Семдзесят пяць гадоў таму загінуў Герой Савецкага Саюза Уладзімір Амельянюк — у той час ён рэдагаваў газету «Звязда», якую падпольшчыкі выпускалі ў акупаваным гітлераўцамі Мінску.
У музеі Самахвалавіцкай сярэдняй школы шмат матэрыялаў пра славутага журналіста-падпольшчыка. Уладзімір Амельянюк вучыўся ў гэтай школе. Адсюль ён пераехаў у Мінск, дзе з часам пачаў працаваць, працягваў вучыцца. Гісторыя Самахвалавіцкай школы налічвае больш за 150 гадоў. Сярод тых, хто атрымаў тут свае першыя веды, шмат славутых землякоў адзначаных працоўнымі і баявымі ўзнагародамі. У гонар Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Амельянюка перад школаю ўстаноўлены помнік.
Мы запрашаем нашых чытачоў на невялікую фотаэкскурсію па школьным музеі. На фота вы бачыце кнігі пра героя-звяздоўца, архіўны здымак хаты ў Мінску (у час вайны тут жыла сям'я Амельянюкоў), экспазіцыю з дакументамі пра гераічнаю барацьбу супраць захопнікаў. Фотаальбом «Мая вайна», які з цікавасцю разглядаюць вучні, — таксама экспанат музея. Гэта рэдкае выданне падарылі школьнікам журналісты газеты «Звязда». Аўтару здымкаў у альбоме франтавому карэспандэнту Васілю Аркашову давялося прайсці доўгімі дарогамі вайны. Шматлікія фота з франтавога архіва ён прыносіў у рэдакцыю нашай газеты, і «Звязда» заўжды знаёміла з імі сваіх чытачоў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pyasecki@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-amelyanyuk-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvyazdze-100-god