Сярод асноўных тэм былі пытанні ўдасканалення прафілактыкі дарожна-транспартнага траўматызму, а таксама выканання адміністрацыйных працэдур у органах унутраных спраў.
Калі параўноўваць 2015 і 2016 гады, то колькасць ДТЗ з пацярпелымі летась знізілася на 12%, колькасць загінулых у аўтааварыях на 11,4% (на 76 чалавек менш), траўміраваных — на 11,3% (на 501 чалавека менш). Паменшала і аварый, якія адбыліся па віне нецвярозых вадзіцеляў, — на 23,5%. А калі параўноўваць перыяд студзень—сакавік гэтага і мінулага года, то іх колькасць наогул скарацілася ў два разы.
У цэлым, першы квартал гэтага года адзначаны памяншэннем агульнай колькасці ДТЗ на 16,2% і параненых у іх людзей на 18%, аднак вырас лік загінулых (з 89 да 93 чалавек). Асаблівую трывогу ў супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі выклікае стан пешаходнага і дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Амаль кожны другі загінулы — 43% — з'яўляўся пешаходам, пры гэтым пераважная большасць смяротных выпадкаў зарэгістравана ў цёмны час сутак. Аварыі можна было пазбегнуць, калі б у адпаведнасці з Правіламі дарожнага руху пешаходы выкарыстоўвалі святлоадбівальныя элементы. Чвэрць загінулых у момант наезду знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення.
Змагацца з праблемай гібелі людзей на дарогах можна толькі комплексна. Добра зарэкамендавала сябе канцэпцыя акцыі «Добрая дарога», якая рэалізоўвалася ў сталіцы і забяспечвала эфектыўную каардынацыю дзеянняў усіх зацікаўленых у прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму. Плануецца падобны падыход выкарыстоўваць у маштабах усёй краіны.
Значная ўвага ў МУС удзяляецца ўдасканаленню арганізацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур. З гэтай мэтай на пастаяннай аснове прымаюцца меры па павышэнні якасці іх выканання, узроўню прафесійных ведаў і навыкаў асабовага складу. Усяго ў 2016 годзе органамі ўнутраных спраў ажыццёўлена больш за 2,5 млн адміністрацыйных працэдур па зваротах грамадзян, у тым ліку ў сферы грамадзянства і міграцыі — каля 1,5 млн, транспарту — звыш 1 млн, абароту зброі — больш за 51 тыс.
Дар'я КАСКО
kasko@zvіazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kasko@zv%D1%96azda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vadzicel
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-unutranyh-sprau
[6] https://zviazda.by/be/tags/farpost-spakoyu