Мясцовыя кажуць: чым больш падчас свята назбіраеш «чырачак» — адмысловага пячэння ў форме птушкі, тым шчаслівейшым і багацейшым будзе год. І гэта не дзіўна, бо кожная гаспадыня, дорачы «чырачку», зычыць добрага здароўя, шчасця і сілы. Вось і наш карэспандэнт пад канец зімы разам з камандай праекта «Наперад у мінулае» выправілася на Палессе — гукаць вясну, вітаць птушак і набірацца моцы на ўвесь год. Тут, у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна, у апошні дзень перад пачаткам Велікоднага посту традыцыйна ладзяць унікальны абрад «Чырачка». Праграма выйдзе ў эфір тэлеканала «Беларусь 3» у нядзелю, 5 сакавіка, мы ж ужо сёння раскажам, як гукалі вясну на Гомельшчыне.
Удзельнікам агульнага вялікага свята тут можа зрабіцца кожны: жанчыны з радасцю пазычаць каляровую ваўняную хустку, якая засцеражэ ад зімовага холаду і стане знакам далучанасці да грамады. Яшчэ адзін знак, што аб'ядноўвае ўсіх падчас абраду, — самі чырачкі, якіх не шкадуюць для гасцей. Дарэчы, у кожнай гаспадыні — свой рэцэпт гэтага вясновага пячэння. Нехта замешвае цеста на сыроватцы, а нехта — на малацэ. Так, Надзея Дрынеўская, у чыёй хаце зазвычай пачынаецца святкаванне, падзялілася з намі сваім рэцэптам.
— У муку дадаём малако, два яйкі, соду, соль, цукар, лыжачку маянэзу — каб было смачней. Цеста замешваецца, раскачваецца, і з яго нажом выразаюцца чырачкі, якія па форме павінны нагадваць птушак. Вочкі я раблю з сухіх чарніц. Чырачак мы кладзём у кошыкі. Каго сустрэнем па дарозе да месца святкавання — таго і частуем, жадаем добрага здароўя. Нехта адразу з'ядае пячэнне, а нехта захоўвае на акенцы цэлы год — да наступнага гукання вясны.
Рыхтавацца да свята ў Тонежы пачынаюць загадзя. Гаспадыні пякуць бліны і аладкі, вараць кашу, кісель — гэтымі стравамі на Чарнышоўскіх горах, месцы правядзення абраду, будуць частаваць усіх удзельнікаў. У лесе знаходзяць прыгожую пышную ёлачку, якую ўпрыгожаць дзеці і якая стане сімвалам надыходу вясны. Таксама ладзяць пудзіла зімы — яно сімвалічна згарыць у цэнтры агульнага вялікага карагода.
Да падрыхтоўкі абраду далучаюцца літаральна ўсе вяскоўцы. Мужчыны запрагаюць коней і ўпрыгожваюць іх збрую. Жанчыны адзяваюць святочныя строі, а пасля, сабраўшыся ў хаце Дрынеўскіх, спяваюць песні. Загадзя рыхтуецца талая вада. Лічыцца, што яна надзвычай чыстая і ў гэты дзень набывае гаючую сілу. Перад тым як выйсці з двара, усе ўдзельнікі свята абмыюць твары — каб былі прыгожымі і моцнымі, гаючай вадой напояць кароў і коней.
Дзеці збіраюцца ў адной з хат і стужкамі, папяровымі кветкамі ўпрыгожваюць ёлку. У даўнія часы, калі не было каляровай паперы, адмыслова для свята белую паперу фарбавалі рознымі колерамі. Імкнуліся, каб ёлка выглядала як мага прыгажэйшай. Гэтае святочнае дрэва тут лічыцца сімвалам роду і знакам пачатку новага года. Існуе павер'е, што кветак на дрэве павінна быць цотная колькасць — тады дзеўкі і хлопцы знойдуць сабе пару, у іх з'явяцца дзеці, і вёска будзе жыць далей.
Вось пачуліся галасы дзяцей, якія нясуць упрыгожаную ёлачку ў двор. Абрад пачаўся.
Ой ты, ёлачка кучарава.
Стаяла, шумела,
У бору стаяла, шумела.
На горы стала — зацвяла,
Ой ты, ёлачка кучарава.
З дапамогай такой песні ўжо ў хаце захапляюцца ёлачкай. Раз яна зацвіла — значыць зіма скончылася, трэба на высокім месцы гукаць вясну і заклікаць птушак. Гаспадыня нясе гаршчок з зернем, у яго паставяць ёлачку — каб год быў багаты, усе былі здаровыя і вясёлыя.
Для абраду «Чырачка» жыхары і госці Тонежа (а іх у гэты дзень прыязджае ў вёску нямала) збіраюцца разам і ідуць на Чарнышоўскія горы. Нехта едзе на вазах, запрэжаных прыбранымі коньмі, нехта ідзе пешкі да месца агульнага святкавання.
Але нельга лічыць, што тыя, хто не трапіў на гару, застаюцца па-за атмасферай радасці і весялосці. Самыя старэйшыя жанчыны вёскі, якія не маюць сіл узняцца на пагорак і вадзіць карагоды, таксама збіраюцца разам, надзяваюць касцюмы, дапамагаюць адна адной прыбрацца для абраду і спяваюць песні. Напрыклад, вось гэтую:
Ой, чырочко-пташэчко,
не залетай далечко,
Не занось мого венчыка,
Бо мой венчык — потрэбчык:
Трэба братка жаніці,
А сестрыцу й отдаваць.
А сестрыцу отдаваць,
Да веселлейко спраўляць.
Яны адзначаць «Чырачку» за традыцыйным сталом з пячэннем, блінамі і кісялём.
Мы ж рушым на гару, адкуль ужо чуецца вясновая-заклікальная: «Ой, гу, вясна, ой, гу, красна... Ой, што ты нам вунесла...» Падчас абраду гукання вясны водзяць карагоды, якія складаюцца з трох колаў. Першае ўтвараюць дзеці, другое — маладыя людзі ў перадшлюбным узросце, а трэцяе — жанчыны сталага ўзросту. Усе разам гуляюць у традыцыйную гульню «Грушка», спяваюць песні. Спачатку спальваюць пудзіла зімы на вялікім вогнішчы, а затым — развітваюцца з ёлачкай. Крыху пазней адзін хлопчык возьме ўпрыгожанае дрэўца, пабяжыць да самага высокага дрэва на гары, залезе як мага вышэй на яго — бліжэй да сонейка — і ўладкуе ёлачку на галінах. Гэта стане сімвалам прыходу вясны, а гаршчок з зернем, у якім неслі ёлачку на гару, застанецца ахвярай для птушак, якія прыляцяць з выраю.
Пазней усіх чакае пачастунак і, бадай, самая вясёлая частка абраду — качанне з гары. Пакачацца не адмаўляюцца нават самыя сталыя ўдзельнікі свята. Лічыцца, што ў гэты час зямля дае сілы арганізму, таму хваробы адступяць і чалавек застанецца здаровым цэлы год. Верце ці не, але сталыя ўдзельнікі «Чырачкі» пацвярджаюць праўдзівасць гэтай прыкметы.
...Мы вярнуліся з Тонежа з добрым настроем, цэлым выраем «чырачак» і мноствам добрых зычанняў. Так, вясна прыйшла!
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryna-vesyaluha
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:vesіaluha@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/naperad-u-minulae
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3
[7] https://zviazda.by/be/tags/chyrachka
[8] https://zviazda.by/be/tags/palesse
[9] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen