62-і міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2017», на жаль, не стане рэкордным па колькасці ўдзельнікаў — Украіна прыняла канчатковае рашэнне пра забарону ўезду расійскай удзельніцы, а Еўрапейскі вяшчальны саюз не знайшоў выйсця, якое задаволіла б усе бакі. У тэлевізійных і музычных кулуарах адразу пайшлі размовы: маўляў, усё, шоу скончылася, цяпер рэй вядзе палітыка, і ці трэба ў сённяшніх умовах выдаткоўваць столькі грошай, сіл і часу на той праект? Пра тое, што нам дае членства ў ЕВС, навошта беларусам «Еўрабачанне» і як насамрэч ставяцца да гэтага шоу ў свеце, «Звязда» распытала прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі — намесніка генеральнага прадзюсара медыяхолдынга Вольгу ШЛЯГЕР, якая з 2013 года курыруе нацыянальны адборачны тур «Еўрабачання» ў Беларусі, і намесніка кіраўніка галоўнай дырэкцыі «Беларусь 1», каардынатара праектаў Белтэлерадыёкампаніі і ЕВС Вольгу САЛАМАХУ.
— «Еўрабачанне-2017» яшчэ не адбылося, але ўжо ўвайшло ў гісторыю з прэцэдэнтам: упершыню краіна-гаспадыня конкурсу не пусціла на яго аднаго з удзельнікаў. На ваш погляд, як гэта адаб'ецца на рэпутацыі і рэйтынгах шоу?
— Ніхто не спрагназуе, як павядуць сябе іншыя ўдзельнікі і што будзе з конкурсам налета — спад цікавасці або, наадварот, усплёск, — заўважае Вольга Шлягер. — Мы можам толькі шкадаваць, што не будзе аднаго з удзельнікаў.
Калі праца — задавальненне
Беларусы, са свайго боку, да конкурсу практычна гатовы — 1 мая нашы ўдзельнікі вылятаюць у Кіеў, а 3 і 6 мая ўжо правядуць першыя рэпетыцыі на сцэне і дадуць прэс-канферэнцыі для еўрапейскіх СМІ. Урачыстае адкрыццё «Еўрабачання» адбудзецца 7 мая, а 9, 11 і 13 пройдуць паўфіналы і фінал шоу. Падрабязны ж графік неабходных спраў і мерапрыемстваў складаецца ўжо непасрэдна падчас конкурсу, карэктуецца і ўзгадняецца з дэлегацыямі штодня і, як запэўніваюць у адзін голас Вольга Шлягер і Вольга Саламаха, звычайна атрымліваецца такі насычаны, што ледзь хапае часу на перакусы і тым больш экскурсіі па горадзе.
— За апошнія гады якая з краін-гаспадынь конкурсу найбольш парадавала арганізацыяй і камфортам для ўдзельнікаў?
— Вельмі добра было ў Мальмё, куды мы ездзлі з Алёнай Ланской (у 2013 годзе. — Аўт.). Усё было настолькі зладжана, дакладна і зразумела, што працавалася ў задавальненне. У прынцыпе, тое самае магу сказаць і пра Капенгаген, і пра Вену — арганізацыя шоу, якой займаецца міжнародная каманда спецыялістаў, заўжды на ўзроўні, хіба толькі па клімаце адны гарады больш прыемныя, другія менш камфортныя.
— Вельмі добра было ўсё арганізавана летась у Стакгольме, бо сама арэна знаходзілася за хвіліну хады ад гасцініцы — сцяна атэля, можна сказаць, плаўна пераходзіла ў арэну. Такая лагістыка дазваляла сэканоміць шмат часу. Акрамя таго, упершыню быў зроблены так званы праглядны пакой, дзе мы бачылі, як выглядае выступленне на тэлеэкране, і нават пасля генеральнай рэпетыцыі можна было ўнесці патрэбныя папраўкі.
— Беларусь удзельнічае ў «Еўрабачанні» ўжо 14-ы год, але спрэчкі вакол статусу конкурсу так і не сціхаюць. Адны заклікаюць перастаць збірацца на еўрасцэну, як на вайну, другія нагадваюць пра аўдыторыю ў некалькі соцень мільёнаў чалавек, трэція паблажліва заўважаюць, маўляў, ніхто, акрамя хатніх гаспадынь і гей-суполкі, даўно гэта шоу не глядзіць... З вашага досведу, як насамрэч еўрапейцы ставяцца да «Еўрабачання»?
— Асабіста я таксама мяркую, што «Еўрабачанне» — гэта не музычная Алімпіяда, а проста творчае спаборніцтва, безумоўна, вельмі папулярнае ў Еўропе, але не адзінае, а адно з шэрагу, — падкрэслівае Вольга Шлягер. — Прайсці падрыхтоўку з высокакласнымі спецыялістамі, убачыць, як працуюць міжнародныя піяр-механізмы, працаваць на сцэне такога ўзроўню, аснашчанай найсучаснейшым музычным і тэлевізійным абсталяваннем, — ад усяго гэтага, на мой погляд, трэба атрымліваць задавальненне. І яшчэ ўсмоктваць, як губка, новыя веды, бо па насычанасці гэтыя некалькі месяцаў — як вучоба ў некалькіх інстытутах. Што да стаўлення саміх еўрапейцаў, якое я бачыла, — яно заўжды вельмі цёплае і прыязнае.
— «Еўрабачанне» — вельмі сур'ёзны тэлевізійны праект. Можна гаварыць усё, што хочаце, але яго аўдыторыя — 204 мільёны гледачоў. А само шоу транслююць такія медыягіганты, як ВВС, французскія кампаніі TF1, TF2, яго глядзяць не толькі ў Еўропе, але і ў Аўстраліі, і ў ЗША. Рэйтынгі конкурсу, асабліва ў маленькіх краінах, найвялікшыя — напрыклад, на Мальце яго глядзяць 95% насельніцтва! І ў плане арганізацыі да гэтага музычнага праекта ставяцца надзвычай адказна, фактычна як да Алімпіяды — шэраг міжнародных спецыялістаў, якія працуюць у аргкамітэце, якраз і займаюцца Алімпійскімі гульнямі і Нобелеўскімі прэміямі. На «Еўрабачанні» заўжды прадстаўлены самыя крутыя тэхнічныя навінкі ў сэнсе гуку, святла, афармлення і г. д. Так што гэта мерапрыемства вельмі высокага ўзроўню.
Чаму не перамагаем
— Што б мы ні казалі, але перамагчы на «Еўрабачанні» хочацца. Але пакуль што найвялікшым дасягненнем Беларусі застаецца выступленне Дзмітрыя Калдуна ў 2007-м. Чаму так — мы не трапляем у фармат (калі наогул выпадае казаць пра фармат гэтага конкурсу) або проста не шанцуе?
— Не ўсе ж краіны, якія едуць на конкурс, выйграюць яго, — па-філасофску паціскае плячыма кіраўнік нацыянальнага адбору. — Многія проста выходзяць, спяваюць на сваёй мове і атрымліваюць задавальненне, а вынік іх, прабачце, «не парыць». Перамагчы, безумоўна, хочацца, але мы маленькая краіна, і «Еўрабачанне» для нас — перш за ўсё добрая школа. Чаму не перамагаем? Напэўна, таму што многія не разумеюць, колькі насамрэч давядзецца вучыцца і працаваць. Тую ж Алёну Ланскую, да якой многія крытыкі выказвалі прэтэнзіі, я запомніла як працаздольнага і дысцыплінаванага артыста — да такой ступені аратага, што многім і не снілася. Юра Вашчук, Тэа, у якім спалучыліся высокі прафесіяналізм і найлепшыя чалавечыя якасці, — тая ж гісторыя, ён умее працаваць у камандзе. Як вынік — памятаем, абодва гэтыя ўдзельнікі прайші ў фінал конкурсу. Калі ж кантакту няма, ёсць толькі канфлікт, то на што можна разлічваць?
— Ці не час нешта змяніць у кансерваторыі — маю на ўвазе нацыянальны адбор? Можа, варта неяк падштурхнуць нашых артыстаў — дапусціць да адбору замежных легіянераў, як было калісьці, або ўлічваць ацэнкі міжнароднага журы, або наогул прызначыць удзельніка закрытым чынам?
— На працягу некалькіх гадоў Белтэлерадыёкампанія ў рэжыме анлайн транслюе праслухоўванне прэтэндэнтаў, якое, напэўна, вы таксама глядзелі і бачылі ўдзельнікаў. Многія з іх прыходзяць на адбор толькі дзеля піяру, блытаючы шоу, на якое яны прэтэндуюць, з «Хвілінай славы» ці нейкімі іншымі праектамі. Наогул, мы ўпіраемся ў тое, што ўсе чагосьці чакаюць: што нехта прыйдзе і зробіць іншы адбор, з іншымі правіламі і крытэрыямі — падладзіцца пад нас, пад тое, што мы можам. Не, спадарства, не конкурс трэба падцягваць да сябе, а самім цягнуцца да яго ўзроўню. Тады ў гэтым будзе сэнс. Займіцеся, у рэшце рэшт, справай, напішыце класную песню, а не абвінавачвайце журы, што ўсё загадзя падлічана і размеркавана. Але, на жаль, многім лягчэй дапякаць мяне бясконцымі званкамі, каментарыямі, словам, нейкімі глупствамі, а не паказаць сябе на справе. І хоць шкада марнаваць час на праслухоўванне некаторых «шэдэўраў», але вельмі хочацца не прапусціць кагосьці новага і перспектыўнага, як галасістая, зусім юная дзяўчына Саша Ткач або цікавы хлопец Мікіта Ходас, якія былі сёлета ў фінале.
Не бізнесам адзіным
— Раней Беларусь вельмі любіла рабіць шыкоўныя прома-пакеты і запрашаць міжнародную каманду для падрыхтоўкі сваіх артыстаў. Што цяпер?
— Белтэлерадыёкампанія ў гэтым годзе з'яўляецца адзіным прадзюсарам «Navіband», таму мы аплачваем усё. Ёсць тытульны партнёр, які прапанаваў прома-прадукцыю — чахлы для тэлефонаў, сумкі, майкі з беларускай сімволікай. Дарэчы, у адзіным нацыянальным стылі будзе апранута ўся дэлегацыя, каб нас было добра відаць на тэлекамеру. З намі таксама звязалася майстар, здаецца, з Полацка, якая вельмі прыгожа вышывае на аршанскім ільне, асобна заказалі ў рамеснікаў значкі з вышыўкай — сімвалы з арнаменту і лагатып «Navіband». Словам, вязём усё тое, што сярод прыхільнікаў «Еўрабачання» карыстаецца попытам і дакладна трапіць у іншыя краіны як добры напамін пра Беларусь. Што датычыцца каманды, то яна зноў інтэрнацыянальная, але гэтым разам хутчэй славянская. Праўда, нас зноў кансультаваў педагог па вакале з Кіпра Алекс Панаі: некаторыя беларускія словы ў песні пераклікаюцца з ненарматыўнымі слоўцамі з англійскай, і ён падказаў, што рабіць, каб вынішчыць гэта падабенства.
— Адно з балючых пытанняў, якое датычыцца «Еўрабачання», — фінансавае. Шмат разоў гучалі заклікі, маўляў, нічога не дасягаем, значыць, трэба эканоміць бюджэтныя сродкі і не ўдзельнічаць наогул. Ці насамрэч узнос у ЕВС аплачваецца з бюджэту і які, хоць бы прыблізна, яго памер?
— У ЕВС дзейнічае правіла: чым большая краіна, тым большы яе ўзнос. І, дарэчы, нават калі мы не будзем удзельнічаць у «Еўрабачанні», то павінны плаціць за трансляцыю конкурсу, — заўважае Вольга Шлягер. — А як інакш — калі мы не будзем гэтага бачыць, удзельнічаць, спрычыняцца да агульнаеўрапейскага руху, то дзе мы будзем вучыцца?
— Вялікую частку выдаткаў на «Еўрабачанне» выплачвае Белтэлерадыёкампанія са сваіх прыбыткаў ад камерцыйнай дзейнасці, — падкрэслівае Вольга Саламаха. — Узносы залежаць ад памеру тэлекампаніі, яе стабільнасці на рынку, яшчэ ад шэрагу фактараў, але яны насамрэч вялікія — для нас гэта сума ў еўра з пяццю нулямі. Ці варта Беларусі ў гэтым удзельнічаць? Мяркуйце самі: мы, як кампанія-вяшчальнік, член ЕВС, атрымліваем 6 гадзін прамога эфіру. Шоу мае высокія рэйтынгі, яго актыўна глядзяць па тэлебачанні і ў інтэрнэце, і для Беларусі гэта адна з самых сур'ёзных і важных культурных падзей. Акрамя таго, партнёрства з ЕВС — гэта далёка не толькі конкурсы, але і міжнародны абмен навінамі, і прафесійныя трэнінгі для юрыстаў і супрацоўнікаў тэлебачання, і шэраг іншых праектаў, па якіх мы супрацоўнічаем.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2017
[7] https://zviazda.by/be/tags/volga-shlyager
[8] https://zviazda.by/be/tags/volga-salamaha