Гісторыя паэзіі Кітая раз за разам падкрэслівае, што Паэзія, сапраўдная, вялікая Паэзія была і заняткам высокіх дзяржаўных асоб. І ў гэтым плане Мао Цзэдун – шматгадовы лідар КНР, працягнуў традыцыю валадароў сярэдневечча, даўніх эпох у гісторыі Кітая. Прадстаўляючы яго вершаваныя творы ў перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, варта нагадаць, што ў свій час, калі адносіны Савецкага Саюза і КНР складваліся самым лепшым чынам, Мао Цзэдуна пераклаў на беларускую мову і Максім Танк. Вершы “Вялікі паход” і “Снег” былі надрукаваны ў дзясятым нумары часопіса “Полымя”. Максім Танк на той час ужо пабываў у Кітаі, адкрыў для сябе многія адметнасці тагачаснага кітайскага жыцця. А ў 1958 годзе ў Кітаі пабачыла свет кніга выбраных вершаў Максіма Танка.
А гэта ўжо – “Вялікі паход” у перакладзе Міколы Мятліцкага: “Чырвонай Арміі смелы паход./ Што тысячы рэк і на скалах лёд? / Пяць круч ёй – мізэрны лік перашкод. / Умынскія горы пяройдзе між слот, / Не спыніць Цзіньша разлівам вод, / Мост Даду сцюжай не сцішыць ход. / Хрыбет Міньшань мінула яна – / У сэрцах нашых радасці ўзлёт!”… У спадчыне “вялікага кормчага” вядома недзе каля двух дзясяткаў вершаў. Напісаны яны ў жанры класічных вершаў Тан. Пісаў Мао Цзэдун зусім рэдка. Першы верш – ці не ў 1928 годзе… Вядомыя творы канца 1950-х гг. Супярэчлівая асоба кіраўніка КПК на працягу многіх дзесяцігоддзяў… “Вялікая культурная рэвалюцыя” (1966 – 1976 гг.), здзейсненая пад кіраўніцтвам Мао Цзэдуна, прывяла да мільёнаў ахвяр, прывяла да злому многіх сапраўды культурных, асветніцкіх з’яў, быў тым самым зроблены замах на спраконвечныя традыцыі мастацкага волевыяўлення. Хтосьці казаў пра Мао, так як ён адгукаўся і пра Сталіна: семдзесят адсоткаў перамог і трыццаць адсоткаў праблем ці памылак… І пры гэтым вершы Мао і зараз чытаюць, перавыдаюць у Кітаі. А ў Маўзалей, дзе выстаўлена яго, “вялікага кормчага” цела, на працягу з 1977 па 2007 гг. прыйшло недзе каля 160 мільёнаў чалавек. Што ўжо казаць, што палітычныя, тэарэтычныя працы заснавальніка мааізма і зараз здымаюцца з бібліятэчных паліц, і зараз прыходзяць з выдавецтваў у кнігарні і да кітайцаў розных поглядаў і перакананняў…
Вераніка Карлюкевіч
Мао Цзэдун (1893 – 1976)
ЧАНША
Днём асеннім халодным
Я стаю над ракой паўнаводнай,
Над памклівым на поўнач Сянцзянам.
Бачу горы, лясы ва ўбранні барвяным.
Ізумрудныя воды празрыстай ракі,
Па якой у чаўнах ўсё плывуць рыбакі.
Бачу: сокал крыляе высока ў ваколлі,
Рыба ў мелкай вадзе прамільгнула, як цень.
Ўсё жывое імкнецца патрапіць на волю
Ў гэты ясны, ахутаны інеем дзень.
Прывітаўшы паглядам прастор шматгалосы,
Дзе ўсе фарбы адбітак знайшлі,
Запытаеш адно: хто прадвызначыў лёсы
Ўсіх жывых на бяскрайняй зямлі?
Мне згадаліся дні прамінулай вясны
І сябры, з кім вучыўся я ў школе.
Мы не бавілі час між пустой гаманы,
Мары спелі аб будучай волі.
Па-студэнцку, з запалам мы спрэчкі вялі
Пра Сусвет і пра лёс нашай роднай зямлі
І радкамі, што полымем ззялі,
Самых дзёрзкіх на подзвіг натхнялі.
Маладыя, ў адкрытых гаворках сваіх
Дакаралі вяльмож, гнеўна бэсцілі іх.
Нашы лодкі імкнулі на вольны прастор,
Ды спыніў іхні рух хваль шалёны напор…
ВЕЖА ЖОЎТАГА БУСЛА
Шыр кітайскай зямлі абмывае разводдзем Янцзы.
Поўнач з поўднем звязала іскрыстаю стужкай бруя.
Ў дымцы ліўня скрыпяць на дарозе ледзь бачнай вазы.
Захінаюць Янцзы Чарапаха-гара і Змяя.
Жоўты бусел пакінуў прасторы надрэчча даўно.
Толькі бачыцца вежа, як памяць жывая аб ім.
Напаўняю бакал, у раку выліваю віно.
І пачуцці, як хвалі, ўскіпаюць у сэрцы маім.
ЦЗІНГАНШАНЬ
Сцягі баявыя відны пад гарой.
З вяршыні разносіцца гром барабанаў.
Аблогаю ворагі нас атачылі.
Мы стойка атакі адбілі.
Ім радасцю цешыцца дзікай зарана.
А воля, як вежы Вялікай сцяны, непахісна.
Рубеж Хуан’ян грымотаю залпаў працяты.
Прыйшло данясенне: адходзяць чужыя салдаты.
НОВЫ ГОД
Нінхуа, Цінлю, Гуйхуа.
Вузкі спуск, слізкі мох, лес, трава.
Куды мы сягоння ідзём?
На гару Уі мы ідзём,
Ля гэтай гары, ля гэтай гары
Чырвоныя сцягі гараць, як кастры,
Палошча іх сінява.
ХУЭЙЧАН
Хутка зара запалае барвяна.
Хіба ў паход выпраўляцца зарана?
Мы не старэем – шлях месім нагамі старанна.
Край наш дзівосны падходзіць аж да акіяна.
Ад Хуэйчана збягае нагор’е
Ў даль, дзе сінее Усходняе мора.
Бачаць байцы схіл Гуандуна,
Верыцца кожнаму: будзем там скора!
ДАБАДЗІ
Жоўты, сіні, чырвоны,
Чорны, рыжы, ліловы…
Хто ў пярэстых шаўках
Водзіць танцы свае?
Бліснуў промень-зыркун
У смузе вечаровай,
За вяршыняй вяршыня
Таемна ўстае…
Тут у даўнія дні
Жарам дыхала бою,
Ад снарадаў сляды
Захавала сцяна,
А цяпер пазірні:
Зелянінай жывою
Абвілася гара.
Як красуе яна!
ЗАСТАВА ЛАУШАНЬ
Рэзкі з захаду вецер.
Прадранішні месяц ды іней.
Крык гусей на дасвецці.
Прадранішні месяц ды іней.
Зык трубы на дасвецці ды цокат капытаў.
Не мяркуй, што застава надзейна прыкрыта,
Тут мы нядоўга асаду вялі –
Верхам за дзень мы яе абышлі.
Морам здаліся нам сінія горы.
Сонца сцякала крывёй на прасторы.
ТРЫ ВЕРШЫ ПА ШАСНАЦЦАЦЬ СЛОЎ
*
Горы!
Я ў сядле, плётка ў руцэ, конь дужа скоры.
Увыш пазірну –
Дастанеш рукой ажно зоры.
*
Горы!
Вы, як прыбою марскога ліхія удары-паўторы.
Вы, быццам конніцы ўпаранай
У бітве ушчыльненай, ярай заторы.
*
Горы!
Іх вяршыні нязрушна стаяць век каторы.
Неба падала ўніз,
Ды яго зноў вяршынь утрымалі падпоры.
ВЯЛІКІ ПАХОД
Чырвонай Арміі смелы паход.
Што тысячы рэк і на скалах лёд?
Пяць круч ёй – мізэрны лік перашкод.
Умынскія горы пяройдзе між слот,
Не спыніць Цзіньша разлівам вод,
Мост Даду сцюжай не сцішыць ход.
Хрыбет Міньшань мінула яна –
У сэрцах нашых радасці ўзлёт!
ГАРА ЛЮПАНЬ
Там, за воблакамі-гарамі,
Гусі ў вырай памкнулі з крыкам,
Дваццаць тысяч лі пройдзена намі,
Але тых назавуць храбрацамі,
Дойдзе хто да сцяны Вялікай!
Пік узнёсся над Люпаньшанем,
Вецер сцягі шматуе шалёна…
Мы з вяроўкай ў руках вырашаем,
Як скруціць нам сівога дракона.
КУНЬЛУНЬ
Расхінуў небакрай вострапікі Куньлунь.
Ён ад свету людскога падаўся увыш,
Каб звысоку сачыць за жыццём на зямлі.
Гэта крылы драконы расправіць змаглі,
Неба ўкрылі мільготаю снежнай шугі,
Ўсё жывое снягамі наўсцяж замялі.
Растаюць яго ўлетку снягі,
Выйдуць рэкі ўсе з берагоў,
Ператворацца людзі ў рыб,
Ў чарапах, што з балот прыпаўзлі.
Спаконвечным зладзействам і справам дабра
Са смяротных суддзёю хто быў і калі?
А сягоння яму я кажу: Куньлунь,
І чаму так высока табе стаяць,
І чаму табе гэтулькі снегу мець?
Як бы гэтак уперціся ў неба спіной,
Каб як можна мацней узмахнуць мячом
І Куньлунь на тры часткі расцяць здалець.
Падарую Еўропе адну,
Хай Амерыцы будзе другая,
Частка трэцяя – будзе Кітаю,
І тады на зямлі запануе спакой, --
І спякоты ўсім хопіць, і шугі ледзяной.
СНЕГ
Выгляд поўначы – той стараны,
Покрыў дзе ледзяны аж на тысячы лі
І за далеччу скутай віхурыцца снег.
За Вялікай сцяной і падальш ад сцяны
Рассцілаецца ў дымцы зямны прастор;
І ў вярхоўі, і ў вусці Вялікай Ракі
Застывае вада, супыняе бег.
А ў гарах скачуць кольцы сярэбраных змей,
А раўнінамі мчацца са снегу сланы,
Каб спаборнічаць з небам самім вышынёй.
Ясны дзень наступіў –
Ты зірні, як красуе зямля
Зыркай фарбай узораў на белай апратцы сваёй.
І ў любую часіну – ад даўніх людзей і да нас –
Кожны горды герой хараством захапляўся не раз.
Ды шкада,
Толькі тлеў мэт нязбытных высокі агонь
Ў першым ціньскім Хуане і ў ханьскім уласніку У,
І ні ў танскім Тайцзуне, ні ў сунскім Тайцзу
Не лунаў нашай даўняй паэзіі дух.
Чынгісхану ў свой час усміхнуўся усцешліва лёс.
Што умеў ён? Арлоў працінаць стралой.
Ўсё сышло.
Каб уведаць сапраўдных людзей,
Завітаць трэба ў сённяшні дзень!
ШАНОЎНАМУ ЛЮ ЯЦЗЫ
Аб тым, як сядзелі ў Кантоне за чаем,
Згадаем не раз я і вы,
І вам прысвячаліся вершы ў Чунціне
У восеньскі вечар сівы.
Сышло трыццаць год, трыццаць першы мінае, –
Сустрэчы агонь трапяткі,
І зноўку пад пошум зжаўцелай лістоты
Чытаю паэта радкі…
Якія ўсё ж скрушныя вашы ўсе творы!
Забудзьце трывогі, мой друг,
Адкрыйце шырока самотныя вочы,
Святлей пазірніце наўкруг…
Не трэба цяпер гаварыць, што мялее
Прасторны куньмінскі плёс.
Зірніце на рыбак!
Ў самім Фучуньцзяне
Падобных не стрэнеш дзівос!
ХУАНЬСІША
У дзень святкавання гадавіны Першага кастрычніка
ў 1950 годзе на спектаклі ў тэатры спадар Лю Яцзы
сачыніў экспромтам вершы ў стылі “Хуаньсіша”. Я
адказаў яму вершам на тыя ж рыфмы.
Быў морак начы над краінай маёй.
Ў ім д’ябальскі рой забаўляўся гульнёй.
Мой родны народ быў нямым перад ёй.
Ды пеўні запелі дасвеццю услед,
І сонца ўзышло над усёй стараной,
Жыхар з прыбярэжжа, з глушэчы лясной
Адзначылі свята сям’ёю адной.
Дзе ж лепшы выток светлых песень, паэт!
БЭЙДАЙХЭ
Дождж, не сціхаючы, лье над Юянем,
Хвалі сівыя ўзмываюць імкліва.
За Ціньвандао ў бяскрайнім прасторы
Носіцца лодка ў патоку бурлівым.
Лодка рыбацкая ў водным прасторы,
Дзе на ўзбярэжжа вынесе мора?
Многа схавана падзей за вякамі!..
Тут, ля Цзешы, грымна свет скаланулі:
Выйшаў Удзі са сваімі палкамі –
Міг гэты строфы яго нам вярнулі.
Вецер стагоддзяў… Пранізлівы вецер…
Ды ўсё іначай стала на свеце!
З кітайскай. Пераклад Міколы Мятліцкага.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/veranika-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/mao-czedun
[5] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya