Выдавецкі дом «Звязда» ўжо некалькі гадоў шмат сіл і намаганняў прыкладае для развіцця беларуска-кітайскіх культурных і літаратурных сувязяў. Адзін з адметных і яркіх праектаў — выданне серыі кніг «Светлыя знакі. Паэты Кітая». Тым, хто працаваў над выданнем кніг серыі, мы задалі адно пытанне: што вас асабіста прыцягвае ў жаданні пазнаёміць чытача з кітайскай паэзіяй па-беларуску?
Мікола Мятліцкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь:
— Мне здаецца, я праходжу яшчэ адну школу творчага жыцця. Працуючы многія гады над пераўвасабленнем лепшых узораў кітайскай паэзіі на беларускую мову, я зрабіў для сябе нямала адкрыццяў. І пераканаўся, што Кітай — унікальная культурная, асветніцкая прастора, якую проста нельга не ўлічваць у жаданнях зазірнуць у заўтра.
Юлія Алейчанка, адказны сакратар часопіса «Полымя», паэт, перакладчык, літаратуразнаўца:
— Мне даспадобы вершы і Мэн Хаажаня, і Ван Гачжэня, і другіх паэтаў, якія я пераклала для серыі «Светлыя знакі...». Дзякуй маёй памочніцы Дар'і Нечыпарук, якая рыхтуе падрадкоўнікі і фактычна выступае кансультантам многіх акалічнасцяў, што ўзнікаюць у рабоце над тэкстамі. Упэўнена, што ў нараджэнні такога творчага праекта ёсць пэўная заканамернасць. Яна ў тым, што з году ў год Кітай, Усход становяцца бліжэй да нас, да Еўропы. І чаму масты паразумення не трываліць менавіта праз мастацкую літаратуру, праз добрую і прыцягальную паэзію?!
Каміль Камал, жывапісец, кніжны графік:
— Для серыі «Светлыя знакі...» я аформіў ужо чатыры кнігі. Мне вельмі цікава чытаць кітайскую паэзію ў перакладзе на беларускую мову. Знаходжу там шмат сімвалаў, цікавых мастацкіх вобразаў. Асабліва здзіўляе мяне класіка. Кітайцы ўвогуле вялікія малайцы, што столькі стагоддзяў трымаюць у сваёй нацыянальнай памяці ранейшыя традыцыі вершаскладання, памятаюць паэтаў першага тысячагоддзя і нават тых, хто пісаў вершы яшчэ ў другім-трэцім стагоддзях да нашай эры. Такі «ўзрост» памяці не можа не захапляць!..
Дар'я Нечыпарук, выкладчык кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:
— Да перакладаў вершаў для серыі «Светлыя знакі...» заахвочваю студэнтаў, аспірантаў, якія ведаюць, вывучаюць кітайскую мову. Такім чынам, творчы, выдавецкі кніжны праект носіць і адукацыйны характар, што па сённяшнім часе ўсталявання, пашырэння кантактаў Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі вельмі важна.
Гутарыў Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/svetlyya-znaki-paety-kitaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/mikola-myatlicki
[6] https://zviazda.by/be/tags/yuliya-aleychanka
[7] https://zviazda.by/be/tags/kamil-kamal
[8] https://zviazda.by/be/tags/darya-nechyparuk