе 139 рублёў за суткі, сам святочны банкет абыдзецца прыкладна ў 250 рублёў. Аднак амаль усе месцы на гэты час ужо заняты. Акрамя таго, ужо больш за 70 % месцаў забраніравана ў санаторыях на студзень, больш за 50 % — на люты. Чым выкліканы такі попыт і якім санаторыям аддаюць перавагу адпачывальнікі, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі.
Паводле яго слоў, запаўняльнасць на Новы год будзе максімальнай. У перыяд галоўных зімовых свят у здраўніцах будзе знаходзіцца больш за 24 тысячы чалавек. З іх амаль палова — госці з Расіі.
— Асноўная мэта — непарыўны лячэбны працэс, але з мерапрыемствамі. Канешне, кульмінацыяй стане навагодняя ноч, і большасць адпачывальнікаў будзе ўдзельнічаць у навагодніх банкетах, а таксама ў навагодніх праграмах на працягу некалькіх дзён, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.
Разам з тым ёсць установы, якія пайшлі па нетрывіяльным шляху, зусім адмовіўшыся ад навагодняга стала. Прадугледзелі праграму і розныя лакацыі з пачастункамі, але без навагодняга банкету. Аргумент такі: у санаторыі вячэра заканчваецца пасля 18.00, а некаторыя заканчваюць харчаванне а восьмай гадзіне, і праз дзве гадзіны ім ізноў садзіцца за стол, а банкет каштуе пэўных грошай. Запаўняльнасць у гэтых установах таксама стапрацэнтная: ніхто не адмовіўся ад удзелу ў навагодняй праграме з-за адсутнасці навагодняга банкету.
Што датычыцца павышанай цаны ў навагодні перыяд, а яна ў сярэднім каля 139 рублёў, то гэта тлумачыцца ажыятажным попытам на пуцёўкі ў перыяд свят. Да таго ж пералік паслуг, якія ўключаюцца ў кошт знаходжання ў санаторыі, пашыраны. Сярэдні ж кошт пуцёвак па выніках ІV квартала чакаецца на ўзроўні 115 рублёў. Гаворка зноў-такі ідзе аб адным ложка-дні ў стандартным двухмесным нумары.
У цэлым па годзе кошт пуцёўкі складзе каля 110 рублёў.
— Рост, калі браць аналагічныя перыяды, у прынцыпе ў рамках прагнозу макраэканамічнага развіцця і інфляцыйных працэсаў, — адзначае Генадзь Балбатоўскі.
Цэны на наступны год ужо зацверджаны, ідзе рэалізацыя пуцёвак. Цэны нязначна, але павысіліся ў параўнанні з бягучым перыядам. Розніца ў цэнах паміж ІV кварталам 2024 года і першым паўгоддзем 2025-га чакаецца ў межах 5 %.
Адметна, што сёлета адзначаецца павелічэнне глыбіні продажаў. На сёння запатрабавана ранняе браніраванне і санаторыі, якія маюць найлепшую матэрыяльна-тэхнічную базу. Нягледзячы на тое, што там цэны самыя высокія, усё роўна яны карыстаюцца найбольшым попытам. Адпаведна працэнт браніравання месцаў сярод санаторыяў вышэйшай катэгорыі самы высокі.
Генадзь Балбатоўскі дадаў: штогод павялічваецца попыт на санаторна-курортнае лячэнне. І сёння гэта прыбытковы бізнес.
— Вядома ж, мы працуем у кірунку пошуку інвестараў і будаўніцтва санаторыяў і аздараўленчых устаноў, прычым прыродны патэнцыял дае магчымасць гэта рабіць, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — Сёлета ў адпаведнасці з даручэннем прэм’ер-міністра быў распрацаваны пералік такіх аб’ектаў з улікам прыроднага патэнцыялу. Рэспубліканскі цэнтр сумесна з выканаўчай уладай праводзяць інфармацыйную работу па прыцягненні інвестараў для будаўніцтва гэтых аб’ектаў. Неабходная інфармацыя ёсць на сайтах райвыканкамаў, аблвыканкамаў, рэспубліканскага цэнтра. Усе прапановы, якія паступаюць у выканкамы або рэспубліканскі цэнтр, разглядаем і прапануем патэнцыяльна перспектыўныя месцы.
Што датычыцца вынікаў работы сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення ў 2024 годзе, то паказчыкі мінулага года ўдалося значна перавысіць, у тым ліку па сярэднегадавой запаўняльнасці. Вырасла і колькасць тых, хто прайшоў лячэнне і аздараўленне, гэта каля 1,5 мільёна чалавек. Сума выручкі складзе больш за 1,2 мільярда рублёў.
Станоўчая тэндэнцыя адзначаецца і па экспарце. Сёлета ў беларускіх здраўніцах адпачыла больш за 240 тысяч чалавек — лічба нават большая, чым у самым паспяховым 2019 годзе. Выручка ад экспарту павялічыцца больш чым на 20 %. У 1,5 раза вырасла і колькасць сродкаў, накіраваных уласнікамі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Гэта лічба перасягне 160 мільёнаў рублёў.
Алена КРАВЕЦ
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.